Лёс Аляксея Кавалёва вельмі цесна пераплецены з Дзяржаўным прадпрыемствам «Житковичская ПМК-66»
Тут мужчына адпрацаваў трыццаць тры гады. Прычым, рабіў і робіць гэта даволі плённа.
У Аляксея Іванавіча самая што ні на ёсць меліяратарская спецыяльнасць. Ён — машыніст экскаватара. За рычагі землярыйнай машыны сеў адразу, як толькі закончыў вучылішча і атрымаў адпаведнае пасведчанне. Свае першыя крокі на прафесійным шляху Кавалёў успамінае з вялікім задавальненнем.
— Мне, маладому спецыялісту, вельмі імпанавала, што кіраўніцтва арганізацыі адразу даверыла новы экскаватар, — успамінае Аляксей Іванавіч. — Безумоўна, што такая ўвага акрыліла, адразу хацелася даказаць працай, што ты трапіў у меліяратарскую сям’ю невыпадкова, што можаш паспяхова вырашаць пастаўленыя перад табой вытворчыя задачы.
Зразумела, што дапамагалі асвойваць складаную тэхніку, падказвалі, як лепей зрабіць тую ці іншую тэхналагічную аперацыю старэйшыя і больш вопытныя калегі. Аляксей Іванавіч старанна запамінаў іх парады, што толькі спрыяла яго прафесійнаму росту. Цяпер Кавалёў ужо і сам выступае ў ролі настаўніка. Самыя складаныя задачы здольны вырашыць.
— Меліяратарскі хлеб не з лёгкіх, — расказвае экскаватаршчык, — пастаянна працуеш на розных аб’ектах, некаторыя з іх знаходзяцца за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад асноўнай базы. Не кожнаму па сілах выседзець цэлы спякотны дзень у раскаленай сонцам кабіне экскаватара. Ды і падчас выхаду тэхнікі са строю даводзіцца ў асноўным разлічваць на ўласнае майстэрства і свае ўменні. Тут без старання і дысцыплінаванасці, трывалых тэарэтычных ведаў не абысціся.
Гэтага Кавалёву не займаць. За гады працы ў ПМК-66 ён сябе зарэкамендаваў у калектыве толькі са станоўчага боку. Ведаюць яго калегі не толькі як добрага спецыяліста, але і надзейнага сябра, які гатовы ў любую хвіліну падставіць плячо падтрымкі.
Нарадзіўся Аляксей Іванавіч ў Чачэрскім раёне. На Жыткаўшчыну пераехаў за сваёй жонкай. Яна родам з Верасніцы. У нашым рэгіёне Кавалёвы і абаснаваліся на сталае жыццё. Ён ніколькі не шкадуе, што так адбылося ў яго лёсе, што наш палескі край стаў для яго не толькі другой радзімай, але яшчэ і краем працоўнай годнасці і славы. А зроблены прафесійны выбар у маладосці так і застаўся ў Кавалёва адзіным на ўсё жыццё.
Сяргей Белка.