Раўненне — на Хваенскі ўчастак
Штораніцы быццам агромністы махавік набірае абароты напружаны канвеер па нарыхтоўцы і перапрацоўцы драўніны ў адкрытым акцыянеррым таварыстве “Жыткавічлес”.
Адпраўнымі кропкамі тут па-ранейшаму застаюцца дзялянкі, у якіх ідзе валка і тралёўка лесу. Ніжні склад – другое важнае звяно вялікага дрэваапрацоўчага канвеера, дзе наладжана раздзелка лясной сыравіны на сартыменты, а таксама загрузка іх у вагоны. Лесанарыхтоўшчыкі стараюцца працаваць з належнай аддачай, насуперак усім цяжкасцям, што выпрабоўваюць іх на трываласць і высокі прафесіяналізм. І тут ёсць з каго браць прыклад. У першую чаргу гэта Хваенскі ўчастак па лесапіленні, якім кіруе старшы майстар Анатоль Герман.
У калектыве – каля 50 чалавек, сярод якіх станочнікі, распілоўшчыкі, рамшчыкі, штабялёўшчыкі, падсобныя рабочыя. Яны вырабляюць вагонку, дошкі для падлогі, шпалы, выпускаюць таксама дошкі абрэзаныя і неабрэзаныя, распілоўваюць на сартыменты піловачнік сасновы, шпальнік. Да таго ж аказваюць паслугі для насельніцтва, якое можа купіць дровы, штыкетнік, аполкі. Прадукцыя гэтага вытворчага падраздзялення карыстаецца шырокім попытам як у нашым раёне, так і далёка па-за яго межамі.
Паспяховае выкананне планавых паказчыкаў на працягу кожнага месяца стала ўжо для гэтага працоўнага калектыву нязменным правілам. Вось і за кастрычнік бягучага года пры заданні 600 метраў кубічных фактычна было выпушчана 798 метраў кубічных піламатэрыялаў – 133 працэнты да плана і 132,8 працэнта да кастрычніка 2010 года. А ў цэлым за студзень – кастрычнік бягучага года калектывам было выраблена 7136 метраў кубічных піламатэрыялаў, што склала 114,5 працэнта да 10 месяцаў 2010 года.
С. КУЛАКЕВіЧ.