Масленіца прыляцела ластавіцай
Прыйшоўшыя ў нядзелю гараджане і госці райцэнтра правесці зіму і сустрэць вясну імгненна збіраліся ў адным месцы, каб паглядзець на адну дзею свята, і гэтак жа дружна пераходзілі на чарговае мерапрыемства. Іх жа было ў той дзень вельмі шмат, таму сумаваць нікому не давялося.
Найперш прыйшоўшыя на свята Масленіцы кіраваліся да гандлёвых радоў. Тут працаўнікі раённага спажывецкага таварыства гасцінна прапаноўвалі пакаштаваць блінцоў. Іх напяклі на розны густ і смак. Таму жадаючых адведаць гэтай сімвалічнай стравы свята выявілася шмат. Увогуле на некалькі гадзін цэнтральная плошча горада ператварылася ў вялікую блінную, бо прапаноўвалі блінцы не толькі ў палатках райпа, але і на выставах, што прадаставілі для агляду працаўнікі навучальных устаноў горада. З розных куткоў плошчы толькі і чуліся воклічы, якія заваблівалі людзей пакаштаваць блінцоў. Ласаваліся людзі не толькі гэтай стравай, але і гарачымі шашлыкамі, а таксама наварыстай юшкай, якую прыгатавалі работнікі рыбгаса “Чырвоная Зорка”.
Людзі не толькі частаваліся, але актыўна гулялі ў бяспройгрышныя латарэі. Асабліва гэтая забава падабалася дзецям, якія з усіх бакоў акружылі латарэйныя палаткі.
Усе з нецярпеннем чакалі галоўнай дзеі свята – тэатралізаванага прадстаўлення. Яго пачалі маленькія артысты ўзорнага тэатра “Чарадзейнікі” гарадскога цэнтра культуры. Як толькі вядучая аб’явіла аб пачатку пастаноўкі, тут жа ля сцэны сабралася нямала маці з дзеткамі. Гледачы не толькі дзівіліся на тое, што адбываецца на сцэне, але і самі сталі актыўнымі ўдзельнікамі відовішча. Галоўныя героі Снегавік, Гномік прапаноўвалі рабятам разгадаць загадкі, патанцаваць, пабіць снежкамі злога Троля, які толькі і ўмеў паскудзіць людзям. Але добрыя героі казкі разам з дзецьмі перамаглі зло.
Пакуль ішла пастаноўка, на плошчы збіралася ўсё больш і больш людзей. Адначасова павялічвалася і колькасць забаў. Мноства гледачоў сабралася, каб падзівіцца на спрыт мужчын, якія залазілі на ўстаноўлены слуп, каб сарваць там прыз. Дзеці ж групаваліся ля атракцыёнаў, дзе маглі паспрабаваць свае сілы ў трапнасці кідкоў па мішэнях, хаджэнні на хадулях, зразанні з завязанымі вачыма прызоў, праходжанні пад перашкодай і іншымі.
Праз некаторы час людзі ізноў сабраліся ля цэнтральнай сцэны, каб паслухаць выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці ўстаноў культуры раёна ды паглядзець чарговае тэатралізаванае прадстаўленне. Ліліся са сцэны песні і жарты, якія весялілі і бадзёрылі гледачоў. І ў такім добрым настроі людзі разам з артыстамі накіраваліся да складзенага вогнішча, каб спаліць пудзіла зімы, над якім дружна ўзняліся клубы дыму і языкі полымя. А людзі дружна выстраіліся ў карагод вакол вогнішча, каб правесці ў апошні шлях зіму. Нездарма кажуць, што Масленіца вясну прывяла. І гэтай акалічнасці вельмі радаваліся жыткаўчане.
Сяргей Белка.