Гаманіў восеньскі кірмаш

У мінулую суботу ўсе гарадскія сцежкі вялі ў Жыткавічах да цэнтральнай плошчы, дзе ўжо з васьмі гадзін раніцы выстройваліся машыны, што прыехалі гандляваць самай разнастайнай сельгаспрадукцыяй.


— Купляйце, калі ласка, не пашкадуеце, а наадварот дзякаваць будзеце, — гасцінна запрашалі да сваіх “міні-падворкаў” ветлівыя гаспадары. А тут бульба і капуста, морква і ячмень, авёс і трацікале, мёд і камбікорм. Ды хіба ўсё пералічыш — да патрэб пакупнікоў таксама гарошак, кукуруза, яблыкі, кетчуп. Гамоняць між сабою гусі (100 тысяч адна галава), рохкаюць парасяты (1 кілаграм – 32 тысячы рублёў). Канечне, кірмаш патрабуе грошай, але хто запланаваў купіць тую ці іншую прадукцыю, той застаўся задаволены.


— Вось купіў морквы і не шкадую, — гаворыць Уладзімір Ярэміч. — Кірмаш — штука добрая, патрэбная ўсім, асабіста я задаволены. Тым больш што гэта толькі першая субота, а надалей усё як мае быць адшліфуецца.


Багата прадстаўлена прадукцыя КСУП “Бялёў”, “Марохараўскі”, “Коленскае”, “Людзяневічы”, акцыянернага таварыства “Тураўшчына”. У продажы таксама сажалкавая рыба. Якія думкі, уражанні ў людзей ад першага кірмашу ў нашым райцэнтры?


— Пачатак зроблены нядрэнны, — лічыць Лідзія Прыбалавец. — Вось мне трэба пшаніца. Заказала і прывязуць дадому.


— Нешта не помню раней, каб былі такія экзатычныя птушкі, як паўліны, фазаны, — гаворыць Мікалай Марцынкевіч. — Так што хто нічога і не купіў, дык хоць палюбавацца было чым.


Кантроль за работай кірмаша ажыццяўляюць адказныя работнікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Гучыць музыка. Наведаў кірмаш, пацікавіўся, як б’ецца яго пульс старшыня Жыткавіцкага райвыканкама Мікалай Какора, якому ўручылі хлеб-соль.


Яшчэ доўга гаманіў кірмаш на цэнтральнай плошчы райцэнтра. Жадаючыя маглі набыць патрэбныя сельгаспрадукты, альбо заказаць неабходныя на наступны кірмаш. Бо гэта ж толькі пачатак…


С. ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.