Змену прымае механік Рамановіч

У той дзень Мікалай Рамановіч прыняў змену механіка кантрольна-прапускнога пункта філіяла №16 адкрытага акцыянернага таварыства “Гомельаблаўтатранс” аж у пяць гадзін раніцы, і калі мы завіталі на яго рабочае месца бліжэй да паўдня, то ў журнале ўліку выхаду і вяртання рухомага састава быў зроблены далёка не адзін запіс.


Усё занатавана зразумела і па належнай форме: дата, час, марка аўтамабіля, прозвішча вадзіцеля, маршрут руху, паказанні спідометра. Мы сталі сведкамі, як Мікалай Мікалаевіч выпускаў на лінію, у рэйс чарговы аўтамабіль. Аглядаў яго прыдзірліва, скрупулёзна. Патрабаавальна, але тактоўна размаўляў з вадзіцелем, уважліва правяраў яго дакументацыю. І толькі потым даў сваю згоду ў шчаслівы шлях.


— Інакш і нельга, — лічыць ветэран аўтабазы, — бо галоўная для нас, механікаў, задача — гэта выпуск транспарта ў рэйс у тэхнічна спраўным стане і яго далейшая безаварыйная работа. І калі я стаўлю штамп і распісваюся ў пуцёўцы, значыць я ў адказе за гэты транспарт.


Тут, на кантрольна-прапускном пункце, ён працуе разам са сваім напарнікам. Неабходна, каб кожны аўтамабіль, пасажырскі ён ці грузавы, выйшаў у рэйс згодна графіка. Бывае, што вадзіцель і не ўстане па будзільніку, таму яму варта патэлефанаваць дадому і напомніць, што час збірацца ў дарогу. Да таго ж і аўтамабіль трэба добра агледзець, а раптам, напрыклад, за ноч спусціла кола?


Кожная тэхнічная адзінка ўсебакова і рэгулярна правяраецца механікам як перад рэйсам, так і пасля яго. Пільнае вока механіка можа заўважыць парою тое, што не пабачыць сам вадзіцель. І толькі пасля ўхілення непаладкі як механік, так і вадзіцель могуць са спакойным сумленнем выконваць свае далейшыя службовыя абавязкі. Калі надарыцца вольная часіна, то Мікалай Мікалаевіч, якому ўжо засталося нядоўга да заслужанага адпачынку, прысядзе і міжволі прагартае ў памяці старонкі-гады пражытага.


Пасля заканчэння сярэдняй школы ў мястэчку 10 год БССР, што ў Любанскім раёне Мінскай вобласці, Мікалай працаваў сучкарубам, трактарыстам на Пасталоўскім майстарскім участку. Затым пасля вучобы ў Мазыры атрымаў правы шафёра, а практыку прыйшлося прайсці ў арміі, калі два гады вазіў на службовай аўтамашыне камандзіра часці. Пасля службы працаваў у Жыткавічах на элеватары, у тагачаснай райсельгастэхніцы. У 1975 годзе прыйшоў працаваць у аўтабазу №16. Месяц слясарнічаў, затым пасля вучобы ў Гомелі сеў за руль аўтобуса і 20 гадоў не адрываўся ад баранкі пасажырскага аўтатранспарта. Скалясіў усе раённыя і па-за межамі Жыткаўшчыны шляхі-дарогі. У кожнай вёсцы Мікалая ведалі як ветлівага, дысцыплінаванага вадзіцеля і добрага, з гумарам і лагоднай усмешкай чалавека. Такім ён застаўся і зараз, вось ужо 16-ты год працуючы механікам па выпуску адной з самых вялікіх аўтатранспартных арганізацый раёна.


А яшчэ Мікалай Мікалаевіч добры гаспадар, сялянскай загартоўкі чалавек: 30 гадоў трымаў карову, іншую жыўнасць, працаваў у вольны час на зямлі. І гэтай шчодрай восеньскай парою, калі наступаюць выхадныя, яго маніць да сябе блізкі лес і ціхае паляванне на грыбы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.