Навагоднія цуды
У межах рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” больш за паўсотні вучняў раёна пабываюць на навагодніх ранішніках, што будуць ладзіцца для розных катэгорый школьнікаў у Гомелі і Мінску. На галоўную ёлку краіны паедуць два чалавекі – пераможца рэспубліканскай алімпіяды і дзіця з няпоўнай сям’і.
37 рабят запрошаны на абласное дабрачыннае прадстаўленне, што адбудзецца 26 снежня ў Гомельскім цырку. У іх ліку сіраты, хлопчыкі, дзяўчынкі са шматдзетных сем’яў і выхаванцы сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам, інваліды і пераможцы абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. Наша дэлегацыя, як летась, будзе касцюміраванай, каб як мага паўней адчуць казачнасць навагодняга свята.
Яшчэ дваццаць рабят у першыя дні новага года пабываюць на дабрачыннай ёлцы, якую ладзіць абласная арганізацыя Чырвонага Крыжа. А з 28 снежня пачнуцца ранішнікі для дзяцей сацыяльна неабароненых катэгорый. Як паведамілі арганізатары, салодкія падарункі на іх атрымаюць больш за 300 маленькіх жыхароў раёна.
С. ДАЙНЕКА.