“Мая вёска, мая школа”
Першую ўзнагароду ў гэтым навучальным годзе за перамогу ў творчым спаборніцтве атрымала Запясоцкая базавая школа. Дыплом 2 ступені заваяваў праект “Мая вёска, мая школа”, які ўдзельнічаў у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу летапісаў родных мясцін “Мая вёска, мой горад”.
Аўтар творчай работы юная краязнаўца пяцікласніца Вераніка Шантар з дапамогаю настаўнікаў школы Галіны Рай і Ніны Ласка, а таксама вучняў 9 класа Аляксандра Дзербянёва і Алены Харашун напісалі цікавы аповед пра гісторыю сваёй вёскі Зяпясочча, яе жыхароў і роднай школы, якая перасягнула 100-гадовы юбілей. У дадатак была падрыхтавана і кампьютэрная прэзентацыя.
Між тым, гэтая дзевяцігодка не першы раз удзельнічае ў падобных конкурсах, якія абуджаюць у дзецях цікавасць да родных мясцін. Летась на яе рахунку быў дыплом 2 ступені рэспубліканскага конкурса творчых праектаў “Мая сям’я – мой гонар”. Пра сямейны ансамбль Абібок з вёскі Запясочча ў конкурснай рабоце расказала яго малодшая ўдзельніца вучаніца школы Кацярына Мазепа.