Арганізаванасць і стараннасць праяўляюць земляробы КСУПа “Чырвоны Бор”
Арганізаванасць і стараннасць праяўляюць земляробы КСУПа “Чырвоны Бор” на сёлетняй пасяўной, каб паспяхова выканаць пастаўленыя перад імі задачы.
У шэсць раніцы тэхніка гаспадаркі пакідае машынны двор і кіруецца на палеткі.
— Работы шмат, а часу ў абрэз, — зазначае галоўны аграном Васіль Маркевіч. — Таму сяўба вядзецца да дзесяці вечара, а падрыхтоўка глебы пад яе ўвогуле кругласутачна.
Плён такога напружанага рытму даў свой вынік. Механізатары ўжо справіліся з сяўбой аўса, вядуць яе на апошніх гектарах ячмяню, распачалі сяўбу кукурузы. Усё гэта вымяраецца сотнямі гектараў. Выключнае старанне на сяўбе паказвае механізатар Андрэй Макарэвіч. Ён з хлебаробскай дынастыі, таму добра ведае цану кожнай веснавой хвіліне: упусціш тэрміны, абавязкова страціш ураджай. Таму і прыкладвае андрэй належнае старанне, цэлы дзень толькі з перапынкам на абед засявае грамадскі палетак.
Ладзяцца справы і на падкормцы азімых культур, сенакосаў і шматгадовых траў. І гэтыя работы прамаруджвання не церпяць.
— Нам патрабуецца засеяць яравымі культурамі больш сяміста гектараў ды яшчэ тысячу кукурузай на зялёны корм, — дзеліцца планамі на бягучую пасяўную аграном Васіль Пятровіч. — Але з пастаўленай задачай справімся, механізатары нашы працавітыя і старанныя, хаця і маладыя, на цяжкасці не наракаюць. Я з імі ўжо не адну пасяўную і ўборку прайшоў.
Безумоўна, такая ўпэўненасць тэхнолага палёў у кадрах многае значыць, калі патрэбна сабрацца і праявіць увесь свой наяўны патэнцыял. У “Чырвоным Бары” гэта пакуль атрымліваецца, таму і праца на веснавым палетку з кожным днём толькі набірае разгон.
Сяргей БЕЛКА.
На здымку: галоўны аграном Васіль Макарэвіч і механізатар Андрэй Макарэвіч.