На высокім прафесійным узроўні
З 1991 года працуе ў галіне паштовай сувязі раёна Лідзія Лаўніковіч. За час сваёй працы жанчына заслужыла аўтарытэт як у сваіх кліентаў, так і ў кіраўніцтва і калег РУПСа.
Лідзія Васільеўна паштальён трэцяга класа. Яна абслугоўвае вёску Юркевічы. Штодня на сваім верным двухкалёсным сябры, веласіпедзе, яна калясіць па вясковых вуліцах, развозіць жыхарам перыядычныя выданні, тавары паўсядзённага попыту.
— Нават не ведаю, як бы абыходзілася без веласіпеда ў сваёй дзейнасці, — расказвае Лідзія Васільеўна. — Цяпер людзі менш выпісваць газет і часопісаў сталі, але ад гэтага сумка паштальёна не стала лягчэй. Наадварот, яшчэ адну патрэбна браць з сабою для тавараў. Вяскоўцы цяпер у пераважнай большасці пажылыя, таму заказаў ад іх паступае шмат.
І гэта так. План па рэалізацыі тавараў юркевіцкі паштальён штомесячна перавыконвае ў два і болей разоў. Аказвае Лаўніковіч і іншыя паслугі: разносіць пенсіі, бярэ аплату за сувязь, электраэнергію, афармляе падпіску на перыёдыку, рэалізуе латарэйныя білеты. А гэтыя абавязкі патрабуюць ад паштовага работніка засяроджанасці, добрага ведання тарыфаў і кошту. Усё ж справу з грашыма маеш. Лідзія Васільеўна імкнецца, каб на яе працу не паступала скаргаў ад насельніцтва, таму абслугоўвае людзей на дастаткова высокім прафесійным узроўні. Яна задаволена сваёй працай, таму адносіцца да яе, як кажуць, з душой. А гэта ўжо вельмі важная ўмова для поспеху ў любой дзейнасці.