Педагог у трэцім пакаленні

ЗДАЎНА КАЖУЦЬ і па-ранейшаму існуе думка аб тым, што, маўляў, тое сапраўднае дзіцё, якое, вырасшы, пачэсна працягвае ганаровую справу сваіх бацькоў. Дачушка ідзе па сцежцы маці, сын доўжыць бацькаву дарогу. Калі так, то Наталлі Парфіяновіч у гэтым сэнсе добра пашчасціла, бо яна адразу ўзяла гэтую эстафету з рук як маці, так і бацькі – абодва ўсё сваё жыццё аддалі школе, дзецям, добраахвотна, па закліку сэрца, па прызванні паклалі свае веды, часцінку душы, набыты вопыт на шчодры алтар народнай адукацыі.


— А пачатак ідзе ад майго дзеда Адама Фёдаравіча Меляшчэні, матулінага бацькі, — не хаваючы цеплыні ў голасе, з вялікай пашанай гаворыць Наталля Іванаўна. — У вёсцы Чэрнічы ён быў сапраўдным народным настаўнікам, дырэктарам школы, які даў пуцёўку ў вялікае жыццё не аднаму пакаленню хлопчыкаў і дзяўчынак. Дзядуля і па сённяшні дзень застаецца для мяне тым нязгасным маяком, на які трэба раўняцца.


Наталля нарадзілася ў вёсцы Юркевічы, з залатым медалём закончыла мясцовую сярэднюю школу. Разам з іншымі педагогамі яе вучылі і яе бацькі Іван Іванавіч і Святлана Адамаўна — настаўнікі, што называецца, ад Бога, для якіх кожны дзень у школе, кожны новы ўрок былі яшчэ адным жаданым крокам у нязведанае, яшчэ адной старонкай бясконцай творчасці, бо прафесію сваю яны выбіралі свядома. Дзяўчына расла ў педагагічным асяроддзі, у атмасферы творчасці, заўсёдных пошукаў і знаходак. Бацькі ніколі не адгаворвалі сваё дзіця стаць настаўніцай, маўляў, навошта табе гэтая катарга з дзецьмі, знайдзі спакайнейшую работу. Яны проста не маглі так сказаць, бо любілі сваю работу, ішлі на яе без усялякага прымусу. І няхай яна часам у нечым і была катаргай, але гэта была салодкая катарга… Дык як на такім маляўнічым, шматколерным лузе не было вырасці яшчэ адной яркай кветцы?..


Вось чаму, атрымаўшы атэстат сталасці, выпускніца ні на хвіліну не сумнявалася ў выбары сваёй жыццёвай дарогі і падала дакументы на факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. І вось — слаўны, незабыўны ніколі час студэнцтва. Толькі хутка, ой як хутка ляцяць гэтыя залатыя гады. І вось ужо на руках дыплом і накіраванне ў Жыткавіцкі раённы аддзел адукацыі, а адтуль – у Дуброўскую сярэднюю школу. Ехала, а сэрца хвалявалася: як сустрэне калектыў, ці заладзяцца першыя ўрокі, як увогуле пойдуць справы на першым новым месцы? Было гэта ў 1996 годзе.


— Вы ведаеце, мяне вельмі гасцінна, добразычліва прыняў настаўніцкі калектыў, — успамінае Наталля Іванаўна, — таму і светла было працаваць. Я і па сённяшні дзень вельмі ўдзячная дырэктару школы Анатолю Пашынскаму, яго намеснікам па вучэбнай і выхаваўчай рабоце Наталлі Яфімовіч і Жанне Лясько, усім педагогам.


За год работы настаўніцай пачатковых класаў Дуброўскай сярэдняй школы прыйшоў пэўны вопыт. Затым педагагічны багаж падрос у сценах роднай Юркевіцкай сярэдняй, дзе падтрымку малады педагог адчувала кожным крокам, кожным подыхам сваіх калег і землякоў.


А пачынаючы з 1997 года і па сённяшні дзень Наталля Іванаўна працуе ў Жыткавіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе №2. Прыйшла сюды на нялёгкую, клапатлівую, надзвычай адказную пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Шырокае гэта кола абавязкаў, што там казаць… Часам не акрэсліш яго берагі. Тым больш што школа гарадская. А што ў яе тады было за плячыма? Безумоўна, было нялёгка, складана. Ды яна заўсёды памятала бацькоў ды дзядулю Адама Фёдаравіча. А цяжкасці пакрысе скараліся на шляху мэтанакіраванай, працалюбівай дзяўчыны. На ўсё хапала часу. Нават атрымаць яшчэ адну вышэйшую адукацыю: пасля двухгадовай вочна-завочнай вучобы ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі горада Мінска яна стала яшчэ і настаўніцай англійскай мовы.


Такім чынам, з сёлетняга навучальнага года Наталля Іванаўна памяняла ў школе свой статус: цяпер яна выкладае англійскую мову ў 3, 5, 6 і 10 класах і з’яўляецца класным кіраўніком 10 класа. Іх, выхаванцаў, у яе 17, у тым ліку 8 хлопчыкаў. У вачах педагога загараюцца агеньчыкі, калі яна гаворыць пра сваіх падапечных.


— Скажыце, Наталля Іванаўна, ці адчувае настаўнік аддачу ад сваёй работы, у чым яна выяўляецца? Бо, здаецца ж, няма такіх вагаў і шаляў…


— Для мяне асабіста галоўны фактар і паказчык заключаецца ў тым, ці захочацца потым нашым выпускнікам прыйсці ў сваю школу, сустрэцца з табой, паздароўкацца, расказаць пра сябе. Нават праз 10 і 15 гадоў. Школа, работа педагога не дае настаўніку старэць душою, за што я і люблю гэту прафесію. Мая маці і зараз працуе ў Юркевіцкай школе, застаючыся маладой душою, і сёлета спаўняецца 40-годдзе яе педагагічнай працы. А бацькі ў мінулым годзе не стала. Ад яго ў сваёй рабоце я шмат узяла як ад педагога, а ад маці як ад адміністратара. І яшчэ хачу дадаць, што самі школьнікі, іх энергія служаць для мяне крыніцай творчага натхнення. Калі бачу, што дзіцё шчаслівае, то і мне радасна ўсведамляць, што я – крыніца яго шчасця.


Наталля Іванаўна ўдзячна лёсу, што яна працуе менавіта ў гэтай школе, дзе такі творчы калектыў і шмат здольных вучняў. І хаця яна любіць больш працоўныя будні, чым святы, напярэдадні Дня настаўніка хоча пажадаць, каб у педагогаў ніколі не згасла жаданне тварыць, працаваць у калектыве аднадумцаў і ўдала рэалізоўваць патэнцыял вучняў. Што ж, да гэтых пажаданняў застаецца толькі далучыцца…


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.