17 верасня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка
17 верасня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка (Яўгена Іванавіча Скурко), лаўрэата Сталінскай і Ленінскай Дзяржаўных прэмій СССР, акадэміка Акадэміі навук Беларусі, старшыні Вярхоўнага Савета БССР, дэпутата Вярхоўнага Савета СССР, Героя Сацыялістычнай Працы, ганаровага грамадзяніна горада Мінска.
Гэты вядомы паэт і дзяржаўны дзеяч нарадзіўся ў вёсцы Пількаўшчына на Мядзельшчыне Мінскай вобласці. У кнізе “Пяцьдзесят чатыры дарогі”, выдадзенай у 1963 годзе, ёсць ягоная аўтабіяграфія, дзе Яўген Іванавіч апісвае сваё дзяцінства, юначыя і сталыя гады жыцця. А жыццё было цяжкім, бо за рэвалюцыйную дзейнасць неаднаразова арыштоўваўся, сядзеў у турме. Вось што напісаў сам аўтар: “Няшмат дзён мне ўдалося пабыць на волі. Яшчэ перад выхадам з астрога ў суседняй камеры падчас вобыску стражнікі знай-шлі антырэлігійныя і рэвалюцыйныя вершы і першамайскую адозву. Усё гэта, як я потым даведаўся, і паслужыла матэрыялам да маёй новай справы.
— А, зноў вярнуўся стары госць! — гэтымі словамі сустрэў мяне на “Лукішках” знаёмы стражнік. — Ну, ці доўга быў на волі?
— Больш, як вы, — адказаў я.
І сапраўды, я хоць якія два месяцы пабыў на волі, а ён, амаль не выходзячы, жыў у турме. Толькі адна была розніца: я — за дзвярыма камеры, а ён — перад дзвярыма. Ходзіць ды бразгае ключамі”.
У сярэдзіне 30-х гадоў паэт працаваў у рэдакцыях газеты “Наша воля”, часопіса “Калоссе”, а калі ўсталявалася граніца з Літвой, пераехаў з Вільні ў Вілейку, дзе разам са сваёй жонкай, Любоўю Андрэеўнай Асаевіч, працаваў у рэдакцыі абласной газеты. Праз год пераехалі ў Беласток, дзе яна паступіла ў педінстытут.
У 1940 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве выйшаў ягоны зборнік “Выбраныя творы”, у які ўвайшлі вершы з папярэдніх, пакалечаных цэнзурай зборнікаў “На этапах”, “Журавінавы цвет”, “Нарач”, “Пад мачтай”, выдадзеных яшчэ да ўз’яднання Заходняй Беларусі.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны служыў у франтавой газеце “За Савецкую Беларусь”, рэдактарам якой быў пісьменнік Міхась Лынькоў. У 1942 годзе напісаў паэму “Янук Сяліба” аб гераічнай партызанскай барацьбе нашага народа, калі жыў у Маскве, працаваў у агітплакаце “Раздавім фашысцкую гадзіну”.
Пасля Вялікай Перамогі над гітлераўскай Германіяй пераехаў у Мінск, працаваў у часопісах “Вожык”, “Полымя”.
За пасляваенныя гады выйшлі зборнікі вершаў “Каб ведалі”, “На камяні, жалезе і золаце”, “У дарозе”, “След бліскавіцы”, “Мой хлеб надзённы”, шэраг іншых.
Нядаўна ў газеце “Беларуская ніва” прачытаў вялікі даследчы артыкул “Невядомы Максім Танк”, у якім карэспандэнт “БН” гартала сямейны альбом народнага паэта Беларусі разам з яго сынам — Максімам Скурко. Там праследжваецца гісторыя сям’і паэта, якую дапаўняюць чорна-белыя фотаздымкі. Даведаўся, што паэт вельмі любіў малако. Неяк на кірмашы падыходзіць да бабулі, хоча купіць у яе трохлітроўку, а яна: “Куды наліць?” — “Куплю са слоікам”. — “Не, сынок, у нас з слоікамі кепска. Яго не прадам”. — “А, ну і не трэба”. Выпіў тры літры і пайшоў далей!
Максім Танк быў вельмі сціплым чалавекам. І напісаў завяшчанне, у якім прасіў, каб пахавалі не на сталічных Маскоўскіх могілках, а ў роднай Пількаўшчыне, побач з бацькамі. І каб ніякіх помнікаў яму не ставілі, не называлі ягоным імем школы, універсітэты, вуліцы, не вешалі мемарыяльных дошак.
Жонка класіка беларускай літаратуры Любоў Андрэеўна пайшла з жыцця 17 сакавіка, а ён сам — праз некалькі месяцаў — 7 жніўня 1995 года. Дарэчы, урну з прахам жонкі муж трымаў дома. Дамовіліся, што, калі ён таксама пойдзе з жыцця, то гэтую урначку апусцяць у яго магілу. Так потым і зрабілі, калі Максіма Танка хавалі ў Пількаўшчыне.
Мікола ЛЕЎЧАНКА,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі.