Працоўная перамога Макарэвіча
Сёння ў горадзе Маладзечна праходзіць традыцыйнае рэспубліканскае свята хлебаробаў краіны «Дажынкі-2011». У ліку лепшых працаўнікоў вёскі рэспублікі на ім ушанавана і стараннасць нашага земляка — механізатара КСУПа «Чырвоны Бор» Аляксандра Макарэвіча.
У гэтым годзе Аляксандр Аляксандравіч вельмі плённа працаваў на сенажацях і лугах роднай гаспадаркі падчас корманарыхтоўчай кампаніі. На сваім магутным «Беларусу» ён перавозіў травяную масу да сянажных траншэй. Працаваў механізатар, не лічачыся з часам, — пачынаў работу ў чатыры гадзіны раніцы, а заканчваў а дзявятай вечара. Таму і дабіўся значнага выніку — перавёз за сезон больш за чатыры з паловай тысячы тон травянога корму.
— Безумоўна, не думаў, што стану прызёрам рэспубліканскага саперніцтва сярод корманарыхтоўшчыкаў, — гаворыць Аляксандр Аляксандравіч. — Проста сумленна выконваў свае абавязкі. Да таго ў нашай гаспадарцы сёлета нарыхтоўка кармоў на зімоўку грамадскаму статку была арганізавана вельмі добра: вырашаны ўсе пытанні, у чым вялікая заслуга нашага дырэктара Сяргея Аляксандравіча Макарэвіча.
Значны ўклад унёс механізатар сёлета і ў ход іншых сельскагаспадарчых кампаній. У прыватнасці, гэтай восенню ён быў задзейнічаны на падрыхтоўцы глебы пад сяўбу азімых. І на гэтым участку Аляксандр Макарэвіч таксама не падвёў.
Дзесяць гадоў — такі меха-нізатарскі стаж Аляксандра Аляксандравіча. Менавіта столькі часу яму спатрэбілася, каб стаць сапраўдным майстрам хлебаробскай справы, дасканала авалодаць сучаснай тэхнікай.
Што працаўнік сельгаспрадпрыемства ўдзельнічае ў галоўным свяце хлебаробаў краіны, ганарацца ўсе ў гаспадарцы. Дарэчы, Макарэвіч не першы працаўнік КСУПа «Чырвоны Бор», які бярэ ўдзел у мерапрыемствах такога высокага ўзроўню. Як зазначыў дырэктар гаспадаркі Сяргей Макарэвіч, гэтую добрую традыцыю — «каваць» перадавікоў для краіны, тут будуць імкнуцца захоўваць і надалей. Усё для плённай працы ёсць: абнаўляецца машынна-трактарны парк сучаснай тэхнікай, ствараюцца належныя ўмовы для працы і быту механізатараў, распрацоўваюцца прымальныя матэрыяльныя стымулы, вырашаюцца іншыя пытанні працаўнікоў. Гэта і нацэльвае ўсіх членаў калектыва, як перакананы перадавік рэспубліканскага ўзроўню гаспадаркі Аляксандр Макарэвіч, толькі дабівацца высокіх паказчыкаў.
С. БЕЛКА.