З аптымізмам у дзень заўтрашні

Не толькі работнікі сельскай гаспадаркі штогод падводзяць вынікі сваіх намаганняў і прафесіяналізму клапатлівай, шчодрай, заможнай восенню. Па даўняй добрай традыцыі ў трэцюю нядзелю верасня рысу пад зробленым напярэдадні свайго прафесійнага свята падводзяць і работнікі лесу. А найбольш багатая біяграфія сярод мясцовых калектываў у нас, на Жыткаўшчыне, канечне ж, у адкрытага акцыянернага таварыства “Жыткавічлес”, якое ў мінулым годзе дастойна адзначыла 80-годдзе з дня свайго заснавання і актыўнай лесанарыхтоўчай дзейнасці.


За тыдзень да свята пульс акцыянернага таварыства, як правіла, пачашчаецца. І мы яшчэ раз пераканаліся ў гэтай нязменнай аксіёме, пабываўшы там на пачатку бягучага тыдня. На першым плане, безумоўна, былі пытанні вытворчай дзейнасці, дэталёвы аналіз работы за мінулы тыдзень і выпрацоўка плана работы на дзень сённяшні і на перспектыву. Усе яны знайшлі сваё адлюстраванне на планёрцы, якую правёў выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара ААТ “Жыткавічлес” Сцяпан Кудрыцкі. Толькі на гэтым ранішнія клопаты не завяршыліся, на парадак дня выйшлі пытанні правядзення перадсвяточнага агеньчыка, на якім лесанарыхтоўшчыкі атрымаюць грашовыя прэміі, граматы. Да гэтага дадаліся і турботы з нагоды хуткіх асенніх кірмашоў і забеспячэння ветэранаў леспрамгаса, увогуле ўсіх жадаючых працаўнікоў калектыву бульбай, другой сельскагаспадарчай прадукцыяй.


— Як бачыце, спраў хапае, — гаворыць Сцяпан Іванавіч. — А ўвогуле ў заўтрашні дзень мы глядзім упэўнена, з аптымізмам. І для гэтага ў нас ёсць усе падставы. Па-першае, згодна нашых падлікаў, лесафонду нам хопіць для паўнавартаснай работы ўсіх нашых участкаў да новага года. Па-другое, маем у сваім арсенале неабходную тэхніку і механізмы, каб надзейна працаваў увесь лесанарыхтоўчы канвеер. Галоўнае зараз — арганізавана наладзіць усю справу, каб даваць больш прадукцыі і атрымліваць больш выручкі.


Штораніцы новы рабочы дзень для лесанарыхтоўшчыкаў пачынаецца з лесапункта ў 7 гадзін. Начальнікам яго, з сакавіка бягучага года, працуе Аляксандр Савіч, які да гэтага быў майстрам лесу. Яшчэ з вечара ён разам з дыспетчарам плануе ўсе заўтрашнія работы: якім лесавозам кіравацца на дзялянкі, якая тэхніка застаецца на рамонце. І з раніцы ўжо вялікі двор лесапункта напамінае сабой растрывожаны вулей, у якім кожны працуе па строга акрэсленаму плану. Вадзіцелі атрымліваюць пуцёўкі, выязджаюць на запраўку і накіроўваюцца ў лясныя ўрочышчы. Згодна слоў Аляксандра Уладзіміравіча, тэхнічны патэнцыял для вядзення ўсіх работ тут маецца немалы. Гэта тры лесавозы з гідраманіпулятарамі для пагрузкі хлыстоў, два новыя МАЗы з гідраманіпулятарамі для адвозкі сартыментаў. У рэжыме самаабслугоўвання працуе таксама адзін магутны КРАЗ-сартыментавоз, прызначаны для вывазкі нарыхтаванай прадукцыі з забалочаных, цяжкадаступных лесасек. Акрамя гэтага маецца таксама 8 простых МАЗаў-лесавозаў і 2 КРАЗы для адвозкі лесапрадукцыі.


— Раней у дзялянках працавалі гусенічныя трактары, але зараз мы ад іх пазбавіліся, — уводзіць у курс спраў начальнік лесапункта. – Зараз на ўсіх майстарскіх участках па лесанарыхтоўцы працуюць новыя трактары ТТР-401 нашай айчыннай вытворчасці. Да іх далучыліся таксама 3 новыя МПТ-462 з гідраманіпулятарамі для вывазкі сартыментаў з забалочаных лесасек.


Цяпер, як распавёў нам Аляксандр Уладзіміравіч, актыўна ідзе абнаўленне кадраў, на тыя ж магутныя лесавозы прыходзяць маладыя вадзіцелі, і старэйшыя ахвотна дзеляцца з імі сваім набытым багатым вопытам, каб лясная справа трапіла ў надзейныя рукі. Тым больш што рытм, напружанне работы тут высокія – асобныя лесавозы пасля працоўнага дня прыбываюць на лесапункт не раней 19 гадзін вечара. Зрэшты, яно і не дзіўна, бо, напрыклад, з таго ж Буйнавіцкага лясніцтва Лельчыцкага раёна “плячо” перавозкі драўніны складае аж 114 кіламетраў…


Надзейнымі памочнікамі ў рабоце начальніка лесапункта, па яго словах, застаюцца тэхнарук Аляксандр Рагалевіч, механік рамонтных майстэрняў Андрэй Лоўгач, дыспетчар Станіслаў Дзерангоўскі. Не забываюць яны і пра добраўпарадкаванне падведамаснай ім тэрыторыі: будзе тут новая альтанка, парадуюць вока гаспадароў і гасцей свежыя клумбы. Працягваюцца работы і па паляпшэнні бытавых умоў працаўнікоў лесапункта.


