У шлях за парадкам
Толькі сышоў снег, як кіраўніцтва Тураўскага гарсавета аб’явіла ў старажытным горадзе месячнік па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні населенага пункта. Па словах старшыні гарсавета Ігара Міцюрыча, у актывізацыі гэтай дзейнасці маецца вялікая патрэба. Найперш, Тураў – горад турыстычны. І мясцовай уладзе хочацца, каб гасцям запомніліся не толькі славутасці горада, але і добраўпарадкаванасць. Спраў жа пасля зімы па навядзенні парадку ў горадзе вельмі шмат.
— Раней усё пад снегам было схавана, цяпер увесь непарадак аказаўся навідавоку, — адзначае Ігар Леанідавіч. — Таму патрэбна і смецце прыбраць, і агароджы падправіць, і зямлю на клумбы падвезці, і на могілках парадак навесці, і дрэвы абрэзаць, і многае іншае.
Безумоўна, пэўны аб’ём гэтых работ зробяць работнікі ўчастка камунальнай службы. Але ж асноўную працу па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на гарадскіх вуліцах улада плануе выканаць з дапамогай насельніцтва. Хаця з людзьмі і складана працаваць, некаторых нават даводзіцца і караць за беспарадак, але ў гарсавеце спадзяюцца, што паразуменне будзе знойдзена, і жыхары возьмуцца за справу належна. Таму з людзьмі працуюць не толькі спецыялісты гарсавета, але і давераныя асобы, дэпутаты. Менавіта на гэты актыў мясцовая ўлада ўскладвае абавязак па правядзенні растлумачальнай работы сярод жыхароў.
Галоўным жа элементам добраўпарадкаванасці Турава павінны стаць клумбы з кветкамі, якія мяркуецца разбіць на ўсю даўжыню цэнтральных вуліц. А яшчэ плануецца ўстаноўка малых архітэктурных формаў, якія будуць надаваць непаўторнасць і своеасаблівы каларыт старажытнаму гораду. Безумоўна, ідэя добрая, але, каб пачынанне ўлады ажыццявілася, патрэбна актыўная падтрымка насельніцтва. Толькі сумеснымі намаганнямі ўдасца вырашыць пастаўленыя задачы і паказаць гасцям, што гады не стараць Тураў, а толькі яго малодзяць.