Ох, і палешукі!
Бульбу варым, бульбу жарым,
Бульбу печану ядзім.
Смачна бульба з селядцом,
Смачна бульба з агурцом,
Смачна бульба і з капустай,
Смачна бульба і з сальцом.
Колькі смачных страў можна прыгатаваць з нашай беларускай бульбачкі: дранікі, бабку, калдуны. А печаная на вогнішчы – гэта такое смакоцце… Днямі зноў пабываў у маім родным Жыткавіцкім раёне: у Дзедаўцы, Пухавічах, Кольна, Азяранах, Хваенску, Сямурадцах, на Майдані. Вельмі было прыемна глядзець на ўбраныя жытнёвыя палі, на зялёныя кукурузныя палеткі, на шырокі бураковы ліст. А як радавалася душа ад багацця бульбяных палеткаў: капнеш раз — і з зямлі такія вялізныя, чыстыя рознакаляровыя клубні выварочваюцца. Толькі паспявай у кошык кідаць. Калі ёсць добры ўраджай і ў гумне поўна, тады і краіна багатая, і чалавек шчаслівы.
На Майдані ля Хваенска завітаў я да Дзмітрыя Ярмоленкі, бо ён не толькі дбайны гаспадар, але і вялікі аматар музыкі. Некалькі гармонікаў, баян, бубен дома мае. І як зайграў ён на радасці, бо шмат бульбы накапаў. А потым і кажа мне:
— Мікола, мне здаецца, што бульба весялей расце пад музыку. А яшчэ, калі чаргу кароў ганяў на пашу, то, бывала, як зайграю ім, каровы стаяць і глядзяць, а малака ў іх прыбывае багата. Я для гармоніка жыву і не старэю, і жыць хочацца. Сваім родным кажу: памру, каб гармонік у труну паклалі. Упэўнены, што музыка — вялікая сіла.
Наведаўся таксама ў хату і да Эвеліны Федаровіч, якая ўсё жыццё спявала ў мастацкай самадзейнасці. Яна адразу заспявала пра бульбу:
Бульба ў печы, бульбу з печы,
Бульбу ў торбачку і на плечы.
— Слава Богу, добрая бульба на ўчастку вырасла, будзем дзяржаве дапамагаць, бо ўсю не з’ямо, — весела адзначыла жанчына.
І тут жа пад гармонік Сяргея Страха яна затанчыла, аж муж здзівіўся: “Толькі што хворая была, а ўжо скача”.
Ну, як тут не парадавацца разам з людзьмі, калі зямля аддзячыла іх старанні багатым ураджаем. Памятаюць на Палессі пра народную мудрасць дзядоў, якая вылілася ў мностве прымавак і іншых творах: “Будзь да зямлі з ласкай, будзеш з хлебам і каўбаскай”, “Не ляніся, нізка зямлі пакланіся”, “Родная зямелька – вандроўніку пасцелька”.
У аграгарадку Азяраны сустракаю адразу трох былых танцораў Тураўскага народнага ансамбля танца “Прыпяць”. Ужо людзі з сівізною ў валасах, кожнаму год пад шэсцьдзесят. Успаміны пра маладосць плаўна пераліліся ў майстар-клас танца. Знаёмыя казалі: “Мы хоць не сталі прафесійнымі артыстамі, але на ўсіх святах атрымліваем апладысменты. Як выкінем каленца з “яблычка”, а ў жанчын вочкі гараць ясным агеньчыкам. Навуку танца сваім дзецям перадаем, як і да працы прывучаем уласным прыкладам”.
У такія хвіліны хацелася стаць на калені і пакланіцца маёй зямлі. Дзякуй табе, маё Палессе, дзякуй вам, людзі працы і мастацтва. Ад вас залежыць багацце раёна і ўсёй краіны. І з гэтай высновай я працягваю вандраваць па раёну, бо, здаецца, яшчэ мала ведаю пра чысціню і глыбіню палескай душы.
М. Котаў,
фалькларыст, заснавальнік
народнага ансамбля танца
“Прыпяць”.