У госці з песнямі і падарункамі
Кожны дзень мы чуем пра тое, што трэба паважаць і, вядома ж, клапаціцца пра старэнькіх бабуль і дзядуль, вучым гэтаму дзяцей. Але праяўляюць міласэрнасць і клопат не толькі дзеці і ўнукі гэтых пажылых людзей, але і адмысловыя службы, якія паспяхова дзейнічаюць у нашым райцэнтры.
Напярэдадні Дня пажылых людзей дырэктар Жыткавіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Казлова, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму гэтай жа ўстановы Любоў Макушэнка і інспектар па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Ларыса Чарнушэвіч сумесна са старшынёй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Ларысай Фраловай арганізавалі выезд у горад і на раён, каб павіншаваць пажылых людзей. У лік ушаноўвання ўвайшлі сем чалавек, якія знаходзяцца ў абслугоўванні сацыяльных работнікаў тэрытарыяльнага цэнтра, і пажылыя людзі з аддзялення сястрынскага догляду Тураўскай гарадской бальніцы. І, што цікава, многія з іх у гэты дзень былі альбо юбілярамі і імяніннікамі, альбо нядаўна адсвяткавалі сваі дні нараджэння.
Разам з прадстаўнікамі тэрытарыяльнага цэнтра і Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа весялілі старых прыгожа апранутыя музыканты з Мілевіцкага сельскага Дома культуры. Гэта дырэктар СДК Вячаслаў Лінкевіч, які не толькі спяваў захапляючыя песні, але і з вялікім энтузіязмам граў на баяне, яго жонка Валянціна Пракаповіч і іх калега по творчасці Лідзія Шыхотава. Невялікі калектыў на працягу ўсяго часу сваімі душэўнымі песнямі і вясёлымі прыпеўкамі дарыў дзядулям і бабулям добры настрой, усмешку і нават слёзы шчасця, радасці і добрых успамінаў аб пражытых гадах.
Прадстаўнікі пералічаных арганізацый наведалі трох пажылых людзей у горадзе Жыткавічы: Людмілу Пірлік, якая сустрэла сваю дзевяноста першую восень, Марыю Чэркас, якой у Дзень пажылых людзей споўнілася 84 гады, і Ніну Гурэцкую — дваццатага кастрычніка ёй «стукне» 88 гадоў. Затым госці адправіліся ў вёску Пагост, дзе павіншавалі інваліда другой групы па зроку Івана Зохна (84 гады) і Галіну Ільеня (70 гадоў). Кожная бабуля і кожны дзядуля, якіх прыехалі павіншаваць, былі шчыра радыя таму, што іх памятаюць і да таго ж не забываюць віншаваць са святамі. Гаспадары прапаноўвалі выпіць з гасцямі чаю, запрашалі да стала разам паабедаць. Кожнаму ўручылі па прыгожай паштоўцы і шакаладцы. Згадзіцеся, не важна, чым ушаноўвалі гэтых старэнькіх людзей, важна тое, што яны атрымалі масу станоўчых эмоцый і зараду бадзёрасці. Некаторыя з іх нават танцавалі пад музыку і песні, якія выконвалі работнікі культуры Мілевіцкага СДК. І ў іх гэта атрымлівалася нядрэнна, нягледзячы на немалады ўзрост…
Жаданым і чаканым стала віншаванне ў аддзяленні сястрынскага догляду Тураўскай гарадской бальніцы. Тут радасна гасцей сустрэла загадчыца гэтага аддзялення Надзея Сысава. На сённяшні дзень там знаходзіцца 40 чалавек і ўсім ім патрэбны догляд і ўвага. Раённая арганізацыя «БТЧК» сабрала і прывезла ў аддзяленне дабрачынную дапамогу пажылым людзям. Адзенне, абутак і іншая дапамога былі сабраныя ў ходзе акцыі «Чым можам, тым дапаможам», у якой паўдзельнічалі многія жыхары нашага раёна. Пажылыя людзі дружна сабраліся ў фае аддзялення, дзе не толькі глядзелі невялікую канцэртную праграму, прадстаўленую ім, але і самі спявалі песні і пляскалі ў далоні. Перад старымі з прамовай выступіла дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Таццяна Казлова, якая пажадала ім моцнага здароўя і жыццёвых сіл.
Па дарозе з Турава, прадстаўнікі арганізацый заехалі ў вёску Крэмнае да ўдзельніка Айчыннай вайны Нонны Дзедавец. Бабулі споўнілася 85 гадоў. Яна, як і ўсе астатнія, была вельмі рада бачыць гасцей на парозе свайго дома. Павіншавалі таксама і 80-гадовую Любоў Маркевіч з вёскі Чэрнічы.
Што і казаць, ўсе дзякавалі шаноўным гасцям.
— Ой, добра, мае родненькія, даражэнькія, што прыехалі да бабулі, — сказала ў знак павагі жыткаўчанка Людміла Пірлік. — Я пасля вашых песень з музыкай стала сябе лепш адчуваць, нагам лягчэй стала. І патанцаваць змагла — не баляць амаль…
І гэта толькі словы адной з усіх наведаных. А колькі радасці і шчасця было ў вачах астатніх, перадаць словамі гэта немагчыма. Пасля такіх віншаванняў, здаецца, кожнаму дзядулі і кожнай бабулі на некаторы час удалося адчуць сябе крыху маладзейшымі, а дзесьці, мабыць, нават вярнуцца ў нейкія свае шчаслівыя гады маладосці і яшчэ раз перажыць пачуцці ад радасці, роздуму ці смутку …