Капітан ляснога “карабля”

501Паляванне і рыбалка — два вялікія захапленні, без якіх ён не ўяўляе паўнату і прыгажосць свайго жыцця. З дзяцінства палюбіў прыроду, лес, які можа ўсё: накарміць, напаіць, даць магчымасць чалавеку цудоўна адпачыць пад сваімі шатамі. Вось толькі сам сябе абараніць ён не можа. Таму не адзін дзясятак гадоў Міхаіл Ляўковіч разам са сваімі калегамі нясе высакародную службу па ахове лесу, прымнажэнні яго плошчаў і багаццяў. Гэта стала галоўнай справай яго жыцця.

У Ельскім раёне, што на нашай зялёнай Гомельшчыне, ёсць вёска Роза Люксембург, адкуль ён родам. Выхоўваўся ў сям’і разам з братам. Маці працавала дырэктарам мясцовай сярэдняй школы, бацька – механізатарам. Лёс склаўся так, што калі яму было ўсяго тры з паловаю гады, то сям’я пераехала ў Алтайскі край — багатую лясную старонку, поўную блакітных азёраў. Пражылі на Алтайшчыне дзесяць гадоў.

— Там у шэсць гадоў бацька даў мне ўпершыню стрэліць з ружжа па снежнай глыбе, — успамінае Міхаіл Уладзіміравіч. — Гэта быў ТОЗ-БМ шаснаццатага калібру. Я ў кроў разбіў губу, але з вялікай цікавасцю бег пабачыць, ці трапіў у цэль… З таго часу са стрэльбай не разлучаюся.

Праз некаторы час Ляўковічы вярнуліся ў сваю беларускую вёску, дзе Міша закончыў сярэднюю школу, год працаваў у ёй старшым піянерважатым, разам з землякамі ліквідоўваў наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Затым два гады служыў у арміі ў расійскім горадзе Іванава, быў сувязістам. Дэмабілізаваўся ў званні старшыны, быў узнагароджаны медалём Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР “За адзнаку ў воінскай службе 2 ступені”, значком ЦК ВЛКСМ “За адзнаку ў працы”.

Вучыцца без усякіх ваганняў паехаў у Полацкі лясны тэхнікум, цяга да лесу, як сцвярджае сам Міхаіл Уладзіміравіч, у яго ў крыві, нездарма ж яго прадзед працаваў аб’ездчыкам. У 1991 годзе атрымаў “чырвоны” дыплом тэхніка-лесавода, таму выбар месца работы ў яго быў адвольны, і малады выпускнік вырашыў распачаць сваю працоўную біяграфію ў Бярэзінскім дзяржаўным біясферным запаведніку. Але майстрам папрацаваць давялося ўсяго 2 месяцы — захварэлі бацькі, і ён вымушаны быў вярнуцца да іх на радзіму.

— У чэрвені 1991 года я пачаў працаваць ляснічым Качышчанскага лясніцтва, — распавядае Міхаіл Ляўковіч. — У гэтым жа годзе і ажаніўся. Між іншым, у жонкі Таццяны мая маці ў школе была класным кіраўніком, так што прадстаўляць нявестку асаблівай нагоды не было. Праз год у нас нарадзіўся сын Міхаіл, а яшчэ праз тры гады дачка Яніна. Я не памыліўся ў сваім выбары, думаю, што і жонка таксама. І па сённяшні дзень Таццяна Мікалаеўна — жонка і маці — надзейна забяспечвае наш сямейны тыл.

Затым ён працаваў галоўным ляснічым Ельскага лясгаса, а ў сакавіку 2004 года Міхаілу Ляўковічу прапанавалі ўзначаліць калектыў Жыткавіцкага лясгаса. Новы кіраўнік, скажам без перабольшвання, узяўся за даручаную справу з вялікай адказнасцю, энергіяй і дзелавітасцю.

Быў праведзены рамонт і добраўпарадкаванне ўсіх дзесяці лясніцтваў, закуплена новая тэхніка, наведзены парадак у лясных масівах. У чатырох лясніцтвах зараз завяршаюцца работы па будаўніцтву лазняў і ў новым 2014 годзе туды жадаючыя змогуць ужо зайсці і папарыцца са свежымі венічкамі. Цалкам быў абноўлены аўтапарк лесавознай тэхнікі. Дзевяць з дзесяці лясніцтваў атрымалі легкавыя аўтамабілі “Ніва”, УАЗ і іншыя. Для больш эфектыўнага правядзення рубак галоўнага карыстання была закуплена магутная сучасная машына “Харвестэр”.

У наступным годзе на базе Бялоўскага лясніцтва пачне функцыяніраваць новая цяпліца для вырошчвання пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай. Гэта дазволіць значна павысіць якасць лясных культур, падоўжыць агракультурны тэрмін іх пасадкі і дасць магчымасць рэалізоўваць пасадачны матэрыял з мэтай атрымання дадатковых фінансавых сродкаў.

— Перад намі таксама была пастаўлена задача ўзмацніць аб’ёмы лесапілення, павялічыць выпуск таварнай прадукцыі, больш адгружаць яе на экспарт, — гаворыць дырэктар лясгаса. — А для гэтага трэба было ісці на карэнную мадэрнізацыю дрэваапрацоўчай вытворчасці.

У 2005 годзе для цэха па перапрацоўцы драўніны была закуплена кацельня, якая пачала працаваць на адходах лесапілення. Праз год да яе дабавілася сушыльная камера спачатку на 50 метраў кубічных драўніны. У 2007 годзе пачалі наладжваць пелетную вытворчасць, а праз год выйшлі на выраб 2,9 тысячы тон пелетаў у год, што забяспечыла прыкметную валютную выручку.

