Майстры высокіх намалотаў
Экіпаж камбайнераў-тысячнікаў у складзе Мікалая Струка і Сяргея Кадоліча з ААТ “Тураўшчына” днямі з вытворчым здабыткам павіншавалі старшыня абкама прафсаюза работнікаў лесу Віктар Крыўко-Красько і кіраўнік раённай прафсаюзнай арганізацыі працаўнікоў АПК Уладзімір Цімашчэня. Са словамі падзякі за плённую працу, якія былі выказаны механізатарам, прафсаюзныя лідары ўручылі перадавікам каштоўныя падарункі.
Сустрэча з Мікалаем Віктаравічам і Сяргеем Мікалаевічам адбылася на верасніцкім машынным двары. Тут механізатары рупіліся ля свайго “Нью-Холанда”. Падчас узнагароджвання падыйшлі і калегі па нялёгкай хлебаробскай справе.
— Жніво ў нас практычна завершана, — расказваў Мікалай Струк гасцям. — Гектараў трыста ячмяню засталося абмалаціць, але з нашым тэхнічным патэнцыялам за дні два можна ўправіцца з гэтым аб’ёмам, надвор’е толькі б спрыяла. Увогуле ўборка збажыны пранеслася, нібы адно імгненне, нават у смак не ўвайшлі. Ды і тысячны намалот для нас — гэта не нейкае звышдасягненне. Летась мы больш за дзве тысячы тон выдалі.
Цяперашні вынік камбайнеры звязваюць з тым, што зерневы клін у гаспадарцы быў меншым, а яшчэ, што ўсе калегі стараліся, тэхніку падрыхтавалі грунтоўна, таму яна не ламалася ў полі.
— Ураджай таксама сёлета горшы, чым быў летась, — адзначыў і Сяргей Мікалаевіч. — дзе падмокла збажына, а дзе падсушыла. Але ўборка прайшла вельмі арганізавана. Мы нават гатовы ехаць дапамагаць іншым хлебаробам раёна. Летась ездзілі ў “Людзяневічы”.
Кадоліча і Струка можна лічыць сапраўднымі майстрамі высокіх намалотаў. Працуюць разам другі сезон, але знайшлі паміж сабой паразуменне. Таму і справа ладзіцца ў іх. Тым больш што хлебаробскі вопыт у кожнага за плячыма даволі значны, а самае галоўнае — ёсць жаданне працаваць. Менавіта на гэтым зрабіў акцэнт і старшыня абкама прафсаюза работнікаў лесу Віктар Крыўко-Красько.
— Сёлета сёмы раз як наша прафсаюзная арганізацыя ўшаноўвае працоўныя здабыткі лепшых хлебаробаў Жыткаўшчыны, — зазначыў Віктар Аляксеевіч. — Лічу, што гэта правільна, бо хлеб усяму галава, ад таго колькі яго будзе засыпана ў засекі залежыць бяспека нашай дзяржавы. Таму прафсаюзы не павінны стаяць у баку ад гэтай важнай справы. Людзі ж стараюцца. І самым ўвішным павінен быць аказаны належны гонар.
Зацікаўленасць у прафсаюзнага лідара выклікаў і камбайн, на якім працуюць Струк і Кадоліч.
— Машына проста цуд, ўсе ўмовы для плённай працы маюцца, — выказаўся Віктар Аляксеевіч, вылазячы з кабіны.
У далейшай размове з камбайнерамі і вадзіцелямі гутарка зайшла аб тым, як вырашаюцца ў гаспадарцы вытворчыя і сацыяльныя пытанні ўдзельнікаў жніва: аб арганізацыі харчавання, адвозцы зерня, забеспячэнні запаснымі часткамі, стварэнні бяспечных умоў працы і іншыя. Па словах мясцовых працаўнікоў, у акцыянерным таварыстве з гэтым парадак, хаця пэўныя цяжкасці і існуюць, але яны вырашаюцца. Менавіта дзякуючы гэтаму гаспадарка так хутка і справілася з абмалотам хлеба. На цяперашні час унёсак у агульнараённы каравай ААТ “Тураўшчына” складае больш васьмі тысяч тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 36,1 цэнтнера з гектара. І ён яшчэ павялічыцца не на адну сотню тон. 2254 тоны акцыянернае таварыства паставіла ў лік дзяржзаказу. І гэта не апошняя кропка ў справе па продажу зерня.
Сяргей БЕЛКА.