Будзе ў школе музей
Вёску Бялёў нельга сабе ўявіць без гэткай жа вялікай, прасторнай, двухпавярховай школы, якую відаць здалёку ў самым цэнтры гэтай сядзібы. І вось ужо паўтара года настаўніцкі калектыў тут узначальвае Алег Уваркоў, генеалагічнае дрэва якога (дзед таксама працаваў настаўнікам) глыбокімі карэннямі ўваходзіць у мясцовую глебу.
— На сённяшні дзень у нашай установе адукацыі “Бялёўскі дзіцячы сад – сярэдняя школа” займаецца 134 вучні, да таго ж 19 дзяцей наведваюць старшую групу, а 14 малодшую, — уводзіць нас у курс спраў Алег Віктаравіч. — Мы адсочваем дэмаграфічную сітуацыю, якая сведчыць аб тым, што ў школы на бліжэйшыя пяць гадоў застаецца нядрэнная перспектыва: меней 130 дзяцей у яе сценах займацца не будзе. На аптымістычны лад настройвае і тое, што ў нашых педагогаў за плячыма не менш 10 гадоў настаўніцкага стажу. Гэта вопытныя кадры, аб’яднаныя адзінай мэтай, калектыў з 25 педагогаў у нас мабільны, згуртаваны і яму па плячу любыя выпрабаванні. І плён яго работы відавочны, бо апошнія тры гады не меней 50 працэнтаў нашых выпускнікоў паступаюць вучыцца ў вышэйшыя або сярэднія ўстановы. І водгукі аб нашых былых выпускніках, а сённяшніх студэнтах толькі станоўчыя.
Жыццё школы не стаіць на месцы, рух наперад відаць па ўсіх накірунках. У мінулым годзе як на тэрыторыі садка, так і ў самой школе былі праведзены значныя рамонтныя работы, старыя вокны заменены шклопакетамі, пасля чаго зусім па-новаму стаў выглядаць яе фасадны бок. У планах мясцовай адміністрацыі – далейшае развіццё дзіцячага сада, у які хочуць перавесці першы клас, капітальны рамонт спартыўнай залы і, канечне ж, адкрыццё да пачатку наступнага навучальнага года свайго музея.
— Думка гэта саспела ў нас даўно, тым больш што наш Бялёў мае даўнюю і багатую гісторыю, а сваю мінуўшчыну трэба ведаць і шанаваць кожнаму, — гаворыць Алег Віктаравіч. — У музеі павінны знайсці сваё пачэснае месца экспанаты, дакументы, у якіх знойдзе адлюстраванне як гісторыя вёскі, так школы і мясцовага сельгаспрадпрыемства. Пакажам і сялянскую хату з яе побытам. У гэтым нам актыўную дапамогу аказваюць КСУП “Бялёў”, сельскі Дом культуры. Сабрана ўжо нямала дакументаў. Да таго ж музей, што немалаважна, будзе знаходзіцца на ахоўваемай тэрыторыі. Адкрыццё яго мяркуецца да 1 верасня бягучага года.
У школе падтрымліваюцца свае добрыя традыцыі. Па-першае, тут у пашане праца настаўніка, пра што сведчыць той факт, што вучні ідуць па шляху сваіх педагогаў, напрыклад, усе настаўнікі пачатковых класаў — былыя выпускнікі мясцовай установы адукацыі. Па-другое, штогод улетку вучні з ахвотай дапамагаюць мясцоваму сельгаспрадпрыемству “Бялёў” ва ўборцы і дапрацоўцы ўраджаю. Гэта забяспечвае карысную занятасць дзяцей у іх канікулярны час, дае магчымасць і зарабіць уласную капейку, зведаць цану вясковай мазольнай працы. Лепшых кіраўніцтва КСУПа заўсёды адзначае падчас школьнай лінейкі 1 верасня. Да таго ж вучні не аднойчы былі заняты на ўборцы і буртоўцы бульбы, а ў час суботніка на гэтыя работы выходзілі і настаўнікі. А такія цесныя кантакты – толькі на карысць агульнай справы. Дастаткова адзначыць, што КСУП “Бялёў” дапамог школе ў рамонце музычных інструментаў, дзякуючы яму танней стала харчаванне ў школьнай сталоўцы.
Такім чынам выхаванне школьнікаў тут ідзе поруч з іх працоўным навучаннем, што, несумненна, дасць у будучым свой станоўчы эфект.