Грамадскі агляд работы школы

436Напрыканцы першай вучэбнай чвэрці ў Людзяневіцкай сярэдняй школе сабраліся кіраўнікі ўстаноў адукацыі (дырэктары школ) усяго раёна. Усе яны сталі ўдзельнікамі грамадскага агляду гэтай школы. Ёсць такая форма метадычнай работы, самакантролю і кантролю, якая практыкуецца, у тым ліку і аддзелам адукацыі нашага раёна, уключаецца ў план яго работы на навучальны год. Сама ж назва – грамадскі агляд — мае на ўвазе тое, што школу ў час гэтага мерапрыемства наведваюць не толькі супрацоўнікі аддзела адукацыі. Сюды яна запрашае бацькоў, дзеці якіх вучацца тут, прадстаўнікоў улады, працоўных калектываў, калег з іншых школ.

Адміністрацыя ўстановы адукацыі, педагогі старанна рыхтуюцца да гэтай падзеі. У прыватнасці, у нашым выпадку быў складзены план правядзення грамадскага агляду Дзяржаўнай установы адукацыі “Людзяневіцкая сярэдняя школа”. Усе пяць вучэбных дзён школьнага тыдня былі заняты правядзеннем урокаў, якія можна было наведаць. Прычым кожны з дзён быў прысвечаны знаёмству з работай настаўнікаў аднаго накірунку. У заключны, апошні дзень агляду, калі ў школу завіталі дырэктары ўстаноў адукацыі з усяго раёна, найбольш вопытныя настаўнікі падрыхтавалі і правялі факультатыўныя заняткі. Гэта было абумоўлена тым, што грамадскі агляд школы праходзіў пад агульнай тэмай “Факультатыўныя заняткі як форма арганізацыі дыферэнцыраванага навучання”.
Настаўнікі Людзяневіцкай сярэдняй школы імкнуліся паказаць кіраўнікам устаноў адукацыі, як гэта можна зрабіць. Факультатыўныя заняткі правялі: настаўнік працоўнага навучання вышэйшай катэгорыі Уладзімір Пятровіч Клімовіч. Тэма заняткаў — практычная работа “Выкананне разьбы”, назва факультатыва — “Тэхналогія разьбы па дрэву”. У пачатковым звяне, 2«б» клас, заняткі правяла Ірына Васільеўна Сулкоўская, іх тэма “складанне ў межах 100”, назва факультатыва “Матэматычная вясёлка”. Факультатыўныя заняткі ў 9-м класе па тэме “Рацыянальныя дробі”, назва факультатыва — “Паўтараем матэматыку”, правяла Таццяна Пятроўна Арыновіч. Філолаг Людміла Валер’яўна Пятрычыц разам са сваімі вучнямі 6 класа паказвала заняткі “Марфалагічныя прыметы назоўніка”, назва факультатыва — “Сакрэты словазмянення і формаўтварэння”. Вучні 10 класа ўдзельнічалі ў занятках па тэме “Значэнне рухальнай актыўнасці для захавання здароўя”, назва факультатыва “Абагульняючы курс біялогіі”, заняткі правяла Людміла Мікалаеўна Пашэвіч. Пасля наведвання факультатыўных заняткаў удзельнікі агляду знаёміліся з выставай работ вучняў і метадычных напрацовак настаўнікаў. Потым усе сабраліся ў спартыўнай зале, дзе вучні школы прадэманстравалі прысутным “Калейдаскоп танцаў”. Справа ў тым, что ў Людзяневіцкай сярэдняй школе ў межах вучэбнага прадмета фізічная культуры і здароўе вядзецца факультатыўны курс “Рытміка і танец”. Курс карысны ва ўсіх адносінах: дзеці вучацца танцу, прычым не толькі дзяўчынкі, а і хлопчыкі, вучацца прыгожа хадзіць, правільнай паставе, але не толькі гэтаму. На наш погляд, такія заняткі спрыяюць сацыялізацыі вучняў, гарманізацыі гендэрных узаемаадносін і ўвогуле ўсебаковаму развіццю асобы. Без усякіх слоў, на тварах дзяцей было бачна, з якім задавальненнем яны паказваюць сваё ўмельства ў авалоданні бальнымі танцамі.
