Зярнятка да зярнятка
Самай ураджайнай збожжавай культурай сёлета ў КСУПе “Людзяневічы” з’яўляецца азімая пшаніца. Па словах кіраўніка сельгаспрадпрыемства Анатоля Санюка, вырошчваннем яе не займаліся ў гаспадарцы апошніх гадоў дзесяць, і бягучае жніво яскрава паказала, што нават на нашых не вельмі ўрадлівых глебах можна мець неблагія ўраджаі гэтай культуры.
Таму і жніво людзяневіцкія хлебаробы распачалі менавіта з уборкі пшаніцы. Такая тактыка абрана невыпадкова, стараліся, каб падрыхтаваць насенне для будучай азімай сяўбы. Бо ўжо сёлета кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства мяркуе значна павялічыць плошчы пад гэтую культуру.
— Засыпцы насеннага матэрыялу мы надаем першаступеннае значэнне, — гаворыць Анатоль Васільевіч. — Сяўба азімых не за гарамі, і мы павінны быць да яе гатовымі. Тым больш што ўсе пераканаліся: добрае насенне дае і добры ўраджай.
Аналагічная стратэгія і ў адносінах да рапсу. Яго палеткі таксама парадавалі мясцовых працаўнікоў аддачай. Пры ўраджайнасці больш дваццаці цэнтнераў з гектара алейнага насення намалацілі амаль сямсот тон. Гэта дазволіла не толькі паспяхова справіцца з дзяржзаказам па продажы рапсу, але і зрабіць яго запас на зіму, каб потым мець макуху і шроты на корм грамадскаму статку. Таму і пад яго плошчы павялічацца ў некалькі разоў. Плануецца засеяць не меней тысячы гектараў.
— Рапс выгадная ў эканамічных адносінах культура, таму і ўвага яму адпаведная, — адзначае кіраўнік. — Зараз вядзем усе неабходныя работы, каб пасеяць рапс у аптымальныя тэрміны. Вядзецца падрыхтоўка глебы, рыхтуецца насенне, выконваюцца іншыя тэхналагічныя патрабаванні.
І ўсё ж пакуль важнейшай задачай для мясцовых працаўнікоў з’яўляецца ўборка каласавых культур. Займаюць яны сёлета ў гаспадарцы 1825 гектараў. На палове плошчаў каласавыя ўжо абмалацілі. У гаспадарчыя склады засыпалі амаль дзве тысячы тон зерня. Кіраўніцтва гаспадаркі задаволена тым, як працуюць на палетках камбайнеры і вадзіцелі.
— Хлеб убіраю пяты сезон. Безумоўна, жніво — пара высокіх заробкаў, таму падганяць і прымушаць нікога не патрэбна, — гаворыць камбайнер Валерый Савіцкі. — Да таго ж хаця і падсушыла каласавыя, месцамі вымачыла, але ўраджай лепшы чым летась. Таму ёсць магчымасць, каб дабівацца важкіх намалотаў штодзённа. Вось толькі б дажджы не перашкаджалі.
На гэта нацэлены і камбайнер Уладзімір Сулкоўскі. Хаця ў яго і старэнькая ўборачная машына, але ён і на ёй задае тон на збожжавым палетку.
— Каб камбайн працаваў бездакорна, прыходзіцца ісці ў гараж, так бы мовіць, з першымі промнямі сонца, — расказвае Уладзімір. — Перад выездам у поле старанна аглядаю машыну, нешта падрамантую, хаця ёсць праблемы. У цэлым жа працуецца з добрым настроем.
Такая працавітасць уласціва кожнаму ўдзельніку жніва сельгаспрадпрыемства. Таму і цяжэе гаспадарчы каравай за кожным днём на паўтары сотні, а то і болей штодзённа. Зерне не залежваецца, адразу дапрацоўваецца на трох сушылках і кладзецца на захоўванне ў склады. У хуткім часе прыступяць людзяневіцкія працаўнікі і да выканання дзяржзаказу. У яго лік патрэбна ім паставіць на хлебную базу паўтысячы тон зерня. У гаспадарцы ўпэўнены, што справяцца з заданнем паспяхова, бо валавы намалот плануюць атрымаць большы чым летась. Дарэчы, надаюць у КСУПе вялікую ўвагу не толькі тэмпам уборкі, але і яе якасці. За апошнім пастаянны кантроль ажыццяўляе намеснік дырэктара Леанід Юшкевіч. Ён прыдзірліва аглядае вымалачаныя валкі саломы, уважліва глядзіць, ці няма ў іх зерня. Вось так зярнятка да зярнятка, каласок да каласка, і дабіваюцца ў “Людзяневічах” станоўчага выніку на бягучым жніве.
Сяргей Белка.