Свята сямейнай творчасці
прайшло ў мінулыя выхадныя ў гарадскім цэнтры культуры. Раённы фестываль «Ад сям’і з паклонам і надзеяй» парадаваў гледачоў вялікай колькасцю канцэртных нумароў і з густам аформленай выставай дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Тры гады прайшло з таго часу, менавіта такая перыядычнасць правядзення гэтага раённага мерапрыемства, як таленавітыя, сямейныя дуэты, трыа, ансамблі, майстры збіраліся разам, каб паўдзельнічаць у творчым змаганні. Сёлета па сваёй пявучасці і масавасці яно было не менш эмацыянальным і прыгожым, што падкрэсліла ўзросшы выканальніцкі ўзровень удзельнікаў, а таксама разнапланавасць і разнастайнасць канцэртных нумароў. Фестываль у чарговы раз засведчыў, як шмат у нашым раёне пражывае таленавітых сем’яў, якія беражліва адносяцца да народных традыцый і культуры, нясуць яе ў людскія масы. Яшчэ адзін прыемны момант прайшоўшага фестываля, што з кожным новым яго правядзеннем мацнейшай і маладзейшай становіцца песенная плынь. Як было не парадавацца за сямейна-родавы ансамбль з Рычова “Весніца”! Разам з дарослымі гэтага калектыва на сцэну выйшлі шасцёра дзяцей. Як не адзначыць адданасць роднай беларускай песні сямейнага ансамбля Клімовічаў з Сямурадцаў. На прайшоўшым мерапрыемстве сваімі песнямі радавалі аж чатыры пакаленні самадзейных артыстаў! Разам з бабуляй спявалі тры праўнучкі. І гэта не адзіныя прыклады ў нашым раёне, калі родная песня перадаецца з пакалення ў пакаленне. Узяць тых жа Любоў і Аляксандра Варановічаў. На гэтым фестывалі яны выступалі са сваімі ўнукамі. Цудоўны выхаваўчы аспект да свайго мілага і роднага.
Хаця, па сваёй сутнасці, на сямейным песенным свяце перабольшваюць народныя матывы, але ўсё часцей выступалі спевакі са сваімі аўтарскімі творамі. А гэта яшчэ адзін пераканаўчы доказ, што, калі чалавек таленавіты, ён таленавіты ва ўсім. Гэта пацвердзілі і майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сваёй выставай. Вышываныя і саматканыя рэчы, вырабы з дрэва і многае іншае, што было зроблена залатымі рукамі майстроў, вабілі вока прыгажосцю. Таму шмат гучала апладысментаў выступоўцам, шчыра віталі іх арганізатары свята. Па выніках жа творчага змагання першае месца ў намінацыі «дуэты» занялі сёстры Вольга і Ніна Сапановічы, якія прадстаўлялі чэрніцкую ўстанову культуры. Сярод трыа не было роўных Ганне Бурак, яе сыну Сашу і сястры Еве з Рычова. А сярод ансамблей лепшымі выканаўцамі прызналі сямейна-родавы ансамбль “Весніца” з Рычова. А вось самымі ўмелымі сярод майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва названы браты Анатоль і Уладзімір Макарэвічы з аграгарадка Сяменча. Усе пераможцы і прызёры годна адзначаны арганізатарамі мерапрыемства. Менавіта ўручэннем заслужаных узнагарод і закончылася чарговае сямейнае свята. Аматарам жа народнай творчасці застаецца чакаць новых сустрэч з самадзейнымі спевакамі. І будзем спадзявацца, што наступны фестываль сямейнай творчасці стане яшчэ больш яркім і запамінальным. Апошняе мерапрыемства паказала, наколькі вялізны творчы патэнцыял маецца і захоўваецца ў нашым раёне.
Сяргей БЕЛКА.