Партнёр – значыць надзейны
Адкрытае акцыянернае таварыства “Жыткавічы-хімсервіс” было створана ў свой час як адзін з самых блізкіх і значных памочнікаў тады яшчэ калгасаў і саўгасаў па іх аграпрамысловаму комплексу. І запачаткавала сябе тагачасная новая арганізацыя на селькагаспадарчай карце раёна як райсельгасхімія, з дапамогай якой значна ўзрасла ўраджайная сіла кожнага гектара ворыва.
Мяняліся шыльды прадпрыемства, а вось надзейным партнёрам сельгаспрадпрыемстваў яно засталося па-ранейшаму, хаця віды вытворчай дзейнасці тут значна пашырыліся. Так што Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу – гэта па праву і іх свята, да якога яны прыйшлі з грунтоўнымі паказчыкамі ў галіне сельскагаспадарчай вытворчасці.
За тры кварталы года працоўным атрадам “Жыткавічыхімсервіса” на палеткі нашых КСУПаў было вывезена 7055 тон арганічных угнаенняў, у тым ліку 4755 тон сапрапелю, 500 тон з якіх заворана ў глебу. Вапнаванне кіслых глебаў праведзена на плошчы 1555 гектараў. Мінеральныя тукі былі ўнесены на плошчы 2500 гектараў, на 3300 гектарах праведзена хімахова пасеваў.
Арганізацыя не толькі дапамагае сельгаспрадпрыемствам раёна ў павышэнні ўраджайнасці зямлі, але на ўласнай базе стварае сваё, так бы мовіць, у мініяцюры. Маецца 491 гектар сельгасугоддзяў, у тым ліку 308 гектараў ворыва, свінакомплекс на 1040 гадаванцаў. І калі два гады назад свінагадоўля была стратнай, то цяпер рэнтабельнасць яе абнадзейвае. Галоўны акцэнт робіцца на продаж парасят насельніцтву. Па свінагадоўлі рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі за студзень-верасень 2012 года склала 47,1 працэнта. Летась пачалі разводзіць авечак, паспрабавалі і гусей, а для экзотыкі – в’етнамскіх свіней.
Адзін з найбольш даходных накірункаў дзейнасці прадпрыемства – здабыча, перапрацоўка і продаж сапрапелю. Гэты карысны глей возера Чырвонае з поспехам прымяняецца ў сельскай гаспадарцы, медыцыне, пры нафтаздабычы. Сыравіну з возера запампоўваюць у так званыя чэкі. Год яна адстойваецца і толькі потым ідзе на перапрацоўку. Сёння гэту сыравіну з поспехам выкарыстоўваюць яшчэ і як аснову грунту для раслін. Тут яго выпускаюць сямі відаў, на любы густ садоўніка і агародніка. А беларускія нафтавікі з вялікім поспехам выкарыстоўваюць сапрапелі для вытворчасці свідравальных раствораў. Таму працуюць у цесным кантакце з аб’яднаннем “Беларуснафта”, прадпрыемствам “Прамбурвод”.
Пастаянны творчы пошук, пашырэнне сферы дзейнасці і паслуг – адметны стыль работы калектыва на чале з энергічным, прадпрымальным лідарам “Жыткавічыхімсервіса” Віктарам Атліванавым. І гэта ўсяляе ў кожнага аптымізм, упэўненасць у заўтрашнім дні, новыя сілы ў рабоце і забяспечвае важкія здабыткі ў выкананні вытворчых паказчыкаў. За тры кварталы бягучага года прыбытак склаў 1 мільярд 824 мільёны рублёў, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі – 20,7 працэнта.
Сяргей КУЛАКЕВІЧ.