Большай паспяховасці ў працы
Грунтоўны аналіз работы жывёлагадоўчай галіны раёна быў зроблены на нядаўна прайшоўшым семінары. Яго ўдзельнікамі былі кіраўнікі і спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, сельгаспрадпрыемстваў, раённых службаў. Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прыняў і старшыня рённага выканаўчага камітэта Мікалай Какора.
Мэты практычнай часткі семінара акрэсліў начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Наўныка. Як ім было адзначана напачатку мерапрыемства, наспела неабходнасць яшчэ раз дасканальна спыніцца на асноўных момантах тэхналогіі вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, бо пакуль працаўнікам ферм не ўдаецца дабіцца тых паказчыкаў, якіх ад іх чакаюць. Таму на ферме вёскі Дуброва, якая належыць КСУПу “Марохараўскі” асноўная ўвага ўдзельнікаў семінара і была скіравана на тэхналогію вытворчасці.
Як вядома, малако ў каровы на языку. Менавіта з арганізацыі кармлення жывёлы падчас зімоўкі і распачалі сваю працу кіраўнікі і спецыялісты. Адзначалася, што кармоў сёлета назапашана для патрэб жывёлагадоўлі дастаткова. Цяпер галоўная задача выкарыстаць іх з максімальнай аддачай, пры рацыянальным расходаванні. Для гэтага не так і шмат патрабуецца намаганняў: рыхтаваць паўнацэнныя кормасумесі, змешваючы сянаж, кукурузны сілас, камбікармы.
Спецыялізаваная тэхніка маецца для гэтай аперацыі ва ўсіх гаспадарках. Важнай умовай тут павінна быць, каб прыгатаваны корм увесь час быў аднатыпны. А то, як атрымліваецца. Даводзілася спецялістам, напрыклад, адзін дзень у кормасумесь дабавяць бульбы ці гародніны, а на другі – не. Жывёла на такія перамены рэагуе імгненна, што адмоўна адбіваецца на надоях.
Дэталёва абмеркавалі ўдзельнікі семінара і рэжым работы ферм падчас зімова-стойлавага ўтрымання статка. Патрабаванне тут адно: кармленне, даенне, выгул жывёлы – усё павінна выконвацца строга па распарадку, у вызначаныя гадзіны. Як зазначыў кіраўнік раёна Мікалай Какора, збояў тут быць не павінна.
Утрыманне цялят у клетках-доміках – яшчэ адзін момант, на якім засяроджана ўвага прысутных. Найперш, гэтых збудаванняў павінна быць на кожнай ферме ў дастатковай колькасці. Таксама домікі для цялят павінны скарыстоўвацца згодна ўсіх тэхналагічных патрабаванняў, што дазволіць больш эфектыўна вырашаць набалелую праблему невытворчага выбыцця маладняка, а таксама мець высокія прывагі. Працяг абмеркавання гэтай тэмы меў і ў адным з фермскіх памяшканняў, дзе ўтрымліваліся цяляты ва ўзросце ад дваццаці дзён да шасці месяцаў.
Было добра відаць па фізіялагічнаму стану жывёлы, што дзякуючы стараннасці даглядчыц, іх гадаванцы штодня прыбаўляюць больш чым па сямсот грамаў у вазе. А гэта сведчанне таго, што і корм неабходны атрымліваюць цяляты своечасова, і догляд за імі належны наладжаны.
Закранута на семінары і такое важнае пытанне, звязанае з вытворчасцю малака, як раздой першацёлак. На дуброўскай ферме гэтая работа вядзецца ў спецыяльным памяшканні. Дарэчы, яго нядаўна абсталявалі малакаправодам, што значна аблягчае працу аператараў машыннага даення. Адразу кінуліся ў вочы адметныя меткі, нанесеныя фарбай на цялушак. Так, патлумачылі спецыялісты, жывёла падзяляецца па велічыні надояў і значна аблягчае справу па агранізацыі яе кармлення. Высокаўдойным каровам адпаведна выдзяляецца і большая порцыя канцэнтратаў.
