Выкараняць негатыў, вітаць пазітыў
Шырокае кола пытанняў жыццядзейнасці раёна разгледжана на апаратнай нарадзе, якую ў панядзелак правёў старшыня райвыканкама Мікалай Какора.
ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ. Хаця на вуліцы і стаіць глыбокая зіма, але пагодныя ўмовы не даюць расхалоджвацца адказным службам па навядзенні парадку на зямлі і ў населеных пунктах. Аб гэтым засведчыў прадэманстраваны на планёрцы відэарад з фотаздымкаў. Падчас праведзенага рэйду па вуліцах райцэнтра выяўлена нямала недахопаў. Ніяк не ўцямяць некаторыя гаспадары, што вуліца гэта грамадская тэрыторыя і недапушчальна ператвараць яе ва ўласны падворак для складзіравання дроў, будаўнічых матэрыялаў, або выкідваць смецце. Вельмі шмат нараканняў адказным асобам на нарадзе было выказана за антысанітарыю на тэрыторыях і вуліцах, якія прылягаюць да чыгункі. Таму кіраўніком раёна было дадзена канкрэтнае даручэнне зацікаўленым службам, што працу па добраўпарадкаванні варта актывізаваць і ўзмацніць за гэтым кантроль. Гэта тычыцца не толькі раённага цэнтра, але і сельскіх населеных пунктаў, асабліва Тураўскай зоны. Кіраўнікі сельсаветаў тут яшчэ недапрацоўваюць па навядзенні парадку на зямлі. Усё ж культура насельніцтва жадае быць намнога вышэйшай. Як было бачна на фотаздымках, яшчэ не перавяліся аматары выкінуць смецце міма кантэйнера, або занесці яго ў бліжэйшы лясок. І з такімі грамадзянамі, якія разводзяць антысанітарыю, адказныя за добраўпарадкаванне службы павінны весці непрымірымую барацьбу.
АДМІНІСТРАЦЫЙНАЯ ПРАКТЫКА. За прайшоўшы тыдзень усімі раённымі службамі і адказнымі работнікамі сельвыканкамаў складзена 15 пратаколаў і выдадзена 244 прадпісанні Да адказнасці прыцягнуты дзве асобы, якія павінны выплаціць больш двухсот тысяч рублёў штрафаў. Як было зазначана кіраўніком райвыканкама па прымяненні адміністрацыйнай практыкі, то па вялікаму рахунку, хто працаваў у гэтым накірунку вынікова летась, той і зараз працуе не горш. Работы ж па добраўпарадкаванні вельмі шмат. Нават яшчэ не ва ўсіх аграгарадках наведзены ўзорны парадак, а што казаць пра невялічкія вёскі. Прывучаць патрэбна людзей да культуры, цяпер важна, каб ля кожнага двара летам красавалі кветкі, а некаторыя гаспадары нават агароджу самастойна ўстанавіць не жадаюць, ці скасіць пустазелле ля падворка. Напрыклад, у аграгарадку Сяменча закупілі матэрыялы для ўстаноўкі агароджаў, развезлі іх па дварах, так і засталіся яны ляжаць пад старымі платамі. І такія падыходы патрэбна выкараняць.
НАДЗВЫЧАЙНЫЯ СІТУАЦЫІ. Адзін невялікі пажар на мінулым тыдні надарыўся ў аграгарадку Азяраны. Ад агню пацярпела канапа і некалькі метраў падлогі. Але гэтай надзвычайнай сітуацыі можна было б і пазбегнуць, калі б кампанія, што святкавала Раство, паводзіла сябе больш абачліва. Па версіі выратавальнікаў, нехта з кампаніі неасцярожна пакурыў і іскрына з цыгарэты ўпала на канапу. Дарэчы, дом, дзе адбылося ўзгаранне, здаваўся ў арэнду.
На мінулым тыдні працавалі і назіральныя камісіі сельскіх Саветаў. Імі абследавана больш ста домаўладанняў, дзесяць гаспадароў прыцягнуты да адказнасці за розныя парушэнні, якія неслі пагрозу жыццядзейнасці людзей. Асаблівая ўвага на нарадзе была нададзена сітуацыі, што склалася ў адной са шматдзетных сямей на тэрыторыі Верасніцкага сельсавета.
Чацвёра непаўналетніх дзяцей пражываюць у небяспечных умовах. Муж даволі часта заглядвае ў чарку, часта лупцуе жонку і дзяцей. Мікалай Какора даручыў кампетэнтным службам дэталёва разабрацца ў сітуацыі і дапамагчы гэтай сям’і.
Даволі сур’ёзныя заўвагі былі выказаны ў адрас некаторых службаў, супрацоўнікі якіх не прымаюць удзелу ў рабоце назіральных камісій. Такога фармальнага падыходу ў далейшым не павінна быць.
ПРАВАПАРАДАК. 121 заява і зварот паступіла ад жыхароў раёна на мінулым тыдні ў Жыткавіцкі раённы аддзел унутраных спраў. Міліцыянерам даводзілася прымаць меры да 36 сямейных скандалістаў. Узбуджана дзве крымінальныя справы, адна з якіх раскрыта. Па другой, крадзяжу маёмасці з домаўладання жыхара вёскі Хільчыцы, праводзіцца раследаванне.
За вышэйазначаны перыяд на дарогах раёна ўчынена два дарожна-транспартныя здарэнні. На 21 вадзіцеля накладзены спагнанні за перавышэнне хуткаснага рэжыму, прыцягнуты да адказнасці за парушэнне правілаў вулічнага руху і 24 пешаходы. Выяўлена міліцыянерамі і два факты самагонаварэння, і іншыя правапарушэнні.
ДЭКРЭТ №18. На цяперашні час у раёне павінны сплочваць дзяржаве сродкі на ўтрыманне сваіх дзяцей 42 так званыя абавязаныя асобы. За мінулы тыдзень імі зроблена 9 прагулаў. Восем чалавек так загулялі і забыліся на тое, што 2 студзеня з’яўляецца рабочым днём.
Падчас абмеркавання работы службаў па Дэкрэту №18, была закранута і тэма працаўладкавання асоб, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі. На жаль, яны не вельмі ахвотна ідуць на працу, а вось у агульную колькасць правапарушэнняў, што ўчыняюцца на тэрыторыі раёна, уносяць даволі значны “ўклад”. На нарадзе запатрабавана ўзмацніць работу па працаўладкаванні асоб, што вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі.
СЕЛЬСКАЯ ГАСПАДАРКА. На нарадзе перад аграрыямі пастаўлены шэраг канкрэтных задач, якія яны павінны выконваць. Найперш гэта працаваць на вытворчасць малака, тэмпы якой у апошні час запаволіліся. Неадкладна патрэбна наладжваць і рамонтныя работы па падрыхтоўцы тэхнікі да палявых работ, асабліва гэта тычыцца пасяўных агрэгатаў. Вывазка арганікі і арганізацыя работ з насеннем, высечка хмызняку таксама патрабуюць актывізацыі. Зроблены акцэнт і на правядзенні рэканструкцыі ферм. Закрануты на апаратнай нарадзе і пытанні, звязаныя са зніжэннем невытворчага выбыцця грамадскай жывёлы, а таксама навядзення парадку на сельскагаспадарчых аб’ектах.
ІНШАЕ. На апаратнай нарадзе ў цэнтры ўвагі таксама былі пытанні эканамічнага развіцця рэгіёна, дзейнасці камунальных службаў і будаўнічага комплексу.
Падрыхтавана па матэрыялах райвыканкама.