Павесяліцца настала пара
Дзедаўка святкавала. Весела, шчыра, душэўна. Настолькі ўсё было добра арганізавана на дні нараджэння населенага пункта.
З самай раніцы гаспадары прымалі гасцей, якіх з’ехалася ў вёску нямала. Гэта і самадзейныя артысты з Чэрніч і Грэбеня, і аднавяскоўцы, ураджэнцы вёскі, і жыхары з суседняга аграгарадка Людзяневічы. Усе яны прыехалі ў Дзедаўку, каб разам з яе насельнікамі прыдбаць добрага настрою і станоўчых эмоцый. Гэта ўдалося, бо ў самой вёсцы яшчэ не адзін дзень жылі яркімі ўражаннямі, што пакінула свята. Пачалося ж яно з малебна, які правялі ля капліцы на вясковых могілках айцы Генадзь і Мікалай. Дарэчы, гэтая капліца збудавана за сродкі адной з ураджэнак вёскі, а самі могілкі добраўпарадкоўваліся дзякуючы ініцыятыве насельніцтва. Урачыста несліся словы малітвы ў гонар продкаў, якія некалі заснавалі і развівалі жыццё ў гэтай мясціне.
Далей дзея развярнулася ля сельскага клуба. Менавіта тут сабраліся ўсе жыхары і госці на ўрачыстасць і забавы. Усіх насельнікаў хораша прывіталі вядучыя вясковых імянін, работнікі ўстановы культуры Алена Радчэня і Ларыса Пятроўская. Святочнасці спрыяла прыгожа аформленая мясцовасць, дзе і прайшла галоўная дзея мерапрыемства. Прывіталі людзей і дзеячы царквы. А потым пачалося ўзнагароджванне. Падарункі з вялізнага куфра былі ўручаны старэйшай жыхарцы паселішча Еўдакіі Танені. Муж і жонка Алена і Уладзімір Піскуны атрымалі ўзнагароду за самы добраўпарадкаваны падворак на вёсцы. Не забыліся арганізатары ўрачыстасці і на юных насельнікаў Дзедаўкі. Дзевяці хлопчыкам і дзяўчынкам, што прымаюць актыўны ўдзел у культурна-грамадскім жыцці населенага пункта, уручылі на свяце спецыяльныя дыпломы. Ніна Стаўбенка была адзначана як лепшы вясковы майстар-кулінар. Аж на некалькі сталоў напякла яна розных страў. Варта сказаць, што яна вярнулася на сваю малую радзіму аж з-пад Байкала, дзе доўгі час пражывала.
Нельга не адзначыць, што сярод жанчын Дзедаўкі нямала выдатных кулінараў. Таму спецыяльна на свяце правялі сярод іх конкурс на прыгатаванне найлепшай стравы. Перамогу ў ім атрымала Таццяна Краменская са сваімі піражкамі з чарніцамі. Праявілі свой талент у прыгатаванні страў і мужчыны. Васіль Стаўбенка і Мікалай Жогаль прама на мерапрыемстве прыгатавалі наварыстую юшку, якой частавалі гасцей і аднавяскоўцаў.
Насельнікі Дзедаўкі могуць ганарыцца не толькі сваімі кулінарнымі здольнасцямі, але і музычнымі. Не кожны населены пункт можа пахваліцца, што ў ім на цяперашні час пражываюць аж чатыры гарманісты. На дні вёскі паміж імі ды прыезджымі музыкамі зладзілі творчае спаборніцтва, роўных у якім не было Сяргею Яфімовічу з Чэрніч. Актыўна прымалі ўдзел вяскоўцы ў танцавальных і песенных конкурсах. Ахвотнікаў паскакаць і паспяваць было дастаткова.
Нямала радасных і цікавых момантаў было на вясковым фэсце. Гэта і бяспройгрышная латарэя “Дзед-лато”, і розныя забаўляльныя і спартыўныя конкурсы. У апошніх саперніцтва завязалася паміж мясцовымі мужчынамі і прадстаўнікамі моцнага полу з аграгарадка Людзяневічы. І, канечне ж, самыя станоўчыя эмоцыі атрымалі людзі ад выступлення самадзейных мастацкіх калектываў “Спасаўка” Чэрніцкага і “Скарбніца” Грэбеньскага сельскіх клубаў.
Дапазна адзначалі дзень вёскі ў Дзедаўцы. Калі ж сцямнела, над населеным пунктам узвіліся рознакаляровыя агні феерверка. Што свята было такім насычаным і прыгожым, немалая заслуга і спонсараў, якія дапамаглі арганізатарам мерапрыемства матэрыяльна.
Сяргей БЕЛКА.