“Я шчаслівая жанчына, у мяне 18 хроснікаў”…
Напярэдадні новога года Ірына Міхайлаўна пасля абеда замкнула хату і падалася па сваёй знаёмай з дзяцінства да драбніц вуліцы Камуністычнай у бок лесу, што шчыльнаю сцяною віднеўся адразу ж за іх Бярэжжам – своеасаблівым вясковым пасёлкам, з якога і ўзяў у сярэдневечча свае вытокі пазнейшы горад Жыткавічы.
Землякі-беражанцы шчыра віталіся з ёю, паважаным, вядомым у горадзе чалавекам, жывой гісторыяй гэтага адметнага куточка нашага райцэнтра, яна яшчэ дзяўчынкай пераехала сюды жыць са сваімі бацькамі ў цяжкае пасляваеннае ліхалецце.
Нарадзілася ў ваенны 1942 год. Дзень нараджэння, праўда, быў светлы, жыццядайны – 7 студзеня, у які праваслаўныя хрысціяне святкуюць Раство Хрыстова. І гэта, безумоўна, усяляла ў душу любоў, веру і надзею: мінецца ваенная злыбяда, залечацца раны, і людзі пачнуць жыць спакойна і з кожным годам заможней. Так яно і сталася пасля 9 мая 1945 года. Але ж колькі да гэтага давялося перапакутаваць яе маці ды цётцы Ніне, каб паставіць на ногі сваю дачушку і пляменніцу. Ірына Міхайлаўна і зараз нізка кланяецца гэтым самым дарагім жанчынам за іх любоў і цярпенне…
Хуткай, імклівай ластаўкай праляцелі дзіцячыя гады. Са школьных прадметаў найбольш падабалася руская мова, якую выкладала Вольга Іванаўна Фралова. А ці ж можна забыць тагачасныя вячоркі, танцы ў выхадныя дні, што ладзіліся непадалёк ад іхняй сядзібы, ля мосціка. Па-заліхвацку іграў на іх са сваімі сябрамі будучы знакаміты кампазітар светлай яму памяці Уладзімір Буднік. А хлопцы-беражанцы, як успамінае Ірына Міхайлаўна, былі далёка не падарункамі: прышлым сваіх дзяўчат дазвалялі толькі да царквы праводзіць. А сунешся далей, дык можаш і па карку атрымаць… Словам, ёсць што ўспомніць з таго пасляваеннага, напаўгалоднага, але такога вясёлага, дружнага часу…
Пасля заканчэння 10 класаў школы рабочай моладзі Ірына засталася ў Жыткавічах, каб быць побач са сваімі пажылымі бацькамі. З 16 гадоў пачала працаваць у райцэнтры ткачыхай у мясцовым атэлье. Так, не здзіўляйцеся аказваецца, было раней такое на месцы сучаснай кавярні “Бульбяная”. І арыгінальный справай займалася гэтая вытворчасць у палескай глыбінцы: ткалі палотны з асіны на саломенныя шляпы. За адну змену трэба было вырабіць не меней 10 такіх палотнішчаў. І калектыў паспяхова спраўляўся з гэтым заданнем.
Пасля трох гадоў работы Ірына Саўчыц перайшла ў другое атэлье, якое належала камбінату бытавога абслугоўвання. Пачала шыць верхнюю вопратку. З удзячнасцю ўспамінае сваю першую настаўніцу ў гэтай пачэснай справе Ніну Пятроўну Галавач. Дзесяць гадоў прапрацавала тут дзяўчына і, вобразна кажучы, не аднаго чалавека апранула…
Затым была паўтара года вызваленым сакратаром камсамольскай арганізацыі саўгаса “Жыткавічы”, 16 гадоў касірам у раённым Доме культуры. А з 1980 года Ірына Міхайлаўна працуе інспектарам аддзела ЗАГСа. Не злічыць, колькі маладым, жыццярадасным парам дала яна пуцёўку ў шчаслівае сямейнае жыццё… Спачатку разам з Лідзіяй Андрэеўнай Калмыковай, а затым з Зінаідай Мітрафанаўнай Рыдзецкай. Звычайна самым багатым на вяселлі быў жнівень, за дзень па 8-9 шлюбаў рэгістравалі. Акрамя рэгістрацыі шлюбаў таксама займаліся пытаннямі бацькоўства, усынаўлення, пераменаў імя і інш. І зараз многія, сустракаючы яе, говораць: “Ірына Міхайлаўна, вы ж некалі нас рэгістравалі, а мы ўжо ўнукаў маем”.
— Ведаеце, я шчаслівы чалавек, люблю сваіх пляменнікаў, брата з яго жонкай, — кажа гэтая зграбная, не па гадах рухомая жанчына. — У мяне васемнаццаць хроснікаў, шмат для каго я была паручыцелькай-сведкай на вяселлях. Так што сумаваць няма калі.
…Пасля паходу ў лес у хаце запахла свежай хвояй. Хутка новы год. А там і 7 студзеня – дзень яе нараджэння і юбілей адначасова. І не бяда, што нямала дзесяткаў за плячыма. Нездарма ж кажуць людзі, што той не старэе, у каго душа маладая. Маладая і добрая…
С. ВЕЧАРОВЫ. Фота В. КІЖНЕВА.