Крыніца творчага натхнення

Парк імя М. Гамолкі сустракаў гасцей свята залівістымі пералівамі гармонікаў ды звонкімі песнямі.


Вакол дарожкі ў парк размясцілася выстава сельгаспрадукцыі, якую падрыхтавалі гаспадаркі раёна. А ў самім парку ўся дзея разварочвалася ля падворкаў сельсаветаў. Сёлета іх тэматычнае афармленне тычылася народнай каляндарна-абрадавай творчасці. Відавочна, поле для фантазіі гаспадароў падворкаў было даволі вялікім, таму і атрымалася ўсё вельмі відовішчна і прыгожа. Кожны падворак чакаў прыходу гасцей на сваё свята: нехта на Вялікдзень, іншыя на Тройцу, Каляды, на Пакровы і другія, якіх вельмі шмат у земляробчым годзе. Зразумела, што гаспадары да прыёму гасцей, а ў ролі апошніх выступілі прадстаўнікі раённай улады, рыхтавалі самыя лепшыя пачастункі, самыя вясёлыя песні і танцы. Такая традыцыя ў беларусаў. І на сельсавецкіх імправізаваных падворках яна не была парушана. Нялёгка камісіі прыйшлося, каб вызначыць чый жа падворак самы гасцінны, самы прыгожы і самы музыкальны. Усюды сустракалі і чаркай, і шкваркай, ды песняй звонкай. У гэтым саперніцтве падворкаў камісія перамогу прысудзіла Азяранскаму сельсавету. Прызёрамі сталі Тураўскі гарадскі і Ленінскі сельскі Савет.


Не сціхалі на працягу ўсяго свята песні і на сцэне, якая размясцілася ў глыбіні парку. Тут рэй вялі самадзйныя артысты з клубных устаноў раёна. Песнямі і прыпеўкамі спевакі так і сыпалі гледачам на радасць.


Азартна праходзіла і вясёлая рыбалка, якую ладзілі рыбгасы. Нягледзячы на праліўны дождж мужчыны нават агаляліся да пояса, каб спаймаць у чане як мага больш рыбін. Вёўся ў парку і гандаль рознымі стравамі і кулінарнымі вырабамі, а таксама гарачымі шашлыкамі.


Свой уклад у агульны святочны настрой унеслі і бібліятэкары. Іх пляцоўка, што раскінулася ля ўваходу ў бібліятэку, была насычана шматлікімі выставамі літаратуры , яе навінак, а таксама кніг, на якія ў свой час аўтары паставілі аўтографы. У самой жа ўстанове ладзілася вялікая літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная роднаму гораду. Галоўнай яе дзеяй было творчае саперніцтва мясцовых паэтаў, якія прыехалі на свята горада з усіх куточкаў раёна.


Усе праведзеныя мерапрыемствы сталі вялікай крыніцай творчага натхнення і асалоды для кожнага гараджаніна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.