“Я люблю цябе, Палессе,І паклон табе кладу…”
З нагоды юбілею пісьменніка Міколы Гамолкі ў Жыткавіцкай сярэдняй школе №1
прайшлі літаратурныя чытанні. 11 сакавіка нашаму знакамітаму земляку,
беларускаму паэту і празаіку споўнілася б 90 гадоў.
Ураджэнец вёскі Брынёў суседняга Петрыкаўскага раёна ён сваёй творчасцю праславіў наш жыткавіцкі край. Калі хлопчыку было пяць гадоў, сям’я Гамолка пераехала ў Найду, а школу будучы літаратар скончыў першую жыткавіцкую. У 1939 годзе юнак паступіў на філалагічны факультэт белдзяржуніверсітэта, адкуль з другога курса пайшоў на вайну.
Першыя яго літаратурныя спробы адбыліся тут, на Палессі, тут фарміраваўся яго характар, давала парасткі асоба. Таму нездарма менавіта школа беражліва захоўвае памяць пра свайго вучня і па-сапраўднаму ганарыцца такім вядомым чалавекам.
Пазамінулай восенню ў навучальнай установе адкрыўся мемарыяльны пакой Міколы Гамолкі. Вучні школы даследуюць яго творчую спадчыну, разам з настаўнікамі шукаюць экспанаты для музея пісьменніка. Пачуццём адказнасці і непадробнай цікавасцю былі прасякнуты і літаратурныя чытанні, што ладзілі дзеці. Адкрыла сустрэчу дырэктар школы Валянціна Драбышэўская:
— На жаль, сёння Міколы Гамолкі няма з намі, але імя яго ўвакавечана яго творамі, якія і зараз запатрабаваныя, бо яны здольныя навучыць маладое пакаленне сапраўднаму патрыятызму, любові да бацькоўскай зямлі і, галоўнае, яны вучаць думаць і дбаць аб будучым.
У актавай зале сабраліся вучні і педагогі, каб больш даведацца пра жыццё і творчасць Мікалая Іванавіча. Сёлетнія выпускнікі Наталля Драбышэўская, Марына Яхно, Настасся Вакульчук, Аляксандр Плавінскі, Уладзіслаў Ярмош, Багдан Ефіменка і Наталля Карняйчук, а таксама дзесяцікласнікі Алеся Галавач і Алеся Прытуленец падрыхтавалі цікавыя і змястоўныя паведамленні, у якіх знаёмілі слухачоў з героямі твораў Міколы Гамолкі.
Абсалютная большасць літаратурнай спадчыны пісьменніка мае дзіцячую тэматыку. Творы вызначаюцца прыгодніцкай асновай і захапляльным сюжэтам – ад рамантычнага да гераічнага. Пісаў Гамолка і вершы, з іх можна сказаць, і пачыналася яго творчая біяграфія. Але ўсё ж ён больш вядомы як празаік.
З-пад рукі Міколы Гамолкі выйшлі такія вядомыя аповесці як “Лета ў Калінаўцы” і “Добры дзень, школа!”, у якіх зразумелай моваю пісьменнік расказвае пра дзяцей і падлеткаў, станаўленне іх характараў. Героі яго кніг, спісаныя з вяскоўцаў-землякоў, трапляюць у самыя неверагодныя сітуацыі, тым і цікавыя яны чытачам.
Вялікі ўплыў на пісьменніка аказала вайна. Цяжкія суровыя будні, барацьба за жыццё разгортваецца на старонках яго аповесцяў “Дзяўчына ішла па вайне”, “Лясная крэпасць”, “Сокалы – сакаляняты”, “Партызанскія сёстры”. Пакарыўся пісьменніку і фантастычны жанр. У “Шостым акіяне” ён распавядае пра палёты ў космас. Гэта ў пачатку пяцідзесятых гадоў, калі да старта Гагарына было яшчэ так далёка. Зноў да школьнай тэмы пісьменнік звярнуўся ў сваёй апошняй аповесці “Голуб у акне”, якую, на жаль, так і не дапісаў.
Творы М. Гамолкі любілі не толькі на радзіме. Яго кнігі выдаваліся ў Маскве і Кіеве. Напэўна, сакрэт іх папулярнасці ў дакладным выбары сюжэтнай лініі. Кожны свой твор ён стараўся пісаць дасканала, строга адбіраючы з жыцця яркія факты і падзеі. Ён бачыў перад сабою чытача, клапаціўся, каб яго кніга не была раўнадушнай, каб напружаны сюжэт не пакідаў да апошняй старонкі.
— На жаль, сённяшнія дзеці не надта ахвотна бяруць у рукі кнігу, — адзначыла з удзячнасцю за літаратурныя чытанні загадчыца Жыткавіцкай дзіцячай бібліятэкі Валянціна Бондарава. – І тым больш на роднай мове, гэта шкада. Ніякія сучасныя электронныя сродкі накшталт камп’ютара не здольныя замяніць кнігу, якая прымушае думаць, выхоўваць душу чалавека.
Валянціна Мікалаеўна запрасіла школьнікаў прыходзіць у бібліятэку, дзверы якой заўсёды расчынены, нягледзячы на надта сціплыя абставіны, у якіх вымушана зараз працаваць гэтая ўстанова.
Падводзячы вынікі літаратурных чытанняў, іх арганізатар, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Зінаіда Кальцова, выказала надзею, што творчая дзейнасць нашага пісьменніка знойдзе водгукі ў сэрцах сённяшняга пакалення яго землякоў. А завяршылася мерапрыемства наведваннем мемарыяльнага музея Міколы Гамолкі.