Азнаёміліся ўдзельнікі мерапрыемства і з зусім незвычайным аб’ектам, які ўзнік нядаўна на дуброўскай ферме. Гэта склад для захоўвання патакі. Яго будаўніцтва прадыктавана некалькімі прычынамі. Па-першае, каштоўны корм такім чынам захоўваецца ад пападання туды чужародных рэчываў, якія могуць сапсаваць яго спажыўныя якасці. Па-другое, зробленыя пад ёмістасцямі печы дазволяць разаграваць патаку і ў самыя моцныя маразы, і ўводзіць яе ў рацыён жывёле не толькі ў цёплае надвор’е. Практыка паказвае, што каровам такі корм вельмі неабходны.
З дуброўскай фермы ўдзельнікі семінара перамясціліся на машынны двор гаспадаркі. Многія адразу заўважылі тыя станоўчыя перамены, што тут адбыліся апошнім часам. Двор заасфальтавалі, расставілі тэхніку, ачысцілі яго ад друзу. На цяперашні час актыўна вядзецца пастаноўка тэхнікі на зімовае захоўванне. З’явіцца ў гаражы і мыйка, што таксама дабавіць парадку на аб’ектце, бо тэхніка будзе заязджаць у гараж чыстай.
— Добраўпарадкаванне вытворчых аб’ектаў – гэта другая важная задача пасля вытворчай дзейнасці, — адзначыў прысутным старшыня райвыканкама. — І кіраўнікам гаспадарак, спецыялістам патрэбна працаваць у гэтым накірунку больш плённа і актыўна. Прычым аказаць дапамогу наводзіць парадак сельгаспрадпрыемствы павінны і ў населеных пунктах. Палявыя работы завяршаюцца, тэхніка вызваляецца і яе патрэбна задзейнічаць на добраўпарадкаванні. Працы ў гэтым плане ў раёне яшчэ шмат.
Галоўнай умовай паспяховага рамонту машынна-трактарнага парку да сельскагаспадарчых кампаній наступнага года, па меркаванню Мікалая Какоры, з’яўляецца стварэнне належных умоў для дзейнасці рамонтных брыгад у майстэрнях. І найперш, павінна быць наладжана іх ацяпленне.
Падчас практычнай часткі семінара яго ўдзельнікі наведалі і шэраг аб’ектаў камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Чырвоны Бор”. Тут таксама былі закрануты найбольш значныя пытанні развіцця сельгасвытворчасці.
Асноўны ж аналіз работы аграрнай галіны раёна за дзевяць месяцаў бягучага года быў зроблены на пленарным пасяджэнні, якое адбылося ў гарадскім цэнтры культуры. Вынікі дзейнасці агучыла намеснік начальніка райсельгасхарчу Галіна Чорная. Яна падрабязна спынілася не толькі на станоўчых момантах дзейнасці працаўнікоў вёскі, але і тых адмоўных тэндэнцыях, што не дазваляюць пакуль працаваць больш вынікова. На гэтым у сваіх выступленнях акцэнтавалі ўвагу і галоўны ветэрынарны ўрач раёна Мікалай Сяргейчык, начальнік райплемстанцыі Адам Аліфяровіч, галоўны інжынер райсельгасхарчу Андрэй Ляшкевіч. Дзе недапрацоўваюць вяскоўцы па навядзенню парадку, прысутныя даведаліся падчас дэманстрацыі фотаздымкаў, на якіх былі занатаваны сляды безгаспадарчасці.
Зразумела, што і адзнакі дзейнасці аграрыяў раёна былі выстаўлены не самыя высокія. А гэта значыць адно, што ад працаўнікоў вёскі чакаюць большай паспяховасці пры вырашэнні пастаўленых перад імі задач.
С. БЕЛКА.