Пачаўся рамонтны сезон

Усё меншае работ у полі. Як дбайныя гаспадары, аграрыі раёна ставяць апошнія машыны і агрэгаты на зімовае захоўванне: ачышчаюць іх ад рэшткаў зямлі і расліннасці, здымаюць вузлы і дэталі для перадачы на склады, выконваюць іншыя работы. З пачаткам лістапада за справу бяруцца і рамонтнікі, для якіх адкрыўся сезон. Планы па аднаўленню за гэты час сельскагаспадарчай тэхнікі, як адзначыў галоўны інжынер райсельгасхарчу Андрэй Ляшкевіч, даволі напружаныя. Рамонтным брыгадам патрэбна паставіць на лінейку гатоўнасці 64 трактары ўсіх марак, 23 зернеўборачныя камбайны, 11 кормаздабываючых комплексаў, 67 агрэгатаў для падрыхтоўкі глебы, 12 камбінаваных пасяўных агрэгатаў і іншыя віды тэхнікі.


— Умовы для паспяховага выканання гэтых аб’ёмаў работ ва ўсіх гаспадарках маюцца: майстэрні ацяпляюцца, — гаворыць пра арганізацыю будучых рамонтаў Андрэй Анатольевіч. — Да рамонтных звенняў будуць даведзены ўмовы аплаты іх працы. Будуць забяспечаны яны і неабходнымі запчасткамі. Хаця пакуль з набыццём апошніх ёсць складанасці па прычыне адсутнасці фінансавых сродкаў у сельгаспрадпрыемстваў. Але, думаецца, што цяжкасць гэта часовая, і тэхніку падрыхтуем у тэрміны і якасна.


Як і ў мінулыя гады, для рамонту тэхнікі гаспадарак будзе выкарыстана база адкрытага акцыянернага таварыства “Жыткавіцкі агратэхсервіс”. Тут плануецца аднавіць пяць збожжаўборачных камбайнаў, два раскідвальнікі арганічных угнаенняў, 2 дзіскавыя бараны, а таксама два комплексныя пасяўныя агрэгаты.


На цяперашні час перад аграрыямі ставяцца задачы не толькі звязаныя з рамонтам тэхнікі, але і навядзеннем парадку на машынных дварах. І зараз самы час актывізаваць гэтыя работы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.