Рамонтнікі КСУП “Чырвоны Бор” справу ведаюць
Падрыхтоўка тэхнікі да будучых сельскагаспадарчых кампаній з’яўляецца адной з галоўных задач для працаўнікоў вёскі ў гэтыя зімовыя дні. У КСУПе “Чырвоны Бор” гэта добра разумеюць, таму ў рамонтных майстэрнях на цяперашні час пастаянна і мэтанакіравана ідзе ўзнаўленне тэхнікі.
Майстэрні сельгаспрадпрыемства дазваляюць выконваць такую важную справу, не зважаючы на любыя капрызы надвор’я. Некалькі гадоў назад, калі ў гаспадарцы праходзіў абласны семінар, усе вытворчыя памяшканні машыннага двара былі капітальна адрамантаваны. Самае важнае, падчас гэтай работы паклапаціліся не толькі пра ўмовы працы ў цэхах, але і пра быт працаўнікоў, наладзілі паўсюдна ацяпленне, абсталявалі пакоі для адпачынку і абагрэву. Адным словам, выканалі ўсё так, каб структурнае падраздзяленне, якое яшчэ называюць сэрцам гаспадаркі, функцыяніравала згодна з усімі патрабаваннямі. Цяпер гэта прыносіць свой плён.
— У нас кожны механізатар стараецца рамантаваць замацаваны за ім трактар, агрэгат самастойна, — расказвае дырэктар сельгаспрадпрыемства Віктар Раковіч, — бо земляробы лічаць, што так надзейней у полі потым працаваць будзе. Хаця робім стаўку і на спецыялізаваную брыгаду, якую ствараем з найбольш вопытных і спрактыкаваных механізатараў на час рамонтнага сезону. Клопатаў жа ў майстэрнях усім хапае. Ды і аднавіць сучасныя даволі складаныя агрэгаты часта аднаму чалавеку не па сілах.
Напрыклад, зараз вядуць падрыхтоўку да работы трактарных грабляў, яшчэ аднаго культыватара. На сельгасмашыне ажыццяўляецца замена сапсаваўшыхся рабочых органаў на новыя, праводзяцца зварачныя работы. Завіхаюцца ля грабляў штодня Анатоль Макарэвіч, Уладзімір Занкевіч, Анатоль Макарэвіч і Васіль Чарняк. Па вытворчай неабходнасці ў зімовы перыяд большасць з іх перакваліфікавалася з механізатараў у слесары, каб дапамагчы сваім калегам паставіць грунтоўна на лінейку гатоўнасці грамадскія тэхнічныя сродкі. Праз працавітыя і ўмелыя рукі вышэйзгаданых рамонтнікаў прайшоў ужо і культыватар.
— Канечне, падрыхтоўку тэхнікі да палявых сельгаскампаній можна было б і паскорыць, — адзначае Віктар Раковіч, — але, на жаль, бракуе фінансаванне на закуп неабходных запчастак. Таму прыкладваем у гэтым накірунку ўсе намаганні і шукаем рэзервы, каб рамонтныя работы не спыняліся ні на адзін дзень.
Чырванаборцы стараюцца з падрыхтоўкай машын і агрэгатаў не выбівацца з раней распрацаванага графіка. Па словах дырэктара сельгаспрадпрыемства, ужо ёсць і нямала станоўчых вынікаў. Дапамагаюць чырванаборцам рамантаваць тэхніку працаўнікі ААТ «Жыткавіцкі агратэхсервіс». Супрацоўнічаць са спецыялістамі абслугоўваючай арганізацыі кіраўніцтва гаспадаркі збіраецца і надалей. Час жа не стаіць на месцы. Не паспееш азірнуцца, як паклічуць хлебаробаў веснавыя палеткі. Таму найперш і надаецца ўвага падрыхтоўцы глебаапрацоўчых агрэгатаў. З іх ужо пастаўлены на лінейку гатоўнасці не толькі культыватар, але і бароны, плугі.
Варта адзначыць, што ў “Чырвоным Бары” не забываюць і аб якасці выконваемых работ, бо допуск да работы ў полі ўзноўленыя машыны атрымаюць толькі пасля строгай праверкі спецыяльнай камісіяй, якая будзе створана са спецыялістаў розных службаў. Менавіта яна і ацэніць якасць працы рамонтнікаў. Ды і самі механізатары не зацікаўлены працаваць дрэнна, ім жа потым і эксплуатаваць адрамантаваныя машыны і агрэгаты ў полі. І дапушчаная зараз неахайнасць потым моцна ўдарыць па кішэні па прычыне прастою з-за паломкі ў разгар палявых работ. Таму ў сельгаспрадпрыемстве “Чырвоны Бор” і надаюць вялікую ўвагу тэхнічнай падрыхтаванасці да іх. А працы наперадзе ў мясцовых земляробаў вельмі і вельмі шмат.
Сяргей Белка.