Штодзённа 6 майстарскіх участкаў нясуць напружаную працоўную вахту ў лясных масівах Жыткавіцкага і Петрыкаўскага, Любанскага і Лельчыцкага раёнаў. Па выніках працоўнага саперніцтва лепшыя дасягненні на рахунку Тураўскага і Людзяневіцкага майстарскіх участкаў, якімі кіруюць Юрый Саўчыц і Андрэй Корж. Ёсць свае пераможцы і сярод вытворчых падрадзяленняў гэтых участкаў. У Тураўскім гэта брыгада Аляксандра Цішко, а ў Людзяневіцкім — Андрэя Хаткевіча.


— За восем месяцаў года прадпрыемствам было нарыхтавана 73,1 тысячы кубічных метраў драўніны, што складае 101,6 працэнта, — падсумоўвае агульныя вынікі напярэдадні свята галоўны эканаміст ААТ “Жыткавічлес” Аляксандр Сулкоўскі. — Важкія здабыткі таксама маем па вывазцы, распілоўцы драўніны, па выпуску піламатэрыялаў. А нарошчванне аб’емаў распілоўкі драўніны на верхнім лесаскладзе да адпаведных 8 месяцаў 2010 года склала 174,1 працэнта. Нягледзячы на адсутнасць лесасечнага фонду для падсочкі і цяжкасці з кадрамі было здабыта 156,1 тоны смалы-жывіцы, альбо 100,7 працэнта да плана. У цэлым таварнай прадукцыі ў дзеючых цэнах было атрымана на 10 мільярдаў 502 мільёны рублёў, што да студзеня-жніўня 2010 года склала 142,3 працэнта. Сярэднемесячная зарплата калектыву, у якім працуе 345 чалавек, за 8 месяцаў года вырасла да мінулагодняга на 157,2 працэнта.


Важнейшае звяно вялікага дрэваперапрацоўчага канвеера – ніжні склад леспрамгаса, дзе наладжана раздзелка лясной сыравіны на сартыменты. Як лічыць старшы майстар Юрый Калоська, многае тут залежыць ад зладжанай, умелай работы стропальшчыкаў, якія грузяць сартыменты ў вагоны, а таксама выкідваюць іх з “кішэняў”-накапляльнікаў пры распілоўцы драўніны. Робіцца ўсё для таго, каб не было прастояў, бо ў апошні час значна выраслі патрабаванні з боку чыгункі да пагрузкі сартыментаў у паўвагоны. Праблема няхваткі чыгуначных вагонаў цяпер часта выходзіць у шэраг першачарговых. Па гэтай прычыне бываюць збоі з пастаўкай прадукцыі спажыўцам. І не сакрэт, што такія затрымкі адмоўна адбіваюцца на якасці лесапрадукцыі: яна чарнее, трэскаецца пад сонцам і дажджом, губляе свае таварныя якасці. Да таго ж немалая зношанасць і ўсіх механізмаў, хаця служба механізацыі, не лічачыся з асабістым часам, робіць усе магчымае, каб аднавіць няспраўныя агрэгаты, вобразна кажучы, уліць у іхнія жылы другое жыццё. І агульныя намаганні даюць свой плён: штомесячна заданні калектыў ніжняга склада стараецца выконваць на 112-115 працэнтаў. Дробнатаварная драўніна перапрацоўваецца ў палетную дошку і адпраўляецца на экспарт. Задавальняюцца і патрэбы ўнутранага рынка. Лепшай па распілоўцы на ніжнім складзе лічыцца брыгада Аляксандра Пракаповіча, а на адгрузцы лесаматэрыялаў спажыўцам самыя важкія здабыткі на рахунку брыгады Алега Башынскага.


Што і казаць, у калектыве працуе нямала прафесіяналаў сваёй справы, заслужаных работнікаў лясной галіны. Сярод іх вадзіцелі лесавозаў Аляксандр Башкевіч, Уладзімір Гром, вадзіцелі па вывазцы сартыментаў Уладзімір Друк, Якаў Палхоўскі, Іван Сіманенка, старшыня прафкама, начальнік аддзела збыту Уладзімір Ляўковіч, майстар Людзяневіцкага ўчастка па здабычы жывіцы Аляксандр Севярын, уздымшчыкі смалы Мікалай Галавач, Валянціна Сафонава і многія другія. Асобным радком хацелася б сказаць пра Хваенскі ўчастак па лесапіленні, які ўзначальвае энтузіяст сваёй справы старшы майстар Анатоль Герман. Лепшымі тут з’яўляюцца брыгады Сяргея Ільені і Анатоля Касюка. А з пачатку года да 8 месяцаў мінулага тут было выпушчана піламатэрыялаў на 111,9 працэнта. Участак як быццам бы знаходзіцца наводшыбе акцыянернага таварыства, але калі ўзважыць яго штомесячную аддачу, то з поўным правам можна канстатаваць, што ён сапраўды на ўдарнай перадавой і дастойна сустракае сваё свята. 


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.