Самае вялікае ў Гомельскай вобласці ў Жыткавіцкім раёне возера Чырвонае (яго раней называлі Князь-возера) здаўна лічылася сапраўднай воднай жамчужынай беларускага Палесся

ЧервоноеНашы продкі лавілі тут рыбу, глядзелі на водную роўнядзь і ўявіць сабе не маглі, што ў практычным плане на дне гэтага агромністага вадаёма “залягаюць” мільёны долараў.

Гэта сапрапелі – шматвяковыя донныя адклады прэснаводных вадаёмаў, якія сфарміраваліся з адмерлай воднай расліннасці, рэштак жывых арганізмаў, планктону, глебавага перагною, што змяшчае вялікую колькасць арганічных рэчываў. Гэты каштоўнейшы глей з вялікім поспехам прымяняюць у сельскай гаспадарцы, медыцыне, нафтаздабычы і г.д. Запасы сапрапеляў тут складаюць амаль 70 мільёнаў кубічных метраў. Гэта ледзь не 80 працэнтаў ад усіх запасаў каштоўнага прыроднага прадукту Гомельшчыны.

Варта адзначыць, што сапрапелі складаюць ад 3 да 6 метраў у возеры, якое мае глыбіню толькі 1 метр, а то і менш. Даводзіцца канстатаваць, што берагі возера ўсё больш зарастаюць, а дно папаўняецца каштоўным сапрапелем. Вучоныя лічаць, што калі прыпыніць здабычу сапрапеляў, то Чырвонае ў рэшце рэшт стане балотам, і жамчужына Палесся можа ўвогуле загінуць. Тымі ж чарапашынымі тэмпамі, якімі працаваў старэнькі 40-гадовы земснарад, можна было выпампоўваць глей яшчэ 200 гадоў. Ён састарэў маральна і фізічна, спажываў шмат электраэнергіі, таму высокім быў сабекошт прадукцыі.

І вось возера Чырвонае пачало жыць новым жыццём: першыя тоны карысных выкапняў намыў новы земснарад, размешчаны непадалёку ад свайго “старшага брата”, што ўяўляе сабой вялізную баржу з кучы іржавага металалому. Машыну для здабычы сапрапеляў набыло адно з самых эканамічна моцных прадпрыемстваў нашага раёна – адкрытае акцыянернае таварыства “Жыткавічыхімсервіс”, якое ўвесь час і займаецца гэтай справай.

Перад брыгадай па намыву стаіць задача пампаваць са дна возера глей у так званы чэк – спецыяльна абвалаваны ўчастак сярэдняю плошчаю 3-4 гектары. Такіх тут каля 50. Затым пульпа-сумесь вады і сапрапеляў адстойваецца, на што ідзе цэлы год, а на паверхні чэка застаецца самае каштоўнае рэчыва. Верхні слой лушчаць і атрымліваюцца шчыльныя камякі чорна-бурага колеру. Іх збіраюць, здрабняюць і прасейваюць праз сіта, каб ачысціць ад смецця. Вось сапрапелі і гатовыя да ўпакоўкі.

А ўсё пачынаецца з работы новенькага земснарада, які важыць у дзесяць разоў меней старога – 13 тон. Ён намывае 300 тон пульпы ў гадзіну. Па аб’ёму гэта прыкладна столькі, колькі і на старым, але ж утрыманне намываемых сапрапеляў у пульпе не 3, а 30 працэнтаў. Робіцца таннейшай здабыча і энергаэфектыўнасць земснарада, які ў гадзіну траціць усяго 90 кілават замест ранейшых 800.

Што і казаць, новы агрэгат абышоўся “Жыткавічыхімсервісу” ў немалую суму – 4,8 мільярда рублёў. Прычым пэўную частку грошай адзычыла рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Беларуснафта”, куды жыткавіцкія хімікі ўжо шмат гадоў пастаўляюць сапрапелі для прыгатавання буравых раствораў. Дырэктар акцыянернага таварыства Віктар Атліванаў вельмі задаволены такой мадэрнізацыяй вытворчага ўчастка на возеры Чырвоным. І гэта ўпаўне зразумела: для арганізацыі, якая прадае сапрапелі нафтавай і сельскагаспадарчай галінам, вырабляе дзевяць відаў глебавых грунтоў на аснове азёрных адкладанняў, бязбедна існаваць без уласнай сыравіны немагчыма.

Якія ж плюсы гэтай мадэрнізацыі? Эканамічнасць і нізкая энергазатратнасць гэтай устаноўкі зніжаюць сабекошт прадукцыі, да таго ж паляпшаецца якасць рэчыва, што робіць яго больш канкурэнтаздольным на міжнародным рынку ўгнаенняў. Зараз большасць сумясей і ўгнаенняў на аснове сапрапеляў рэалізуецца ў нашай краіне. Як лічаць на прадпрыемстве, новая якасць дазволіць нарошчваць экспарт на рынкі Расіі, а таксама Кітая і Чэхіі. Да таго ж інтарэс выклікаюць да сапрапеляў і краіны Персідскага заліва, дзе надзвычай актуальная праблема ўвядзення ў абарот пясчаных і саланчаковых зямель. Попыт на сапрапелі ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, напрыклад, ацэньваецца ў 12 мільёнаў тон у год. Зацікаўлены ў іх прымяненні японцы і еўрапейцы, дзе ў пашане земляробства. А сапрапелі якраз і з’яўляюцца натуральнымі стымулятарамі росту, экалагічна чыстымі і бяспечнымі, якія даюць цудоўны ўраджай.

Згодна з наяўнымі рэсурсамі сапрапеляў на Чырвоным іх хопіць на 300 – 400 гадоў. Прычым кожны год таўшчыня глею павялічваецца ад 0,5 да 5 міліметраў, прыбаўляючы прыкладна 8 тысяч тон. Гэты аднаўляемы рэсурс – характэрная прыродная асаблівасць возера. А тое, што вадаём хутка зарастае – гэта ў першую чаргу вынік праведзенай тут меліярацыі, калі  зніклі забалочаныя ўчасткі і малыя рэкі, якія былі звязаны з Чырвоным і падтрымлівалі  аптымальны водны баланс. Як ні дзіўна, але накіраваны на прыбытак праект можа паспяхова  вырашыць і гэтую вострую экалагічную праблему. Справа ў тым, што пры здабычы сапрапеляў са дна возера якраз і выбіраецца тая арганічная “падушка”, на якой размнажаюцца водарасці. Апошняя акалічнасць і зацікавіла распрацоўшчыкаў праграмы ЕС “Садзеянне пераходу Беларусі да зялёнай эканомікі”.

А тым часам на возеры Чырвоным выпрабоўваюць новую тэхналогію, у зададзеным рытме працуе магутны земснарад. Пульпу закачваюць не толькі ў чэкі, але і ў геатубы – спецыяльныя мяхі з высокатрывалага тэкстылю. Асаблівасць іх у тым, што яны прапускаюць ваду і ўтрымліваюць унутры цвёрдыя крупінкі. Тут сапрапелі будуць сохнуць хутчэй – за паўтара-два месяцы. Да таго ж і якасць іх будзе вышэй, што вельмі важна для буравых раствораў, кармавых дабавак і медыцынскіх мэт.

Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.