Добрым людзям рады будзем
Пра гасціннасць беларусаў шмат шчырых і пахвальных слоў сказана ў вуснай народнай, паэтычнай і песеннай творчасці. Вось і бягучы год у нашай краіне прысвечаны менавіта гэтай якасці жыхароў нашага краю. Сапраўды, умеем мы прымаць гасцей. За апошнія гады гэтая якасць для немалой колькасці грамадзян краіны стала вызначальнай для сферы іх дзейнасці: занятку аграэкатурызмам. Прычым, за параўнальна кароткі тэрмін гэтая справа значна пашырылася на тэрыторыі нашай краіны. Трывалыя карані яна пусціла і на Жыткаўшчыне.
За час сваёй працы ўдалося наведаць мноства аграсядзіб на тэрыторыі нашага раёна і пазнаёміцца з іх гаспадарамі. Прыветлівыя і цікавыя людзі, якія з адкрытым сэрцам заўсёды рады новаму госцю. А іх, як сведчыць статыстыка, наведалася ў мінулым годзе на аграсядзібы нямала.
— Сямнаццаць аб’ектаў аграэкатурызму Жыткаўшчыны летась прынялі 764 турыстаў, — расказвае галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорта і турызму райвыканкама Анжэла Міронава. — Аказана гасцям разнастайных паслуг амаль на чатырыста мільёнаў рублёў, што на сто мільёнаў болей чым у папярэднім годзе. Гэта прамое сведчанне, што з кожным годам якасць агратурыстычнага бізнесу ў нас паляпшаецца, хаця яшчэ і праблем дастаткова. Менавіта сёлета над іх вырашэннем, каб выйсці на новы ўзровень, і намераны працаваць гаспадары аграсядзіб, бо канкурэнцыя ў гэтай сферы дзейнасці пастаянна нарастае.
Сведчыць аб гэтым і патэнцыял агратурыстычнага бізнесу і ў нашым раёне. Напрыклад, ужо цяпер зарэгістравана 27 аб’ектаў агратурызму. Аб чым гэта гаворыць? Толькі аб адным, калі да ліку дзеючых далучацца і тыя, што яшчэ толькі рыхтуюцца прыняць сваіх першых гасцей, магчымасці агратурыстычнай сферы вырастуць амаль на трэць. І тут за кліента патрэбна будзе не на жарт пазмагацца. І пойдзе ён да тых гаспадароў, хто больш гасцінны, хто лепей і смачней накорміць, прапануе нейкія іншыя паслугі для правядзення вольнага часу і адпачынку.
Мяркуючы ж па сённяшняй геаграфіі адпачываючых на нашых аграсядзібах людзей, камфорт яны цэняць надзвычай высока. Італьянцы, палякі, англічане, беларусы, расіяне, бельгійцы, літоўцы, галандцы, латышы, венгры, украінцы — гэта ўсе тыя, хто адпачываў летась на аграсядзібах Жыткавіцкага краю. Прыцягваюць іх нашы прыгожыя і маляўнічыя краявіды, дрымучыя лясы ды багатыя рыбай рэкі і азёры, а таксама лугі, якія проста звіняць ад птушынага спеву. Менавіта гэтае багацце роднай зямлі і скарыстоўваюць гаспадары аграсядзіб, дэманструючы іх сваім гасцям.
А яшчэ прыцягальным для турыстаў з’яўляецца святасць старажытнай Тураўскай зямлі. Яе багатая шматвекавая гісторыя. Ужо не адзін год увесь гэты скарб нашай зямлі паспяхова скарыстоўваюць у сваёй дзейнасці гаспадары такіх аграсядзіб як “Тураўскія легенды”, “Тураўскія краявіды”, “Закінуты рай” і іншых. Сваю нішу знайшлі і гаспадары аграсядзіб “Ліцьвіны” і “Крэмнае”. Дарэчы, апошнія два аб’екты сельскага турызму ўзніклі параўнальна нядаўна, але заявілі ўжо даволі смела пра сябе неардынарнымі і адметнымі падыходамі ў арганізацыі адпачынку гасцей. Увогуле ў пошуку новых формаў прыёму гасцей знаходзяцца ўсе гаспадары аб’ектаў сельскага турызму. З гэтай мэтай яны значна паляпшаюць умовы пражывання для турыстаў, звяртаюцца да народных мясцовых абрадаў, якія дэманструюць сваім наведвальнікам, актыўна займаюцца рэкламнай дзейнасцю. Адным словам, робяць усё, каб далей развіваць справу сельскага турызму. Як кажуць, добрым людзям у нашым краі заўсёды рады і сустрэнуць з належнай гасціннасцю і цеплынёй. Менавіта для гэтага і працуюць гаспадары аграсядзіб Жыткаўшчыны.
Сяргей БЕЛКА.