Новая кніга пра тураўскае княства

На месцы сённяшняга ціхага Турава ў старажытныя часы стаяў багаты, магутны горад з мураванымі храмамі і манастырамі, які быў сталіцаю асобнага княства. У канцы 10-га стагоддзя кіеўскі князь Уладзімір Святаслававіч пасадзіў у Тураве на княскі пасад свайго сына Святаполка. Уладу над Тураўскім княствам захаваў і князь Яраслаў Мудры. У 11 стагоддзі тураўскія князі часта займалі пасад у Кіеве, што сведчыць пра значнасць Турава. У 20-х гадах 12-га стагоддзя Тураўскі пасад заняў сын Уладзіміра Манамаха князь Вячаслаў. Ён спрабаваў завалодаць Кіевам, але прайграў змаганне, і ў выніку тураўская зямля страціла на нейкі час свае гарады Берасце, Дарагічын, Клецах, Рагачоў і Чартарыйск.

Пасля Вячаслава, які тры разы мусіў пакідаць Тураў і тры разы вяртаўся, тураўскія князі пачалі мяняцца адзін за другім. Так доўжылася да 1158 года, пакуль пасад не заняў Юрый Яраслававіч. Ён быў прадстаўніком старога тураўскага роду, хацеў пазбавіцца залежнасці ад Кіева і карыстаўся ў гэтым моцнаю падтрымкаю сваіх падданых. Кіеў запатрабаваў пакоры, але князь Юрый адмовіўся быць васалам. Тады на Тураў рушыла вялізарнае войска, у якім разам з кіяўлянамі ішлі смаленскія, галіцкія, луцкія ды іншыя дружыны. Аднак задума з ходу авалодаць Туравам правалілася. Тураўцы ператварылі Тураў у непрыступную фартэцыю. Праз 10 тыдняў аблогі ў лагеры нападаючых пачаўся конскі паморак, і кіеўляне са сваімі хаўруснікамі адступілі. Перамога Турава, атрыманая дзякуючы мужнасці жыхароў і вайсковаму майстэрству князя Юрыя Яраславіча, спрычынілася да незалежнасці княства.
У багатых кнігазборах горада захоўвалася рукапіснае Тураўскае Евангелле 11-га стагоддзя – самая старажытная кніга са створаных у Беларусі. Тут жыў і працаваў Кірыла Тураўскі, з-пад пяра якога выходзілі натхнёныя аповесці, “Словы”, прыпавесці (прытчы), пасланні і павучанні. Ужо ў тыя часы да Кірылы Тураўскага прыйшла літаратурная слава. Яго творы перапісвалі, чыталі і вучылі на памяць ва ўсіх усходнеславянскіх княствах.
Абвеяны легендамі Тураў па-ранейшаму прыцягвае да сябе ўвагу мясцовых краязнаўцаў, гісторыкаў, вучоных, празаікаў, паэтаў, кампазітараў. Яскравым сведчаннем таму і новая кніга «Тураўскае княства (Х-ХІV стагоддзі)» расійскага аўтара Аляксандра Чароміна. Прэзентацыя яе раней адбылася ў Тураве, а напрыканцы мінулага тыдня на сустрэчу з аўтарам і яго кнігаю ў малой зале гарадскога цэнтра культуры сабраліся школьнікі, настаўнікі, бібліятэкары, пенсіянеры, усе, хто не раўнадушны да мінуўшчыны нашага палескага краю, хто цікавіцца гісторыяй і культурай сваёй Бацькаўшчыны.
Прэзентацыю “Да гісторыі душою датыкнуцца…” адкрыла і цудоўна правяла бібліятэкар цэнтральнай раённай бібліятэкі Марына Шышанкова.
— У кнізе шмат ілюстрацый, — адзначыла вядучая, — маецца генеалагічнае дрэва ўсіх тураўскіх князёў. Само выданне пабачыла свет у выдавецтве “Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа. Масква – Мінск” невялікім тыражом у 1700 асобнікаў, і мы верым, што гэтая кніга знойдзе свайго чытача.
