Да новых сельскагаспадарчых кампаній рыхтуюцца Жыткавіцкія аграрыі
У гаспадарках раёна распачаўся рамонтны сезон.
І хаця бягучай восенню палявыя работы і скончыліся позна, сельгасвытворцы ўжо зрабілі першыя крокі, каб грунтоўна падрыхтавацца да новых сельскагаспадарчых кампаній.
На цяперашні час закончана пастаноўка тэхнікі на захоўванне, а таксама дэфектоўка вузлоў і дэталяў. Паступова запаўняюцца машынамі і агрэгатамі і рамонтныя майстэрні, дзе ажыццяўляецца разборка тэхнікі. З яе здымаюць адслужыўшыя свой тэрмін дэталі, вядуцца зварачныя і іншыя работы.
Аб’ёмы па ўзнаўленню тэхнікі на бягучы рамонтны сезон даволі значныя. Толькі адных трактароў патрэбна паставіць на лінейку гатоўнасці 103 адзінкі, гэта прыкладна 35 працэнтаў ад наяўнай колькасці. Яшчэ рамонтнікам гаспадарак патрабуецца “пралячыць” 79 глебаапрацоўчых і 16 камбінаваных пасяўных агрэгатаў, 19 сеялак, а таксама нямала іншай тэхнікі, якая будзе задзейнічана не толькі на пасяўной, але і на корманарыхтоўцы. На паспяховае правядзенне рамонтаў сельгасвытворцам спатрэбіцца амаль адзінаццаць мільярдаў рублёў, а завяршыць асноўныя аб’ёмы работ неабходна да першага сакавіка. Каб справіцца ў тэрмін і правесці ўзнаўленне машын і агрэгатаў якасна, будуць актыўна скарыстоўвацца і магутнасці ААТ “Жыткавіцкі агратэхсервіс”, у майстэрні якога ўжо зараз прыбывае тэхніка з гаспадарак.
Сяргей БЕЛКА.