Забурліла спартыўнае жыццё
У працоўным калектыве Жыткавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм сталася гэта не вельмі даўно, пасля аднаго з карпаратыўных мерапрыемстваў. Хаця ва ўсіх яго ўдзельнікаў і панаваў урачысты настрой, але падчас гутаркі абмеркавалі і такое, як аказалася пазней, наспелае для ўмацавання станоўчага мікраклімату пытанне. Адразу ж знайшоўся чалавек, інжынер па тэхніцы бяспекі Юрый Ахрамовіч, які шчыра ўзяўся за новую справу, і яна адразу зрушылася з месца.
Найперш кіраўніцтва арганізацыі набыло спартыўны інвентар, форму. Толькі летась на гэтыя мэты было патрачана сорак мільёнаў рублёў. Дамовіліся і аб арэндзе спартыўных залаў для трэніровак. На аснове спонсарскай дапамогі іх меліяратарам прадастаўляюць навучальныя ўстановы горада. Але самае галоўнае, як адзначыў Юрый Аляксандравіч, у спартыўным жыцці арганізацыі сталі браць удзел усё больш работнікаў.
— Цяпер мы маем каманды па ўсіх відах спорту, па якіх праводзіцца раённая круглагадовая спартакіяда калектываў фізічнай культуры, — расказвае Юрый Ахрамовіч. — У спартзалы, трэнажорны зал прыходзіць больш трыццаці нашых работнікаў. Напрыклад, зараз мы актыўна трэніруемся па міні-футболу. Заняткі праходзяць тры разы на тыдзень. Такая інтэнсіўнасць трэніровак станоўча адбіваецца і на выступленні каманды ў раённых спаборніцтвах. Па выніках мінулага года спартсмены ПМС у раённай спартакіядзе КФК сталі лепшымі. Такія перамогі акрыляюць і натхняюць на новыя поспехі, а таксама з’яўляюцца вызначальным фактарам, каб займаліся спортам іншыя. Трэба сказаць, што выступленні спартсменаў-меліяратараў кіраўніцтва прадпрыемства стымулюе матэрыяльна.
Толькі так было не заўсёды. Асабліва напачатку, калі спорт толькі прапісаўся ў калектыве жыткавіцкіх меліяратараў. Але вырашальную ролю тут адыграла кіраўніцтва прадпрыемства і галоўныя спецыялісты. У прыватнасці, сам дырэктар Віктар Палуянаў быў у ліку першых, хто пачаў наведвацца на трэніроўкі. З задавальненнем ён выступае за сваю валейбольную каманду на розных спаборніцтвах. У ліку шчырых прыхільнікаў спорту і галоўны інжынер Сяргей Ярмоліч, які таксама захапляецца гульнявымі відамі. Сярод актыўных спартсменаў прадпрыемства меліярацыйных сістэм і зваршчык Сяргей Купрацэвіч, рабочы Яўген Шырай, інспектар аддзела кадраў Аксана Журовіч, дыспетчар Ганна Пікуза і многія іншыя. Знаходзяць падтрымку спартсмены і ў старшыні прафкама Мікалая Цітова. Менавіта прафсаюзная пярвічка аплочвае заняткі меліяратараў у трэнажорным зале. Заўсёды знойдзе фінансы на развіццё спартыўнага жыцця калектыва і галоўны бухгалтар Майя Сурма. З такой падтрымкай поспех прыйдзе абавязкова.
— Заняткі фізічнай культурай дапамагаюць мацней знітаваць наш калектыў, што станоўча адбіваецца і на вытворчасці, — гаворыць дырэктар прадпрыемства Віктар Палуянаў. — Таму гэтая справа будзе развівацца, бо толькі здароваму чалавеку па сілах вырашаць тыя задачы, якія стаяць перад меліяратарамі.
Аптымізм свайго кіраўніка спартсмены- меліяратары ў будучым спадзяюцца падтрымаць новымі перамогамі. І не толькі ў раёне, але і за яго межамі, прычым не толькі ў спартыўных залах, але і на вытворчасці.