На сцэну быў запрошаны сам аўтар, які распавядаў пра сябе, пра тое, як узнікла ідэя стварэння гэтай манаграфіі, якія складанасці ўзнікалі падчас работы, як працавалася яму ў розных архівах.
Затым адбылося абмеркаванне кнігі. Першаму слова было прадастаўлена метадысту раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Васілю Нікановічу. І ўпаўне заканамерна, што рэй павёў Васіль Васільевіч, бо ў нашым горадзе і раёне яго ведаюць як шчырага беларуса, які добра ведае і шануе беларускую мову, гісторыю і культуру.
— Нас павінны ведаць у свеце, бо нам, нашчадкам слаўных дрыгавічоў, сапраўды ёсць чым ганарыцца, маючы такую багатую гісторыю, — такім быў лейтматыў выступлення Васіля Нікановіча.
З вялікай цікавасцю кніга была прачытана жыхарамі горада жыткавічы. У першую чаргу не маглі застацца раўнадушнымі да гэтага новага выдання настаўнікі гісторыі. І на сцэну падзяліцца сваімі ўражаннямі была запрошана настаўніца гісторыі дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія горада Жыткавічы” Марына Рамановіч. Яна дала станоўчую ацэнку кнізе. На думку Марыны Аляксандраўны, матэрыялы ў ёй пададзены цікава, яна будзе карыснай для вучняў, настаўнікаў, у цэлым для падрастаючага пакалення, якое яшчэ раз пасля прачытання кнігі пераканаецца, што Тураў — гэта ядро Палесся…
— У Жыткавічах ёсць нямала людзей, якія захапляюцца гісторыяй свайго краю, — сказала далей Марына Шышанкова, — увесь час знаходзяцца ў творчым пошуку. І калі знаходзяць нешта новае, то дзеляцца сваімі знаходкамі з усімі на старонках раённай газеты “Новае Палессе”. І мы прадстаўляем слова яе супрацоўніку Сяргею Кулакевічу.
Выступоўца падзякаваў Аляксандру Чароміну за яго інтарэс да гісторыі нашага старажытнапалескага горада, за тую скурпулёзнасць, з якой была пададзена гісторыя князявання ў Тураве, генеалагічнае дрэва кожнага княжага роду. І шчыра прызнаўся, што пры чытанні ўвесь час чакаў для сябе нейкіх новых адкрыццяў, гістарычных “сюрпрызаў”, але, на жаль, не дачакаўся іх. Цуда не адбылося, смага не была спатолена… Зрэшты, як сказаў журналіст, адно адкрыццё ўсё ж для яго было: удзел тураўскіх князёў у першай бітве русічаў з мангола-татарамі на рацэ Калка ў 1223 годзе і іх жудасная смерць. А вось аўтарская версія аб паходжанні назвы Турава яго не пераконвае…
— А ўвогуле дзякуй аўтару за кнігу. Хачу пажадаць яму моцнага здароўя і новых творчых знаходак.
Як вядома, у Тураўскім краязнаўчым музеі знаходзяцца экспанаты, але галоўным сховішчам тураўскай спадчыны ў нашым раёне застаюцца бібліятэкі. Якую ж работу праводзяць яны ў гэтым накірунку? Аб тым прысутным расказала намеснік дырэктара Жыткавіцкай цэнтральнай бібліятэкі Ірына Сяргеева.
У праграме мерапрыемства былі таксама вершы, песні, танцы. Як прызнаўся Аляксандр Чаромін, раней такой цікавай, насычанай прэзентацыі ў яго ні па адной манаграфіі не было.
Аўтару кнігі пра Тураўскае княства падзякавала, уручыла кветкі і DVD-дыск “Жыццё Тураўскага луга” дырэктар Жыткавіцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Людміла Кронда.
Доктар навук, прафесар Аляксандр Чаромін ад душы дзякаваў прысутным за ўвагу і цікавасць да яго кнігі. Дарэчы, у планах аўтара больш разгорнутае выданне пра нашу Тураўшчыну, а таксама кнігі пра Брэст і Полацк.
Пасля прэзентацыі жадаючыя маглі купіць кнігу Аляксандра Чароміна «Тураўскае княства (Х-ХІV стагоддзі)» з аўтографам аўтара.
Сяргей ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.