Закупілі лінію лесапілення адначасова з аўтаматызаванай лініяй сартыроўкі італьянскай вытворчасці “Сторці”. Аб’ёмы перапрацоўкі — 24 тысячы метраў кубічных круглых лесаматэрыялаў у год. У чэрвені 2010 года яна ўступіла ў строй дзеючых. Адначасова з гэтым закупілі абсталяванне для выпуску струганых лесаматэрыялаў. Набылі сушыльны комплекс на 200 метраў кубічных адначасовай загрузкі прадукцыі.

Комплекс пачаў функцыяніраваць адначасова з катлом італьянскай вытворчасці, які працуе на адходах лесапілення. Тым часам з пелетамі лясгас пачаў вырабляць і паліўныя брыкеты, каб аператыўна і з карысцю для справы рэагаваць на попыт рынка. У перспектыве тут плануюць набыць драбільны комплекс па выпуску паліўнай дранкі, якая пойдзе як для патрэб нашых ТЭЦ, так і на экспарт.

Калі новага дырэктара прызначалі на гэтую пасаду, то генеральны дырэктар Гомельскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Міхаіл Супрун у ліку іншых паставіў перад ім і задачу высока ўзняць тут планку паляўнічага гаспадарання. І гэта не трэба было двойчы паўтараць Міхаілу Ляўковічу — заўзятаму паляўнічаму з маладых гадоў, энергічнаму, прадпрымальнаму кіраўніку.

Плошча лесапаляўнічай гаспадаркі тут складае 54,3 тысячы гектараў, куды ўваходзяць лясныя, палявыя і водна-балотныя ўгоддзі. Яна ахоплівае тэрыторыю Залюціцкага, Ляхавіцкага, Беразнякскага, Мілевіцкага, а таксама часткова Ленінскага і Бялоўскага лясніцтваў. На яго тэрыторыі выдзелена пяць паляўнічых гаспадарчых зон. Дарэчы, вышкі, прызначаныя для палявання на капытных жывёлін, тут узводзяць у час суботнікаў. І дружна працуюць усе, пачынаючы з егера і заканчваючы дырэктарам лясгаса. Як паказала практыка, станоўча зарэкамендавалі сябе пераносныя вышкі і так званыя штанды. Стралковыя лініі, якіх у лясгасе звыш 20, разам са 150 паўвышкамі і штандамі складаюць працягласць у 39 кіламетраў.

Дзікі звер у мясцовых паляўнічых угоддзях мае пастаянны рух. І адно са складаемых такога поспеху — кругласутачны клопат пра яго. Засеяна 8 гектараў азімай пшаніцы, пяцігектарная плошча падрыхтавана да яравой сяўбы, з прапашных культур стаўку робяць на сакавітую кукурузу. Маецца 22 падкормачныя пляцоўкі, 140 саланцоў. Вось чаму і водзяцца тут дзікія свінні, казулі і ласі.

Па стану на сярэдзіну лістапада бягучага года было атрымана 468 мільёнаў рублёў даходаў, у тым ліку ад эксплуатацыі дома паляўнічага — 183 мільёны, ад замежнага турызму — 278 мільёнаў рублёў. Было прынята 11 груп паляўнічых з-за мяжы: з Італіі, Германіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Расіі. Даходы на 1 тысячу паляўнічых угоддзяў склалі 8,6 мільёна рублёў.

Для самога Міхаіла Ляўковіча, які за сваю паляўнічую практыку здабыў асабіста 7 ваўкоў і звыш 100 лісіц, паход у лес са стрэльбай — гэта ў першую чаргу чаканая сустрэча з прыродай, з лесам у любую пару года, пад шум і задумлівую цішыню якога ён з асалодай адпачывае, набірае новую энергію, якую затым укладвае ў сваю далейшую работу.

У 2010 годзе ў Міхаіла Уладзіміравіча і Таццяны Мікалаеўны ў Жыткавічах нарадзіўся другі сын Мікіта, і гэта яны лічаць добрым знакам: значыць, грунтоўна пусцілі карані ў тутэйшую глебу. Зараз ужо разам, усёй сям’ёй часта выязджаюць на рыбалку.

У сваёй рабоце дырэктар Жыткавіцкга лясгаса Міхаіл Ляўковіч, які нядаўна закончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, у дачыненні да сваіх падначаленых прытрымліваецца наступных прынцыпаў: быць справядлівым, ніколі не патрабаваць ад іншых таго, што не выконваеш сам. Яго характарызуюць такія рысы як сціпласць, працалюбства, строгасць, жаданне дапамагчы чалавеку, які мае ў гэтым патрэбу. Цяжка пабачыць і пачуць, каб ён павысіў на некага голас… А вось на рабоце кіраўнік днём і ноччу: правярае дзялянкі, сочыць за вывазкай драўніны, змагаецца з браканьерамі, з самавольнымі высечкамі лесу. Бо хто ў ім гаспадар? Работнік дзяржаўнай лясной аховы. І болей ніхто…

У Жыткавіцкім лясгасе часта праходзяць розныя семінары, сюды прыязджаюць за вопытам як з усёй Гомельшчыны, так і па-за яе межамі. Гэта, як лічыць Міхаіл Ляўковіч, заслуга ўсяго калектыва лесаводаў. Энергічны, разваротлівы і дальнабачны капітан упэўнена вядзе свой лясны “карабель” наперад, да новых вяршынь і перамог.

Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.