Большай эфектыўнасці ва ўсім

Вынікі мінулагодняй дзейнасці прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу раёна падсумавалі на мінулым тыдні спецыялісты і кіраўнікі гаспадарак, раённых службаў на прайшоўшым семінары-нарадзе. Прынялі ўдзел у гэтым мерапрыемстве старшыні райвыканкама і райсавета Мікалай Какора і Ніна Рамановіч, а таксама намеснікі старшыні райвыканкама і кіраўнікі сельскіх Саветаў.


Адкрываючы нараду, кіраўнік раёна засяродзіў увагу прысутных на тым, што наш рэгіён адзін з нямногіх у вобласці не выканаў прагнозны паказчык па вытворчасці сельгаспрадукцыі.


— Мы не скарысталі ўсіх тых магчымасцяў, якія маем, — адзначыў Мікалай Міхайлавіч, — і на гэтым мерапрыемстве, мы павінны не толькі прааналізаваць работу, але і вызначыцца, у якім накірунку нам патрэбна рухацца і развівацца далей, каб дабівацца паказчыкаў, што адпавядаюць патэнцыялу аграрнай галіны раёна.


Аналіз эканамічнай дзейнасці гаспадарак, які зрабіла намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Галіна Чорная, яскрава засведчыў, на чым патрэбна засяродзіць свае высілкі працаўнікам вёскі, каб мець у будучым больш высокія здабыткі. Тым больш што ёсць на каго раўняцца. У адпаведнасці з комплексным аналізам аб’ёмных і фінансава-эканамічных вынікаў работы ў жывёлагадоўлі найлепшыя паказчыкі маюць КСУПы “Бялёў”, “Коленскае” і “Чырвоны Бор”. Горш за ўсіх спрацавалі сельгаспрадпрыемствы “Людзяневічы” і “Марохараўскі”.


За 2011 год аб’ём вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак склаў 251,3 мільярда рублёў, што па супаставімай адзнацы на 2,6 працэнта меней, чым планавалася ( гадавое заданне 107 працэнтаў). Тэмп росту вытворчасці валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі ў грамадскім сектары склаў 104,8 працэнта, у прыватных гаспадарках – 104 працэнта. Як зазначыла Галіна Міхайлаўна, аналіз недаатрымання прадукцыі ў абсалютных сумах паказвае, што іх большая частка прыпадае на ААТ “Тураўшчына”.


З чаго ж складаўся недабор прадукцыі. Напрыклад, больш за два мільярды рублёў недаатрымалі толькі таму, што таварнасць малака была ніжэй за дзевяноста працэнтаў. Немалыя страты панесены і на вытворчасці мяса. За мінулы год рэалізацыя мяса буйной рагатай жывёлы склала 2,4 тысячы тон. Сярэдняя вага адной прададзенай галавы была 375 кілаграмаў. Толькі па прычыне, што сярэднерэалізацыйная вага была меней 450 кілаграмаў, раён мог бы дадаткова прадаць амаль паўтысячы тон мяса і атрымаць за гэта тры з паловай мільярды рублёў. Акрамя недаатрыманай выручкі з-за нізкай вагі прадаваемай жывёлы, немалыя страты гаспадаркі панеслі ад невытворчага выбыцця жывёлы. Усяго толькі на 2,3 працэнта адбылося павышэнне сярэднерэалізацыйнай цаны малака за кошт павышэння якасці малака. Вельмі высокім застаецца і перарасход кармоў на вытворчасці малака і мяса. Гэтыя страты таксама вымяраюцца не адным мільярдам рублёў. Безумоўна, усё гэта адмоўна адбіваецца на себекошце прадукцыі, а таксама выручцы ў разліку на адзін бала-гектар і аднаго працуючага ў сельскай гаспадарцы. Гэтыя паказчыкі ў нашым раёне даволі розняцца ў параўнанні з сярэднеабласнымі.


На праліках, якія мелі месца ў леташняй дзейнасці аграрыяў раёна, таксама спыніліся ў сваіх прамовах галоўны ветэрынарны ўрач раёна Мікалай Сяргейчык і начальнік райплемстанцыі Адам Аліфяровіч. Зразумела, што не могуць упрыгожваць такія факты ў дзейнасці шэрагу гаспадарак, калі на месцах не могуць забяспечыць фермы патрэбнай колькасцю клетак-домікаў для цялят. А тыя, што маюцца, не могуць нават належным чынам расставіць згодна з санітарнымі патрабаваннямі. Ці тыя парушэнні, што дапускаюцца пры вырошчванні цёлачнага пагалоўя для дойнага статка. Таму і запатрабаваў старшыня райвыканкама прымаць больш дзейсных мераў на месцах, каб не дапускаліся такія пралікі. А менавіта іх выкараненне і ёсць той шлях, па якім аграрыі раёна павінны рухацца наперад. Як гэта рабіць усім вядома, усім расказана і паказана падчас вучоб і семінараў. Цяпер гэта варта ўкараніць у сваіх гаспадарках на практыцы.


Сярод іншых пытанняў, якія былі разгледжаны на нарадзе, — актывізацыя рамонту тэхнікі, выбарка насення, закуп малака і маладняку ў насельніцтва і многае іншае. Усё ж спраў у новым годзе для сельгасвытворцаў намнога пабольшае і іх патрэбна будзе вырашаць належна, каб дабіцца запланаваных аб’ёмаў вытворчасці. Пры гэтым яшчэ і паляпшаць сваё эканамічна-фінансавае становішча. Бо эканоміка, як паказвае практыка сёння, выходзіць на першы план. Падмуркам жа для яе з’яўляецца высокаэфектыўная вытворчасць.


С.Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.