Няшмат святаў прыходзіцца на долю жыхароў так званых неперспектыўных вёсак. І сярод гэтых аднастайных будняў нібы сонца ў акно хаты засвеціць, калі ў іхні населены пункт завітаюць самадзейныя артысты з Жыткавіцкага аўтаклуба

110Песні задушэўныя паспяваюць, граматных спецыялістаў для размовы з сабою прывязуць, здароўя, даўгалецця пажадаюць… Глядзіш – і разгладжваюцца зморшчынкі на тварах пажылых, знямоглых бабулек, па-маладому пабліскваюць вочы. Такія сустрэчы для жыхароў глыбінкі – нібы бальзам на душу, добры стымул для далейшага жыцця…

Так было і ў вёсцы Падвосце ў тую раніцу, калі на сустрэчу з жыткавіцкім аўтаклубам ды гуртом “Дабрачын”, нягледзячы на сырое, халоднае надвор’е, прыйшлі на аўтобусны прыпынак мясцовыя насельнікі. Тры разы на тыдзень абуджае гэтае грамадскае месца сігнал аўталаўкі. Добрая, асфальтаваная дарога звязвае вёску з райцэнтрам пры дапамозе грамадскага і прыватнага транспарту. Працуе тэлефонная і мабільная сувязь.

Пагаварылі пры жыццё-быццё, якое загартавала гэтых людзей з часоў Вялікай Айчыннай вайны. І нягледзячы на антыфашысцкія настроі вяскоўцаў напярэдадні свята Вялікай Перамогі, успомнілі бабулькі аднаго добрага нямецкага начальніка, які адмяніў каманду страляць у людзей, што сагналі з дамоў у поле. Хаты спалілі, а жыхароў Падвосця пагналі ў недалёкую вёску Калінаўку… Дзякуючы таму памілаванню, прычын якога па сённяшні дзень ніхто не можа патлумачыць, жывуць многія землякі і цяпер, радуюцца мірнаму дню ды чыстаму, светламу небу.

А пасля вайны адбудоўваліся па-новаму, рабілі на зямлі ад цямна да цямна, дзяцей паднімалі. Увесь век тут добрай падмогай былі грыбы, ягады, іншыя дарункі лесу, дзякуючы якім разжываліся, багацелі. Тыя, хто цудам выжыў на роднай зямлі ў час акупацыі, цяжкай працы не палохаліся. Жылі са сваёй натуральнай гаспадаркі.

— Паважаныя жыхары вёскі, — звярнуўся да месцічаў гарманіст, удзельнік гурта “Дабрачын” Уладзімір Ярэміч. — Паслухайце, калі ласка, песню, якуя я сам напісаў да Дня Перамогі.

І паліліся песні адна за другою. Акампаніятару ўмела, суладна дапамагалі загадчыца аўтаклуба Любоў Феакцістава і кіраўнік народнага клуба аматараў песні “Дабрачын” Наталля Вярэніч. А сярод бабулек тым часам знайшліся і свае добрыя прыпевачніцы, якія ведаюць шмат гумарыстычных куплетаў. Уладзіміру Ягоравічу засталося толькі добра падыгрываць ім. І нібы пацяплела на вуліцы ад гэтых песень і прыпевак, ад жартаў і смеху. Кола самадзейных артыстаў пашырылася. Шчыра дзякавалі вяскоўцы сваім паважаным гасцям, што дораць радасны настрой, прасілі прыязджаць часцей.

А наперадзе клуб на колах і яго гаспадароў чакала лясная вёска Ельна, якая ў час вайны падзяліла трагічны лёс Хатыні. Людзі тут сабраліся ля помніка, на якім значыцца: “Тут пахавана 112 жыхароў вёскі Ельна, зажыва спаленыя нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1943 годзе. Вечная памяць вам, аднавяскоўцы!”

Пра той страшны зімовы дзень 1943 года распавялі прысутным сведкі, што па волі лёсу засталіся жывыя, жыхары вёскі Ельна Васіль Таболіч і Кацярына Глушань.

