Не падводзяць інструментальшчыкі
На пытанне пра формулу поспеху, пра тых “кітоў”, на якіх будуецца агульны здабытак калектыва, дырэктар Жыткавіцкага маторабудаўнічага завода Віктар Кур’яновіч сказаў:
— Адназначных “рэцэптаў”, на маю думку, няма. Бо сёння адна сітуацыя, заўтра — другая. Але ёсць стратэгічныя накірункі, якіх мы прытрымліваемся па-ранейшаму, не забываючы тое, што працуем на заводскія канвееры. Гэта выхад на новыя заказы, выраб новых дэталей і пашырэнне рынкаў збыту. У чэрвені бягучага года, напрыклад, на нашым галаўным прадпрыемстве — Мінскім маторным заводзе — адбылася знакавая падзея: прэзентацыя новых распрацовак дызельных рухавікоў, у рамках якой быў ажыццёўлены запуск малалітражнага трохцыліндровага рухавіка ММZ-3Ld. Гэты новы інавацыйны прадукт будзе запатрабаваны, па ўсім бачна, як у Беларусі, так і за яе межамі. Серыйны выпуск яго пачынаецца з новага года, і наш удзел у гэтым праекце – 12 новых дэталей. Пад пільным кантролем і пытанні экспарту, па якім мы, без перабольшвання, займаем першае месца ў раёне. Калі ўзяць, напрыклад, тую ж помпавую наменклатуру, рэалізацыю нашай прадукцыі ў Егіпет, Пакістан, то аб’ём заказаў у апошні час узрос у два разы. Працуючы на перспектыву, бяром крэдыты пад закуп новага, сучаснага абсталявання, ведаючы, што гэта дасць добрую аддачу.
На канчатковую прадукцыю, усё ўзрастаючыя яе аб’ёмы і патрэбную якасць калектыў завода працуе ў дзве змены. Многія працуюць і па суботах, што дазваляе паспяхова выконваць заказы заводаў-вырабляльнікаў і прыкметна палепшыць свой сямейны дастатак, бо аплата ў выхадны дзень падвоеная. Свае задачы штодзённа стаяць перад механічнымі цэхамі №4 і №7, участкам запчастак, аддзеламі галоўнага механіка і галоўнага энергетыка. Бесперапынны цыкл работ у адным з самых гарачых цэхаў – ліцейна-тэрмагальванічным.
А вось інстументальны ўчастак на маторабудаўнічым заводзе па праву называюць сэрцам прадпрыемства.
— Асноўная наша задача, — расказвае начальнік інструментальнага аддзела Уладзімір Кавалец, — гэта выраб тэхнічнай кантрольнай аснасткі, рэжучых і мерыльных інструментаў, а таксама забеспячэнне асноўнай вытворчасці і іншых дапаможных службаў закупленымі інструментамі: абразіўнымі, алмазнымі, слясарна-мантажнымі, пнеўматычнымі і электрычнымі. У большасці сваёй інструменты гэтыя павышанай дакладнасці, асобныя з допускам да двух мікрон. Такая дакладнасць, несумненна, патрабуе ад усіх работнікаў высокага прафесіяналізму і якаснага выканання ўсіх аперацый. І тут трэба быць вельмі пільным, бо самы нязначны брак можа прывесці да браку на асноўнай вытворчасці. Што, безумоўна, ні ў якім разе недапушчальна. Вось чаму кіраўніцтва прадпрыемства, улічваючы немалаважнасць гэтага структурнага падраздзялення для вытворчасці, увесь час стараецца ўмацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўчастка больш сучасным абсталяваннем і высокакваліфікаванымі кадрамі.
Растуць аб’ёмы вытворчасці асноўнай прадукцыі, таму і запатрабаванасць у неабходным інструменце павялічваецца. Нярэдка інструментальшчыкі працуюць і ў выхадныя дні, каб за імі не было затрымак. Высокі прафесіяналізм рабочых дапамагае калектыву паспяхова спраўляцца з напружаным заданнем. Кожны з іх мае высокія пяты-шосты кваліфікацыйныя разрады. Многія вопытныя спецыялісты шчыруюць на прадпрыемстве практычная з першых гадоў яго заснавання. І вопыт у гэтай рабоце — вялікая справа.
З першых гадоў працуе на заводзе і сам Уладзімір Кавалец. Майстар, старшы інжынер, намеснік начальніка, начальнік — такія яго прыступкі росту па службовай лесвіцы. Яшчэ на зары станаўлення завода пачынаў сваю працоўную дзейнасць у інструментальным з многімі сваімі падначаленымі. Тут на той час было больш за сотню рабочых і спецыялістаў. Многія, на жаль, пакінулі завод, але ў майстэрстве тых, хто застаўся, ён упэўнены: не падвядуць. Маладым і здольным тут заўсёды рады, стараюцца ва ўсім дапамагаць. Уладзімір Кавалец са станоўчага боку адзначыў працу і стараннасць токара-расточніка 6 разраду і шліфоўшчыка 5 разраду Эдуарда Крукоўскага, шліфавальшчыка Леаніда Віслауса, слесараў-інструментальшчыкаў Сцяпана Пятрычыца, Аляксандра Кіпеня і многіх іншых.
Сяргей Кулакевіч.