Іх прадпрыемства – іх гонар

1У адкрытае акцыянернае таварыства “Жыткавічыхімсервіс” мы прыехалі з самага ранку, калі паўсюль яшчэ стаяў густы восеньскі туман, а планёрка ў мясцовым гаражы была, калі так можна сказаць, у самым разгары. І адразу адчулі дзелавы стыль кіраўніцтва і пабачылі, што людзі без работы не сядзяць. З гэтай мэтай на прадпрыемстве лічаць неабходным развіваць шматвектарную вытворчасць, шукаюць розныя спосабы жыць і атрымліваць годны заробак.

— Мы маем 510 гектараў сельгасугоддзяў, у тым ліку 310 гектараў ворыўнай зямлі, — сказаў пазней у размове дырэктар акцыянернага таварыства Віктар Атліванаў. — Вырошчваем зерневыя культуры, кукурузу, да таго ж пайшлі на своеасаблівы эксперымент — на трох гектарах пасадзілі буякі. Хоць бальнасць зямлі нізкая, тым не менш за кошт граматнага вядзення агратэхнічных работ стараемся дабівацца станоўчых ураджаяў. Па-ранейшаму аказваем розныя паслугі сельгаспрадпрыемствам раёна, здабываем сапрапелі на возеры Чырвоным, гадуем свіней, гусей і авечак.
Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, які будзе адзначацца заўтра, — гэта ў поўным сэнсе свята для мясцовага калектыву, бо на ўраджай ён працуе поплеч са шматлікімі работнікамі вёсак. Па-ранейшаму КСУПам аказваюцца такія аграхімпаслугі, як вапнаванне кіслай глебы, транспарціроўка і заворванне пад будучы ўраджай арганічных і мінеральных угнаенняў, правядзенне розных хімахоўных работ на палетках. Урадлівасць зямлі павышае і здабыты глей са дна возера Чырвонае.
Калі раней доўгія гады “Жыткавічыхімсервіс” выступаў толькі ў якасці партнёра сельгаспрадпрыемстваў Жыткаўшчыны, то зараз ён паспяхова развівае ўласную вытворчасць. Так, на мясцовай ферме маецца дзесьці паўтары тысячы галоў свіней, сто авечак і трыста гусей. Рэнтабельнасць свінагадоўлі складае 20 працэнтаў. Тут, па ўсім відаць, выбралі правільны накірунак і своечасова знайшлі сваю нішу. Акцэнт робяць на продаж парасят для насельніцтва. Людзі па жывёлу прыязджаюць як з нашага, так і з Петрыкаўскага, Столінскага, Салігорскага раёнаў.
У акцыянерным таварыстве добра разумеюць: каб развівацца — трэба будаваць, і ў такім разе аддача будзе. Калі ж сёння ў гэта не ўкласці грошы, то заўтра можна спыніцца ў сваім развіцці. І менавіта з мэтай павелічэння рэнтабельнасці прадпрыемства былі адкрыты харчовая крама і магазін “Урадлівасць”, дзе прадаюцца сродкі аховы раслін і насенне. Да таго ж у цэнтры горада ўзводзіцца двухпавярховы будынак пад новую краму.
Адзін з галоўных даходаў арганізацыі — здабыча са дна возера Чырвонае і продаж сапрапеляў. Дарэчы, запасы гэтых шматвяковых донных адкладаў складаюць амаль 70 мільёнаў кубічных метраў. Іх паспяхова прымяняюць у медыцыне, у сельскай гаспадарцы, пры нафтаздабычы. ААТ “Жыткавічыхімсервіс” апошнім часам многа і паспяхова працуе з нафтавікамі. Апошнія выкарыстоўваюць іх для вытворчасці свідравальных раствораў. Гэта значна танней, чым купляць іх з-за мяжы. А высокая якасць і экалагічная бяспека – самае галоўнае пры бурэнні свідравін.
Акрамя цеснага кантакту з вытворчым аб’яднаннем “Беларуснафта”, сапрапелі бяруць на заводзе “Прамбурвод”. З гэтымі парнёрамі тут працуюць каля дзесяці гадоў, і яны плацяць таксама стабільна.
Акцыянернае таварыства цесна супрацоўнічае з вучонымі інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук. Дарэчы, выкарыстанне сапрапеляў асабліва эфектыўнае на кіслых і лёгкіх пясчаных і супясчаных глебах, а таксама для павелічэння колькасці перагною ў глебах, для падрыхтоўкі кампостаў. Ужыванне сапрапеляў у якасці ўгнаення паляпшае механічную структуру глебы, здольнасць утрымліваць вільгаць, дае павелічэнне ў глебе перагною. У медыцыне іх выкарыстоўваюць у фізіятэрапеўтычнай практыцы для гразелячэння.
iДарэчы, свае сапрапелі работнікі арганізацыі запампоўваюць у так званыя чэкі-дзялянкі па два гектары. Год глей адстойваецца і толькі потым ідзе на перапрацоўку. Сапрапелі выкарыстоўваюць яшчэ як аснову грунту для раслін. На прадпрыемстве яго выпускаюць розных відаў: для кветак, таматаў, гуркоў і гэтак далей — на любы густ садоўніка-агародніка.
У калектыве працуе 120 чалавек. З адказнасцю нясуць сваю працоўную вахту кіроўцы Анатоль Казачок, Генадзь Шапавалаў, Віталь Тупік, трактарысты Яўген Чарнякоў, Віктар Аліфяровіч, Яўген Собалеў, машыністы пагрузчыкаў Міхаіл Волк, Рыгор Ярмоленка, брыгадзір Еўдакія Мурашка, даглядчыцы свіней Надзея Данічэнка, Святлана Пажылава і многія другія работнікі прадпрыемства.
Сяргей ВІЛЬЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.