— У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Ленінскага раёна былой Пінскай вобласці загінуў кожны трэці жыхар, — сказала ў сваім выступленні кіраўнік справамі Ленінскага сельсавета Інэса Глушань. — Самая жорсткая масавая рэпрэсія была ў мястэчку Ленін, дзе гітлераўцы расстралялі яўрэяў. Фашысты не шкадавалі ні старых, ні дзяцей, ні жанчын. Спісаў загінуўшых у тыя страшныя дні і месяцы ніхто не складаў. У лясах і вёсках кроў лілася ракою. І сёння мне хацелася б расказаць пра аднаго з нашых патрыётаў таго часу шасцідзесяцігадовага селяніна з вёскі Ельна Міхаіла Харытановіча. Ён быў нястомным правадніком партызан, удзельнікам шматлікіх баявых аперацый. Гэты чалавек цудоўна ведаў мясцовасць і больш сарака разоў правёў групы падрыўнікоў да чыгункі. Па лясных глухіх сцежках патрыёт вадзіў групы народных мсціўцаў, мінуючы варожыя кулямёты. Фашысты цераз паліцая дазналіся аб тым, што стары селянін дапамагае партызанам і паслалі ў вёску свайго агента, які па-зверску забіў патрыёта.

Далей Інэса Васільеўна паведаміла, што на сённяшні дзень на тэрыторыі сельскага Савета пражываюць 3 удзельнікі вайны і 9 вязняў. Яны адчуваюць павагу і самыя клапатлівыя да сябе адносіны з боку мясцовай улады.

Далей дзень памяці спаленай вёскі Ельна працягнула вядучая Наталля Вярэніч.

— Мы сабраліся сёння, — сказала яна, — аддаць даніну памяці загінуўшым мірным жыхарам — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Гавораць, што час — добры лекар, які прыглушае боль. Можа, гэта і сапраўды так. Толькі ўспаміны аб мінулым можна параўнаць з вогнішчам, якое раздзімае вецер часу. Даўно адгрымелі баі Вялікай Айчыннай, але ў памяці застаюцца тыя, хто загінуў на роднай зямлі.

Увесь свет ведае пра трагедыю вёскі Хатынь. Яе горкі лёс раздзялілі 628 беларускіх вёсак, 186 з якіх не здолелі паўстаць з руін і попелу, паколькі былі знішчаны разам з іх жыхарамі. Нават праз 70 гадоў пасля таго, як была пастаўлена апошняя і пераможная кропка ў яе знішчальным летапісе, тыя страшныя падзеі прымушаюць думаць, асэнсоўваць тое, што адбылося і як гэта адбывалася…

Кожнаму ўдзельніку мерапрыемства “Нам памяці звоняць званы” быў прыпаднесены хлеб памяці, хлеб, які ў горы і ў радасці галоўны ў нашым жыцці. Памяць загінуўшых жыхароў вёскі Ельна была ўшанавана хвілінай маўчання. Затым са сваёй канцэртнай праграмай выступіў ансамбль “Дабрачын”.

Жыхары вёскі Буды разам з даверанай асобай сельсавета Лідзіяй Цуба сустрэлі аўтаклуб у наваколлі свайго населенага пункта, у лясным масіве. Расказалі пра сваё вясковае жыццё, падзяліліся праблемамі. На іх пытанні адказала галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Чынельнікава. Апладысментамі суправаджаліся песні ў выкананні гурта “Дабрачын”, сатырычныя байкі ў выкананні аўтара Уладзіміра Ярэміча.

У студзені 2015 года споўнілася 8 гадоў з дня заснавння жыткавіцкага аўтаклуба, работай якога паспяхова кіруе Любоў Феакцістава. Ад вёскі да вёскі, дзе няма клубных устаноў, імчыць гэтае заўсёднае свята на колах, запальваючы ў душах людзей свечку радасці і надзеі. Да 9 мая яны яшчэ правядуць акцыю “Сваіх герояў ушаноўвае краіна”. Дык у добры шлях!

Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.