У НАШЫМ ДОМЕ СЁННЯ СВЯТА

Хвалюючая хвіліна святочных урачыстасцей з нагоды 511-й гадавіны нараджэння Жыткавічаў распачалася са святочнага шэсця. І тут арганізатары падрыхтавалі нямала цікавых сцэнічных дзей. Экскорт матацыклістаў са сцягамі, калоны юнакоў і дзяўчат у казачных касцюмах – усё гэта зачароўвала, надавала гонару, што ў Жыткавічах падрастае такая годная змена. Бо ў калонах ішла моладзь, якая вызначылася ў розных конкурсах і спаборніцтвах.


Жыткавічы – гэта дынамічна развіваючыйся горад. Штогод тут уводзяцца ў эксплуатацыю новыя аб’екты сацыяльнага прызначэння, будуецца жыллё. Штодзённа ў горадзе вядуцца работы па яго добраўпарадкаванню. Адным словам, робіцца ўсё, каб жыткаўчанам жылося і працавалася ўсё лепш і лепш. Менавіта на гэтым зрабіў акцэнт старшыня райвыканкама Мікалай Какора ў сваім прывітальным слове да гараджан. Нямала цёплых слоў у адрас жыткаўчан было сказана і гасцямі свята Д. Баланіні, намеснікам кіраўніка італьянскага горада Тарэлія, Я. Паўліўскім, галавой адміністрацыі Берыслаўскага раёна Херсонскай вобласці. Дарэчы, сяброўскія сувязі з украінцамі — гэта доказ таго, што наш райцэнтр пастаянна наладжвае сяброўскія сувязі з рознымі народамі, бо на нашай зямлі ў дружбе і братэрстве пражываюць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей.


Дзень горада — гэта агульнае свята для ўсіх жыткаўчан. Яно аб’ядноўвае жыхароў райцэнтра ўсіх пакаленняў – людзей, чыімі намаганнямі раз-віваюцца і харашэюць Жыткавічы, і хто ў будучым працягне гэтую справу. Вельмі прыгожа праходзіла на сцэне ўшанаванне маладажонаў. На-доўга запомніцца цэрымонія заключэння шлюбу Раману Яхно і Яніне Ярмаш, Яўгену Арцюшэўскаму і Юліі Некрашэвіч, Дзмітрыю Корзуну і Святлане Ільені, якія злучылі свае сэрцы ў адзін саюз у дзень нараджэння горада. Сведкамі і гарантам іх шчасця стала не адна сотня жыткаўчан.


Ушанавалі на свяце і ганаровых грамадзян горада, якія ўнеслі значны ўклад у яго развіццё. Адзначылі на сцэне і тых, хто пастаянна клапоціцца аб добраўпарадкаванні нашага райцэнтра, робіць яго прыгажэйшым і маладзейшым. Званне “Дом узорнага парадку” прысвоена сядзібам Мікалая Прасяноўскага і Васіля Нямчэні. За ўклад у добраўпарадкаванне горада ўзнагароджаны і калектывы гарадской сярэдняй агульнаадукацыйнай школы нумар адзін, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і адкрытага акцыянернага таварыства “Жыткавічыхімсервіс”, а таксама майстар па азеляненню КУП “Жыткавіцкі камунальнік” Людміла Туравец і дворнік Наталля Масла.


Прыемныя эмоцыі на свяце перажылі Ганна і Сяргей Сыс. У гэтай сям’і напярэдадні свята горада нарадзілася дачка Сафія. І хаця дзяўчынка яшчэ зусім маленькая, але яна стала паўнапраўнай грамадзянкай Жыткавіч. Нялёгка расціць дзяцей, ахоўваць іх ад дрэнных учынкаў, пастаянна дапамагаць ім рыхтаваць урокі, прывучаць да працы, адным словам выхаваць так, каб яны сталі добрымі людзьмі. Менавіта гэта імкнуцца прывіваць сваім дзецям Людміла і Руслан Міхалковічы (аповед аб сям’і на 1-й і 5-й старонках). Іх бацькоўская праца ўшанавана на свяце горада.


Вяртанне духоўных каштоўнасцей дазваляе фарміраваць падмурак для любві. І гэта аснова ўсяго, з чым сустракаецца чалавек напрацягу жыцця. Менавіта ад таго, што мы ўкладаем у сэнс слова “Радзіма” залежыць, якую спадчыну мы пакінем нашчадкам. Урачыста на свяце намеснік старшыні праграмы “Сям’я – Аб’яднанне – Радзіма”, дырэктар Рэспубліканскага фестывалю сучаснай хрысціянскай культуры “Благовест”, паэт, кампазітар Вячаслаў Бабкоў уручыў у падарунак гораду ўнікальны рукапісны помнік беларускага пісьменства шаснаццатага стагоддзя Слуцкае Евангелле.


Завяршылася святочная дзея з нагоды дня нараджэння горада цудоўным канцэртам, які прыйшоўся даспадобы гараджанам і гасцям. Дарэчы, музычныя нумары гучалі на працягу ўсёй святочнай праграмы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.