Россып медалёў і вялікі кубак — вынік выступлення жыткавіцкіх атлетаў на дваццатым Міжнародным турніры па гіравому спорту “Кубак Палесся”
Россып медалёў рознай вартасці, а таксама галоўны трафей спаборніцтваў, вялікі кубак, вынік выступлення жыткавіцкіх атлетаў на дваццатым Міжнародным турніры па гіравому спорту “Кубак Палесся” сярод юнакоў і дзяўчат. І на гэтым юбілейным саперніцтве нашы землякі пераканаўча даказалі наколькі высокі ўзровень развіцця гэтага віду спорту ў нашым рэгіёне.
Пра тое, што гэта юбілейныя спаборніцтвы, сведчыла многае. Найперш, цырымонія адкрыцця. Даўно на турніры не бачылі такой яркай і прыгожай дзеі, якая пачалася ўрачыстым выхадам каманд. Іх на спаборніцтвы прыехала сёлета не меней дзясятка: з розных гарадоў Беларусі, Расіі і Украіны. Урачыстасць і важнасць прайшоўшай у райцэнтры спартыўнай падзеі падмацоўвалася і вялікай колькасцю ганаровых гасцей. У ліку іх старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Мікалуцкі, яго намеснік Валерый Рагалевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Емяльянаў, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Уладзімір Гулюта, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў рэгіёна, а таксама вялікая колькасць знакамітых гіравікоў з розных краін-удзельніц, якія ў свой час паспяхова выступалі на турнірах самага высокага ўзроўню. Усіх іх гледачы віталі апладысментамі, але самыя гарачыя атрымалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Адам Аліфяровіч і Васіль Чарнагалоў. Што гэтыя паважаныя і ганаровыя ў нашым горадзе людзі былі запрошаны на спаборніцтвы і адзначаны падарункамі, стала не выпадковасцю. Дарэчы, арганізатарамі турніру падарункам быў ушанаваны і ветэран вайны з аграгарадка Бялёў Рыгор Макарэвіч. Усё ж дваццаты “Кубак Палесся” прысвячаўся знакавай даце ў гісторыі беларускага, рускага і ўкраінскага народаў — 70-годдзю Вялікай Перамогі, якую мы здабылі разам. І вось зноў прадстаўнікі гэтых нацый, праўда, цяпер нашчадкі герояў, аб’ядналіся ў Жыткавічах , каб у спартыўным саперніцтве паказаць, што сувязь паміж намі існуе і яна не разарвана. Менавіта на гэтым аспекце і зрабіў акцэнт старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалуцкі ў сваім прывітальным слове ўдзельнікам турніру:
— Спорт — гэта не толькі змаганне паміж спартсменамі. Ён з’яўляецца і аб’ядноўваючай сілай для розных людзей і народаў. І мне вельмі прыемна, што ў нашым раёне сустракаюцца юныя гіравікі з розных краін, тым самым аддаючы павагу заслугам і традыцыям у гэтым відзе спорту, якія дасягнуты і напрацаваны жыткаўчанамі. І цяперашняе саперніцтва яскрава пацвярджае, што моладзь імкнецца да здаровага ладу жыцця, а значыць, у нас будзе здаровая будучыня, новыя поспехі не толькі на спартыўных пляцоўках, але і ў іншых сферах дзейнасці.
Не менш шчырымі былі і вітанні гасцей. У прыватнасці, прадстаўніца Ровеншчыны, заслужаная гіравічка Аксана Маліноўска адзначыла, што ўкраінскім спартсменам вельмі імпануе беларуская гасціннасць, і на турнір “Кубак Палесся” яны прыязджаюць з вялікай радасцю. У доказ гэтага яна падаравала арганізатару турніру Леаніду Макарэвічу гасцінцы з Украіны. А вось трэнер каманды з горада Жукава Расійскай Федэрацыі Анатоль Арсюцін адзначыў не толькі высокую спартыўную састаўную “Кубка Палесся”, але і яго патрыятычную скіраванасць.
— Мне, як ураджэнцу мясцін, дзе нарадзіўся вялікі палкаводзец Георгій Жукаў, вельмі імпануе, што ў Беларусі свята захоўваюць памяць аб гераічным мінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, ладзяць у гонар тых падзей вялікія мерапрыемствы. Хочацца, каб і ў далейшым моладзь не забывалася, як мужна змагаліся нашы дзяды за свабоду сваёй краіны і была гатова да абароны радзімы, — зазначыў расійскі трэнер.
І такіх шчырых слоў удзячнасці ў адрас арганізатараў мерапрыемства і іх памочнікаў было выказана вельмі і вельмі шмат. А сапраўдных і шчырых сяброў у турніры “Кубак Палесся” маецца нямала. Гэта і дырэктары акцыянерных таварыстваў “Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод” і “Эрбен Груп” В. Кур’яновіч і В. Жуйкоў, “Тураўшчына” А. Кузменка, СШ №3 горада Жыткавічы Ганна Друк, кіраўнікі прыватных прадпрыемстваў А. Галінзоўскі, А. Макарэвіч. І таму на падарункі гасцям гаспадары не скупіліся, адпаведна і прыезджыя таксама.
