«Чысціня вакол – чысціня ў душах»
Забеспячэнне жыццёвых інтарэсаў грамадзян з’яўляецца асноўнай мэтай Ленінскага сельвыканкама. І маецца нямала добрых спраў у вясковай улады, якія сведчаць, што з пастаўленай задачай яны спраўляюцца.
Ленінскі сельсавет — адзін з самых аддаленых ад райцэнтра. З улікам гэтага, а таксама той акалічнасці, што вытворчая яго сфера прадстаўлена толькі лясніцтвам Жыткавіцкага лясгаса ды аддзяленнем “Ленінскае” КСУПа “Людзяневічы”, адпаведна сельвыканкаму належыць вызначальная роля па вырашэнні шэрагу сацыяльных задач, якія накіраваны на паляпшэнне ўзроўню жыцця насельніцтва.
Адным з галоўных напрамкаў дзейнасці з’яўляецца праца, што праводзіцца сельвыканкамам па навядзенні парадку ў населеных пунктах і на вясковых могілках. За мінулы год зроблена нямала. Канечне ж, сельвыканкам абапіраўся ў гэтай рабоце найперш на насельніцтва, а таксама шэфскія арганізацыі, дэпутатаў, давераных асоб. Вось плён сумеснай працы. Агароджаны могілкі ў вёсцы Ельна і аграгарадку Ленін. У апошнім населеным пункце ўстаноўлена больш двух кіламетраў новых агароджаў, яшчэ паўкіламетра — у вёсцы Вялікія Сцяблевічы. Насельніцтвам на закуп матэрыялаў на агароджы за мінулы год сабрана больш сарака мільёнаў рублёў. Многія гаспадары і самастойна ўстанаўлівалі агароджы. Нямала папрацавалі і па высечцы кустоўя і аварыйных дрэваў. Ліквідаваны ў населеных пунктах і несанкцыянаваныя звалкі, а ў аграгардку Ленін наладжаны цэнтралізаваны вываз смецця. У вырашэнні пытанняў добраўпарадкавання вясковай уладзе дзейсную дапамогу аказвалі работнікі Ленінскага ўчастка РЭС, лясніцтва аддзялення “Ленінскае” КСУПа “Людзяневічы”, прадпрымальніца В. Давідовіч. Немалая праца праведзена сельвыканкамам і па зносу старых занядбалых будынін, якіх за мінулы год знесена 15. Сельсаветам ля тых дамоў, гаспадары якіх яшчэ не ўстаноўлены, падтрымліваўся парадак, абкошвалася тэрыторыя. Дапамогу тут аказваюць суседзі, якія папярэджваюць старшыню сельвыканкама аб зменах, што адбываюцца з пустуючымі будынкамі.
Пад пільнай увагай мясцовай улады знаходзяцца шматдзетныя сем’і, адзінокапражываючыя пажылыя людзі, інваліды, сем’і так званай групы рызыкі. Каб папярэдзіць у дамах такіх грамадзян надзвычайныя здарэнні, пры сельсавеце працуе назіральная камісія. За мінулы год ёю абследавана 166 домаўладанняў грамадзян, дзе выяўлена 474 парушэнні, што нясуць пагрозу жыццядзейнасці людзей. 69 працэнтаў парушэнняў выпраўлена. Па словах старшыні сельсавета Васіля Нямчэні, членам назіральнай камісіі важна не толькі выявіць факт парушэння, але аказаць садзейнічанне ў яго выпраўленні. Дзякуючы зладжанай рабоце камісіі сямі чалавекам была завезена цэгла для рамонту пячнога ацяплення, у тым ліку тром ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Вырашаюцца і іншыя пытанні. Цеснае супрацоўніцтва ў сельвыканкама са школай, бальніцай, дэпутацкім корпусам, участковым інспектарам міліцыі па выкананню Дэкрэта №18. Як вынік гэтай працы — ні адна сям’я ў Савеце не знаходзіцца на ўліку як сацыяльна небяспечная. Праводзімыя пастаянна дні інфармавання дазваляюць вясковай уладзе выяўляць новыя праблемы людзей, шукаць шляхі па іх вырашэнню. Вялікую работу Ленінскі сельвыканкам праводзіць у гэтым накірунку з Ленінскім маладзёжным цэнтрам культуры, бібліятэкай. Шматлікія сумесныя мерапрыемствы заўсёды карыстаюцца папулярнасцю ў жыхароў.
Несумненна, сельвыканкаму давядзецца яшчэ вырашыць не адно пытанне, каб забяспечыць бездакорную жыццядзейнасць людзям на сваёй тэрыторыі. Таму маецца нямала планаў сумеснай работы з насельніцтвам. Так, закуплены матэрыялы, каб гэтай вясной працягнуць далей працу па агароджванню ў населеных пунктах. Распачнецца і рамонт маста праз раку Случ. Яшчэ больш актыўна будзе праводзіцца работа па добраўпарадкаванні. “Чысціня вакол – чысціня ў душах! Вось тыя словы, якімі павінны сёлета кіравацца жыхары нашага Савета. Тады будзе не толькі добраўпарадкоўвацца наша тэрыторыя, мы навучымся берагчы і па-гаспадарску прымнажаць тое, што ўжо зроблена”, — адзначыў кіраўнік сельвыканкама Васіль Нямчэня.