Вопыт — моцны падмурак
Тая ліпеньская пятніца стала для Уладзіміра Рая, бадай што, адным з самых шчаслівых дзён у яго жыцці. Нішто і ніхто не падвялі з самай раніцы паўвекавога юбіляра: ні сонечная пагода, ні таварышы па рабоце, ні родзічы. Пагода была быццам бы па заказу, а калегі і радня на самым пачатку новага дня павіншавалі Уладзіміра Валянцінавіча з 50-годдзем і выказалі яму самыя добрыя пажаданні.
Пасля заканчэння васьмігодкі юнак працягнуў вучобу ў Мазырскім політэхнічным тэхнікуме, дзе атрымаў спецыяльнасць тэхніка-будаўніка. Першыя радкі сваёй працоўнай будаўнічай біяграфіі “напісаў” аж у далёкім Камсамольску-на-Амуры, пасля чаго шчыраваць у асноўным давялося на новабудоўлях сваёй роднай Жыткаўшчыны, не лічачы паездак у Маскву, калі ліхаманіла як краіну, так і яе будаўнічую галіну…
Працаваў у ДБПМК-53 і БУ-219, у прыватным прадпрыемстве “Рытм-будсервіс”, зараз – прарабам у Жыткавіцкай перасоўнай механізаванай калоне. У яго шырокае кола абавязкаў – ад расстаноўкі людзей і тэхнічных сродкаў на аб’екце да кантролю за іх работай, дакладнага ўліку. Зараз Уладзімір Валянцінавіч разам са сваімі шматлікімі калегамі ўзводзіць новы саракакватэрны дом у мікрараёне Азёрны нашага райцэнтра. Які ён па ліку ўжо для вопытнага будаўніка – цяжка нават падлічыць.
Работы тут наладжаны ў дзве змены, завіхаюцца брыгады на аб’екце з 6 гадзін раніцы да 22 гадзін. Працуе шмат субпадрадных арганізацый, і разам з жыткавіцкімі будаўнікамі жыллёвы кааператыў узводзіць восем дзясяткаў чалавек. Прараб Уладзімір Рай не хавае свайго задавальнення ад таго, што ў дастатку будаўнічых матэрыялаў – блокаў, цэглы, плітаў, што работы ідуць рытмічна. А гэта важнейшая задача і мэта кожнага прараба.
…Пяцідзесяцігоддзе для Уладзіміра Рая выпала на першую пятніцу жніўня. А праз тыдзень ён прымаў новыя віншаванні, з нагоды яго прафісійнага свята — Дня будаўніка. Яшчэ б! звыш трыццаці гадоў аддаў ён абранай на ўсё жыццё самай старажытнай і разам з тым заўсёды самай сучаснай прафесіі будаўніка. А юбілей… Што такое 50 гадоў для чалавека? Гэта ж усяго паўстагоддзя…
Сяргей Вільчык.