Клопат пра дабрабыт людзей – задача для ўлады
Стварэнне годных умоў жыцця людзям, забеспячэнне іхняй бяспекі з’яўляецца галоўнай мэтай у рабоце любой улады ў тым ліку і органаў мясцовага самакіравання. Ад таго наколькі яны эфектыўна будуць працаваць залежыць агульны настрой насельніцтва, яго адносіны да ўлады. Наколькі плённа працавалі над гэтай задачай дэпутаты райсавета на сваёй дванаццатай сесіі агучыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Рамановіч.
Па словах Ніны Мікалаеўны, раённы Савет дэпутатаў сумесна з раённым выканаўчым камітэтам, раённымі службамі, працоўнымі калектывамі, грамадскімі арганізацыямі працягвалі работу па рэалізацыі прагноза сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэта раёна на 2011 год, а таксама сацыяльных праграм дзяржаўных стандартаў і мерапрыемстваў па выкананні Дырэктыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Асноўнай формай дзейнасці Савета з’яўляліся сесіі. За прайшоўшы год на іх разгледжана 109 пытанняў, па якіх прыняты адпаведныя рашэнні. 39 пытанняў было разгледжана на пасяджэннях прэзідыума райсавета. Як адзначыла Ніна Рамановіч, усе рашэнні прымаліся дэпутатамі ўзважана, кожная праблема дэталёва вывучалася перш чым рабіліся нейкія высновы. Большасць разгледжаных пытанняў тычыліся зацвярджэння праграм, накіраваных на жыццезабеспячэнне насельніцтва, а таксама іх выканання. У цэнтры ўвагі дэпутатаў былі і пытанні па стварэнню неабходных умоў працы, быту і адпачынку, фарміраванні здаровага ладу жыцця, энергазберажэння, навядзення парадку ў населеных пунктах і іншыя. Немалаважнае значэнне надавалася народнымі выбраннікамі і таму, як выконваюцца на тэрыторыі раёна Дэкрэт № 18 і Дырэктывы.
У сваім выступленні Ніна Мікалаеўна прывяла шмат канкрэтных прыкладаў працы дэпутацкага корпусу раёна. У прыватнасці, яна выказала вялікую падзяку дэпутатам Людміле Катвіцкай, Ганне Лой, Уладзіміру Васіленку, Міхаілу Ляўковічу, Святлане Ціханавай, Мікалаю Акунцу, Віктару Атліванаву, Віталію Журовічу і іншым, а таксама кіраўнікам, якія прымалі актыўны ўдзел у дабрачынных дэпутацкіх акцыях па падтрымцы дзяцей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Цеснае супрацоўніцтва ў райсавета наладжана і з дэпутатамі абласнога Савета Сяргеем Сасноўскім і Міхаілам Саскевічам. Значны плён сумеснай працы дэпутатаў з кіраўнікамі працоўных калектываў яскрава відаць у дзейнасці па навядзенні парадку на зямлі. Старшыня райсавета была ўдзячна кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый, якія актыўна спрыялі добраўпарадкаванню сельскіх населеных пунктаў.
Актыўна працавалі дэпутаты і ў складзе назіральных камісій. Падчас іх рэйдаў выяўлена ў дамах грамадзян некалькі тысяч парушэнняў, якія неслі рэальную пагрозу жыццю людзей. Адзначана, што вялікая колькасць выяўленых назіральнымі камісіямі хібаў выпраўлена.
Аналізуючы мінулагоднюю дзейнасць раённага Савета дэпутатаў яго старшыня зрабіла акцэнт і на тым, што ўвесь год павышаўся прафесіяналізм дэпутацкага корпусу, яго кіраўніцкая падрыхтоўка — ладзіліся семінары, вучобы, прыёмы, абмены вопытам. Пры вырашэнні разнастайных задач сельвыканкамы абапіраліся на свае актывы: дэпутатаў і давераных асоб, грамадскія фарміраванні. Разам з тым, як падкрэсліла Ніна Рамановіч, яшчэ не ўсе магчымасці выкарыстаны ў рабоце дэпутатаў. Напрыклад, па словах старшыні ў справаздачным перыядзе мела месца паслабленне кантролю дэпутатаў за сістэмамі жыццязабеспячэння людзей па месцы пражывання. “Па сутнасці дэпутат – гэта жывая кніга скаргаў і зваротаў выбаршчыкаў, прычым з вялікімі паўнамоцтвамі. І яна павінна працаваць штодзённа і паўсюдна. Будзе ў любым населеным пункце менш незадаволеных людзей, у іх складзецца добрае меркаванне аб уладзе і дзяржаве, — зазначыла Ніна Мікалаеўна. – І на гэта павінны працаваць дэпутаты”. Сярод іншых праблем, якія па меркаванню старшыні, яшчэ вырашаюцца недастаткова: гэта знос пустуючых занядбалых дамоў, выкараненне ўсіх пралікаў у арганізацыі вулічнага асвятлення, пашырэнне сферы платных паслуг і бытавога абслугоўвання, папярэджванне надзвычайных сітуацый і іншыя. Несумненна, што ў наступным годзе пры складанні плана сваёй работы гэтыя недапрацоўкі будуць улічаны і работа па названых накірунках актывізуецца яшчэ больш. Працаваць жа дэпутацкаму корпусу давядзецца вельмі шмат. Аб тым сведчаць і паказчыкі, якія закладзены ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Жыткавіцкага раёна на 2011- 2015 гады”, якую на сесіі зацвердзілі дэпутаты. А зрабіць давядзецца нямала. Напрыклад, прадукцыйнасць працы патрэбна будзе павялічыць на 58 працэнтаў, аб’ёмы вытворчасці прамысловай прадукцыі ў параўнанні з 2010 годам у больш чым паўтара раза, у два разы павысіць рэнтабельнасць продажу, давесці іх да 10-11 працэнтаў. Да 2015 года запланавана павялічыць аб’ёмы інвесціравання амаль у 2,5 раза ў параўнанні з узроўнем 2010 года. Значна мяркуецца павысіць экспарт. У сельскай гаспадарцы запланавана валавы збор зерня ў грамадскім сектары давесці да 47 тысяч тон, малака да 45 тысяч тон, рэалізацыю мяса да 5 тысяч тон. Значныя планы намечаны ў праграме і па развіццю іншых сфер жыццядзейнасці раёна. Эфектыўнае вырашэнне задач па развіццю рэальнага сектара эканомікі і дасягненне пастаўленых мэт дазволіць павялічыць напаўняемасць бюджэтаў усіх узроўняў за кошт паступлення падаткаў, а значыць забяспечыць своечасовае і поўнае фінансаванне сацыяльнай сферы, , што адаб’ецца на дабрабыце насельніцтва.
На сесіі дэпутаты таксама разгледзелі пытанні, якія тычыліся ўваходжання ў склад Рэспубліканскага аб’яднання “Белагратэхсервіс” КСУПа «Людзяневічы», дагавораў арэнды рыбных і паляўнічых угоддзяў і іншыя. Па ўсіх вынесеных на парадак дня пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні.
С.БЕЛКА.