Парушэнняў меншае
Чарговы рэйд мабільнай групы райвыканкама па арганізацыях і прадпрыемствах раёна, які быў праведзены днямі, засведчыў, што ў плане стварэння бяспечных умоў працы ў калектывах яшчэ маюцца недахопы.
Першая арганізацыя, куды завітала мабільная група, стала адкрытае акцыянернае таварыства “Жыткавіцкі агратэхсервіс”. Некалькі хвілін чакання прадстаўніка прадпрыемства — і члены групы распачалі сваю дзейнасць. У першым жа вытворчым памяшканні ўвагу прыцягнулі ямы для агляду тэхнікі. Іх бакавіны патрабуюць рамонту. Чарговае парушэнне таксама вышукваць доўга не давялося. Яго выявілі, калі праходзілі ля аднаго са зварачных апаратаў. Так званы трымальнік электродаў быў выраблены кустарным спосабам. Дарэчы, гэты недахоп — з’ява вельмі распаўсюджаная на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Яшчэ ў адным з цэхоў таварыства члены групы зацікавіліся аўтамашынай, якая неахайна была ўстаноўлена на спецыяльных прыстасаваннях. Як патлумачылі прадстаўнікі агратэхсервіса, гэты аўтамабіль спісаны і яго выкупіў у прыватнае карыстанне адзін з работнікаў. Канечне, зразумець спецыялістаў можна, навошта адказваць за чужую ўласнасць, тым больш, калі яе хутка забяруць. І ўсё ж яна пакуль стаіць у цэху, а значыць, каля яе ходзяць работнікі прадпрыемства. Усё можа здарыцца.
На вытворчыя аб’екты райагратэхсервіса мабільная група з праверкай наведвалася неаднойчы. І скажам, што ў параўнанні з ранейшымі візітамі кіраўніцтва таварыства рэагуе на выказаныя заўвагі, хаця не так, як хацелася б, але правільна. Напрыклад, у балонах для зварачных апаратаў замянілі ўсе манометры на новыя, прыбралі і лесвіцы, якія не адпавядалі патрабаванням бяспекі працы, купілі завадскія казялкі для рамонту энерганасычаных трактараў, выправілі і іншыя заўвагі. І ўсё ж, як паказаў рэйд, папрацаваць мясцовым спецыялістам давядзецца, каб давесці ўсё да ідэальнага стану.
Паралельна медработнік, які ўваходзіць у склад групы, праверыў з дзесятак працаўнікоў таварыства на ўтрыманне алкаголю ў іх арганізме. П’яных у рабочы час на прадпрыемстве выяўлена не было. Гэта яшчэ адзін станоўчы момант, які цесна звязаны з бяспекай на вытворчасці ў агратэхсервісе.
З мэтай кантролю праходзіла і праверка ў адасобленым структурным падраздзяленні Жыткавіцкага спажывецкага таварыства “Кааптранс”. Тут таксама ўжо група працавала неаднойчы. Таму яе з’яўленню на сваёй вытворчай тэрыторыі рабочыя транспартнікі не здівіліся. Кіраўнік асабіста вызваўся суправаджаць групу, распарадзіўся, каб працаўнікі сабраліся для медыцынскага агляду. Забягаючы наперад, скажам, што і тут нецвярозых не выяўлена.
— Шляхі “адступлення” для работнікаў перакрылі? — пацікавіліся члены групы ў кіраўніка.
— Канечне, лесвіцы паламалі, а агароджу змазалі, — адказаў той.
Нездарма на гэтым была акцэнтавана ўвага. Падчас аднаго з рэйдаў работнікі гэтай арганізацыі, каб не праходзіць медыцынскі агляд, проста збеглі сваімі “тайнымі сцежкамі” ад членаў мабільнай групы. Цяпер гэтага не адбылося. Зараз кіраўніцтву “Кааптранса” неабходна ўзмацніць кантроль за тым, як рабочыя захоўваюць правілы тэхнікі бяспекі пры выкананні рамонтаў тэхнікі. Красамоўны прыклад. Вадзіцель рамантуе машыну, а вось зафіксаваць яе, згодна патрабаванняў тэхнікі бяспекі, не пастараўся. Хаця побач меліся для гэтага неабходныя прыстасаванні. Зноў жа дробязь, але наступствы з-за яе могуць быць несуцяшальнымі.
Пасля аўтатранспартнай арганізацыі мабільная група завярнула на прадпрыемства міліярацыйных сістэм. Безумоўна, усе яе члены адзначылі старанні кіраўніцтва меліяратараў па стварэнню належных бытавых умоў на вытворчасці. Вынік гэтай працы: цудоўная душавая з раздзявалкай. Ды і адміністрацыйны будынак папрыгажэў. А вось у майстэрнях правяраючыя адразу знайшлі недахопы. Трактар устаноўлены замест металічных казялкоў на калоду, рыштаванні для будаўнічых работ таксама не адпавядалі патрабаванням, інструкцыі па ахове працы, вывешаныя ля станкоў, таксама патрабуюць абнаўлення, зварачны апарат быў без ахоўнага кожуха і яшчэ некалькі нязначных парушэнняў.
Вынік чарговага рэйду мабільнай групы: выяўленых з дзесятак дробных парушэнняў аховы працы і ніводнага нецвярозага на вытворчасці. Гэта, па меркаванню спецыялістаў групы, ужо станоўчы зрух наперад у бяспецы людзей на вытворчасці ў параўнанні з тым часам, калі група толькі распачала сваю працу. Тады і п’яных выяўлялі на прадпрыемствах на рабочых месцах, і больш значныя парушэнні па ахове працы, бывала з дзесятак толькі ў адной арганізацыі, і непарадак. Цяпер, як ужо адзначалася, такія з’явы рэдкасць. Менавіта на бяспеку работнікаў на вытворчасці і працуе мабільная група райвыканкама.
С. БЕЛКА.