Па заканчэнні танцавальнага факультатыва адбылося падвядзенне вынікаў усяго ўбачанага ў школе за час правядзення агляду. Былі заслуханы тлумачэнні яе кіраўнікоў. У сваім выступленні дырэктар школы Людміла Аляксандраўна Іванова адзначыла, што бягучы 2013 год для Людяневіцкай сярэдняй школы юбілейны. Роўна сто дзесяць гадоў таму ў Людзяневічах была заснавана пачатковая школа. Цяперашні будынак школы быў пабудаваны ў 1964 годзе, у наступным годзе яму споўніцца 50 гадоў. У 2013/2014 навучальным годзе ў школе вучыцца 208 вучняў, якія аб’яднаны ў 13 класакамплектаў, працуюць дзве групы падоўжанага дня. Забяспечваюць арганізацыю адукацыйнага працэсу ў школе 31 педагог і 17 супрацоўнікаў дапаможнага персаналу. Сярэдні ўзрост педагагічнага калектыва складае 38 гадоў.
Сярод педагогаў, якія працуюць у школе, 27 маюць вышэйшую адукацыю – гэта 86,6%, 4 – з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, з іх 3 навучаюцца ў вышэйшых навучальных установах.
2 настаўнікі маюць вышэйшую катэгорыю, 15 – першую, 9 – другую і 5 без катэгорыі.
На думку дырэктара, педагагічны калектыў школы добра падрыхтаваны і матываваны на паспяховае выкананне дзяржаўнага заказу і пажаданняў бацькоў, арганізацыя такога адукацыйнага працэсу забяспечыць высокую якасць ведаў вучняў і паспяховае іх уліццё ў жыццё нашага грамадства.
Намеснік дырэктара школы Алена Канстанцінаўна Малахава азнаёміла прысутных з работай школы па арганізацыі факультатыўных заняткаў з вучнямі. Мэта заняткаў, па яе словах, гэта — пашырэнне агульнага ўзроўню кожнага вучня, а не толькі добра падрыхтаваных і таленавітых, развіццё крэатыўнага мыслення, фарміраванне цікавасці да прадмета і на гэтай аснове паглыбленае вывучэнне агульнаадукацыйных прадметаў.
Арганізацыя работы факультатыўных заняткаў рэгламентавана нарматыўнымі дакументамі, распрацаванымі і зацверджанымі Міністэрствам адукацыі краіны. Яны праводзяцца з выкарыстаннем спецыяльна распрацаваных праграм і навучальных дапаможнікаў. Рэкамендацыі і патрабаванні нарматыўных дакументаў пры арганізацыі факультатыўных заняткаў у школе ў поўнай меры выконваюцца. Акрамя гэтага, адміністрацыя школы, педагогі ўважліва вывучаюць адукацыйныя запатрабаванні, магчымасці, схільнасці саміх вучняў і пажаданні іх бацькоў.
З улікам гэтых двух умоў, у бягучым навучальным годзе ў школе арганізавана 34 факультатывы, якія наведваюць 232 вучні – гэта 111,4% ад агульнай колькасці. З гэтай колькасці 9 факультатываў у пачатковых класах наведваюць 94 вучні, 17 — у 5-9 класах (85 вучняў), 8 — у 10-11 класах (53 вучні). Частка вучняў наведвае па два і больш факультатываў.
Адзін з важных накірункаў работы школы — прафесійная падрыхтоўка. Вучні 11 класа на базе міжшкольнага вучэбна-вытворчага камбіната ў г. Жыткавічы за кошт факультатыўных заняткаў атрымліваюць кваліфікацыю повара, трактарыста, прадаўца. Па заканчэнні гэтага навучання і самой школы яны маюць пасведчанні рабочага, а гэта дае магчымасць для працаўладкавання. Пры падвядзенні вынікаў агляду выступілі таксама дырэктары школ, метадысты і спецыялісты аддзела адукацыі, у тым ліку і былыя выпускнікі Людзяневіцкай сярэдняй школы, а цяпер кіраўнікі – дырэктар базавай школы горада Жыткавічы Таццяна Адамаўна Кузьміч, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Людміла Рыгораўна Паддубная. Яны дзяліліся ўражаннямі ад наведвання урокаў, факультатыўных заняткаў, знаёмства з работай школы, пажадалі яе педагогам далейшай плённай працы на карысць вучняў, іх сем’яў і ўсяго нашага грамадства.
У падвядзенні вынікаў агляду прынялі ўдзел і выступілі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Львовіч Емельянаў, намеснік начальніка аддзела Таццяна Васільеўна Русая, загадчык вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Святлана Іванаўна Пахомава. У сваіх выступленнях яны адзначылі агульны высокі ўзровень усіх падрыхтаваных мерапрыемстваў і вялікую работу, праведзеную адміністрацыяй і педагагічным калектывам Людзяневіцкай сярэдняй школы па падрыхтоўцы грамадскага агляду школы па дастаткова складанай тэме.
Увага кіраўнікоў устаноў адукацыі, спецыялістаў і метадычнай службы была таксама звернута на найбольш актуальныя пытанні далейшай работы сістэмы адукацыі раёна ў бягучым навучальным годзе.
В. НІКАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.