Усіх прысутных у зале скарыла канцэртная праграма. Парадавалі гледачоў сваёй грацыяй і пластыкай выступленні танцораў узорнага калектыва “Калейдаскоп” гарадскога цэнтра культуры, чарлідзеры з трэцяй гарадской школы, гіравікі-жанглёры, а таксама артыст-спартсмен Альберт Скараход. Дарэчы, прыемнай нечаканасцю для ўсіх была прысутнасць на турніры і Міхаіла Рабца, які стаяў ля вытокаў развіцця гіравога спорту на Жыткаўшчыне.
І ўсё ж яркая цырымонія адкрыцця стала толькі першай прыгожай старонкай у галоўнай дзеі саперніцтва на памостах. Хлопчыкі і дзяўчынкі былі падзелены па вагавых катэгорыях на дзесяць груп. На выкананне кожнага практыкавання ім адводзілася па дзесяць хвілін. Юнакі змагаліся ў штуршку і рыўку гіры, а дзяўчаты — толькі ў рыўку. Але паказаныя вынікі некаторымі юнымі спартсменамі проста ўражвалі. Іх настойлівасць і воля да перамогі проста прыводзілі ў захапленне гледачоў, якія падтрымлівалі атлетаў апладысментамі. Усе нават усталі з месцаў, калі на памосце працавала Елізавета Пінчук. Свой шлях у гіравы спорт яна пачала ў Дзякавічах, а калі перавялася вучыцца ў гарадскую гімназію, прыйшла ў дзіцяча-юнацкую спартыўную школу “Матор”, каб працягваць заняткі любімым відам спорту. Ёй пашчасціла, што трапіла ў групу такога вопытнага трэнера як Сяргей Юзюк, які і дапамагаў дзяўчыне рыхтавацца да турніру. І справіўся з задачай выдатна.
— Сто пяцьдзясят, сто пяцьдзясят адзін, сто пяцьдзясят два… Давай яшчэ! Трымайся! Сто семдзесят!” — на гэтай лічбе спынілі лік гледачы ў зале, калі Елізавета Пінчук апусціла дванаццацікілаграмовы снарад на памост.
— Малайчына! Ёсць залаты медаль, — у адным парыве выдыхнулі першы і цяперашні трэнеры спартсменкі Павел Андрэйкавец і Сяргей Юзюк.
Або як не ўспомніць валявую перамогу Сяргея Пінчука, які ішоў да яе нават не зважаючы на боль ад сцёртых снарадам да крыві мазалёў. Ён вытрымаў і таксама прынёс у скарбонку каманды залаты медаль. Таксама ўзнагароды вышэйшай пробы нам, жыткаўчанам, прынеслі Яўген Агіевіч і Юрый Сабайда. Няпроста было ім перамагаць, сапернікі таксама дэманстравалі добрую падрыхтоўку. Адчувалася хваляванне, на яго глебе дапускаліся і тактычныя, і тэхнічныя памылкі. Але тым большай была радасць ад атрыманых перамог. Хлопчыкі і дзяўчынкі падыходзілі да вывешаных на стэндах пратаколаў, каб прааналізаваць свае вынікі і сапернікаў. Асабліва гэта было прыкметна пасля першага практыкавання ў хлопцаў. Бо падчас рыўка яны маглі значна паправіць сваё турнірнае становішча.
Вострае змаганне на пляцоўках ішло да апошняй хвіліны. Але такая атмасфера саперніцтва панавала толькі на памостах. У зале, пакуль суддзі падлічвалі балы і вызначалі пераможцаў, было ўсё па-сяброўску цёпла. Удзельнікі і трэнеры дзяліліся сваімі ўражаннямі ад выступленняў. У многіх яны былі самыя прыемныя.
— Вось прывёз трох гіравікоў, і ўсе тры заваявалі медалі, — не хаваў сваёй радасці перад Сяргеем Юзюком трэнер са Смаленска Сяргей Сяргееў.
— Мне гэты турнір таксама надоўга запомніцца, — весела гаманіў Сяргей Уладзіміравіч. — Упершыню ў спаборніцтвах такога ўзроўню прыняла ўдзел мая сямігадовая ўнучка Яўгенія. Сорак два разы падняла трохкілаграмовую гіру.
Дзядулю было чым ганарыцца. Не аднаго чэмпіёна вырасціў. Вось цяпер ужо трэцяе пакаленне ў сям’і гіравікоў падрастае. Размовы перапыніла аб’яўленне суддзі аб агульным пастраенні каманд для атрымання заслужаных узнагарод. Горда ўздымаліся пераможцы і прызёры на п’едэстал гонару, атрымлівалі з рук дырэктара спартыўнай школы Леаніда Макарэвіча і Сяргея Юзюка заслужаныя медалі, дыпломы і падарункі. Ціха, нібы часавыя на варце, застывалі, калі гучалі дзяржаўныя гімны ў гонар пераможцаў. І гэта для хлопцаў і дзяўчат было найлепшым прызнаннем іх працы ў трэнажорных залах, дзе падчас трэніровак сыходзіла па сто патоў, каб адчуць вось такую важнасць моманту. Закрываючы турнір, дырэктар ДЮСШ “Матор” Леанід Макарэвіч падзякаваў усім за выступленні і працу на мерапрыемстве, і запрасіў на “Кубак Палесся” наступнага года. Ён жа, як паабяцаў Леанід Рыгоравіч, адбудзецца абавязкова, і будзе яшчэ больш прадстаўнічым.
Сяргей БЕЛКА.