Эстафета патрыятычных спраў
Накопленым вопытам работы па патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення днямі дзяліліся навучэнцы і педагогі школ райцэнтра са сваімі гасцямі з Петрыкаўшчыны. Гэтыя мерапрыемствы прайшлі ў рамках абласной эстафеты патрыятычных спраў.
Распачалося ўсё ля помніка загінуўшым воінам і партызанам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Тут навучэнцы СШ №2 горада і іх настаўнікі, дэлегацыя з Петрыкава, прадстаўнікі абласнога ўпраўлення і кіраўніцтва раённых аддзелаў адукацыі, а таксама ідэалогіі правялі мітынг, падчас якога ўшанавалі памяць аб загінуўшых на палях вайны салдатах. Нямала прагучала пранікнёных слоў пра подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў, якія здабылі перамогу, выказана смутку і жалобы пра ахвяры фашызму. У памяць пра іх была абвешчана хвіліна маўчання, а таксама да гранітных пліт ускладзены вянкі. Гэтым мерапрыемствам было падкрэслена, што маладое пакаленне памятае пра тых людзей, дзякуючы мужнасці якіх мы жывем пад мірным небам.
Гераізм і патрыятызм, вернасць вайсковаму абавязку, самаахвярнасць нашых землякоў дзеля Радзімы, што прайшлі праз гарніла афганскай вайны, — на гэтым быў зроблены акцэнт падчас наведвання гарадской гімназіі. Калектыў установы вельмі гасцінна сустракаў прадстаўнікоў мерапрыемства. У гімназіі падрабязна расказалі аб сваёй навучальнай установе, той значнай навукова-пошукавай рабоце, што праводзіцца вучнямі і педагогамі па выхаванні патрыятычных пачуццяў. Адным з такіх накірункаў з’яўляецца афганская тэматыка. Праца па ёй, якая пачалася з невялікай папкі матэрыялаў, ужо прынесла добры плён – ва ўстанове створаны і паспяхова дзейнічае музейны пакой, экспазіцыі якога прысвечаны ваенным дзеянням у Афганістане, ураджэнцам нашага раёна, якія прымалі ў іх удзел. Каштоўнасць яго яшчэ ў тым, што ўвесь матэрыял для пакоя, яго афармленне зроблена рукамі настаўнікаў і дзяцей. Менавіта гэтая ініцыятыва вымусіла правесці значную пошукавую работу, непасрэдна ў час яе, так бы мовіць, следапытам сэрцам і душой дазволіла адчуць тыя пачуцці, што перажылі воіны-інтэрнацыяналісты, іх маці ў тыя гады, а таксама шмат даведацца пра мужнасць і адвагу маладых хлопцаў, узяць з іх прыклад для ўласнага жыцця цяперашнім хлопчыкам і дзяўчынкам. Праведзеная па музейным пакоі экскурсія паказала, што гімназісты ганарацца зробленай справай і не збіраюцца яе пакідаць. Чым не станоўчы арыенцір у выхаваўчым працэсе для будучага жыцця сваіх навучэнцаў.
У першай гарадской сярэдняй школе любоў да Бацькаўшчыны, яе культуры, мовы, традыцый выхоўваюць на прыкладзе жыцця нашых славутых землякоў. Такім з’яўляецца пісьменнік Мікола Гамолка, у гонар і памяць аб якім у навучальнай установе створаны музей. На экскурсію па ім і запрасілі ўдзельнікаў мерапрыемства настаўнікі і вучні школы. З вялікім задавальненнем хлопчыкі і дзяўчынкі, а таксама іх педагогі разглядвалі сабраны багаты матэрыял экспазіцый, а яшчэ прыемней было чуць родную мову, на якой экскурсаводы расказвалі пра жыццёвы шлях пісьменніка, які нямала зрабіў для развіцця беларускай літаратуры. Тым больш што героі твораў Міколы Гамолкі — гэта падлеткі, на ўчынках якіх і цяперашнія школьнікі могуць вучыцца дабрыні, працавітасці, адданасці свайму краю, іншым станоўчым якасцям. Адным словам, усяму таму, без чаго немагчыма стаць сапраўдным патрыётам сваёй Радзімы.
Годна сустрэлі гасцей і ў СШ №3 райцэнтра, дзе і адбылася асноўная дзея эстафеты. Напачатку рабят з суседняга раёна запрасілі на псіхалагічныя трэнінгі, а іх педагогаў – у музей праваслаўнай культуры. Потым у актавай зале калектывы школ і гімназіі прадэманстравалі свае набыткі, якія накоплены ў выхаванні патрыятызму. У прывітальным слове, з якім да настаўнікаў і вучняў звярнулася галоўны інспектар абласнога ўпраўлення адукацыі Галіна Маёрава, яна выказала думку, што поспех у выхаваўчым працэсе залежыць ад здольнасцей, ініцыятыўнасці, творчага падыходу педагогаў, якія ўмела вядуць за сабой дзяцей, натхняюць іх на карысныя справы. У зале ж сабраліся сапраўдныя актывісты дзіцячага руху. У гэтым пераканаліся ўсе, калі паглядзелі выступленні членаў дзіцячых грамадскіх арганізацый гарадскіх школ. Кожнае з іх было непаўторным, насычанае музычнымі і вершаванымі кампазіцыямі, якія надавалі яркасці і відовішчнасці. Напрыклад, вучні трэцяй школы акцэнтавалі ўвагу гледачоў на тым, як моцна тут развіты грамадскі дзіцячы рух. У шарэнгах акцябрат, піянераў, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі аб’ядноўваецца больш за паўтысячы навучэнцаў гарадской СШ №3. І дзейнасць іх дзякуючы кіраўніцтву, педагогам вядзецца мэтанакіравана па пяці разнастайных праграмах, якія дапамагаюць выхоўваць у хлопчыкаў і дзяўчынак самыя добрыя пачуцці, развіваць іх творчыя здольнасці, рабіць правільнае стаўленне да акружаючых людзей і нашага жыцця. Гэта пацвердзілі на сцэне і піянеры першай гарадской школы, якія маюць выдатныя напрацоўкі ў цімураўскім і валанцёрскім руху, а таксама выхаванцы гімназіі. Закончылася мерапрыемства перадачай своеасаблівага сімвала – эстафеты школьнікам з Петрыкаўскага раёна, якія таксама коратка прадэманстравалі, што трапіў ён у надзейныя рукі. Пасля для дзяцей быў арганізаваны майстар-клас, а педагогі за круглым сталом абмеркавалі многія пытанні, звязаныя з выхаваннем моладзі.
Патрыётамі не нараджаюцца, імі становяцца. І аснова гэтаму закладваецца ў дзяцінстве. Мяркуючы па ўбачанаму на эстафеце, яна на Жыткаўшчыне грунтоўная.
Сяргей БЕЛКА.