У вяскоўцаў Жыткаўшчыны ў гэтыя дні клопат адзіны – як мага хутчэй і якасней назапасіць корм для грамадскага пагалоўя на стойлавы перыяд
Ім і жывуць цяпер усе, хто заняты на касьбе траў. Кожны стараецца ўнесці свой уклад у забеспячэнне сытнай зімоўкі жывёлы. Як і ўсе сельскагаспадарчыя кампаніі, сёлетняя корманарыхтоўка ў ААТ “Прыазёрскае-Агра” праходзіць без аўралу. У гэтым пераканаліся падчас візіту ў гэтую гаспадарку першы намеснік старшыні райвыканкама Мікалай П’яўко, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Цімашчэня і каррэспандзент газеты “Новае Палессе”.
Тэхніка да яе была падрыхтавана загадзя, траншэі таксама. Якасці кармоў у гаспадарцы надаецца самая пільная ўвага. Дакладна выконваюцца патрабаванні па даўжыні рэзкі травяной масы, яе вільготнасці, трамбаванні і, вядома ж, тэмпературы ў траншэі. Кантралююць працэс нарыхтоўкі і закладкі адказныя спецыялісты, вядзецца ўся неабходная дакументацыя. Дарэчы, траншэі ачышчаны ад рэшткаў кармоў, пабелены, пад’езды высланы саломай.
Значную стаўку сёлета ў ААТ “Прыазёрскае-Агра” будуць рабіць на закладку сенажу ў палімерную плёнку, у якой якасць корму намнога вышэйшая. Таксама паспелі ўжо крыху назапасіць сена, скруціць яго ў рулоны.
Працоўны дзень у асноўным доўжыцца з сямі гадзін раніцы да сямі вечара, для механізатараў арганізавана гарачае харчаванне.
– Нармальны, стабільны рэжым работы. Ніякага аўралу. Прымушаць працаваць нікога не трэба. Усе разу-меюць: што зробім, тое і будзем мець, – гаворыць кіраўнік сельгаспрадпрыемства Сяргей Макарэвіч.
Гэтымі гарачымі днямі ў рабочым кабінеце кіраўнік гаспадаркі праводзіць мала часу.
Мы сустрэлі яго і старшыню назіральнага савета ААТ Аляксандра Ільясава на сенажацях гаспадаркі.
Па плане гаспадарцы неабходна нарыхтаваць сёлета 7000 тон сенажу, 1500 тон сена, 27600 тон сіласнай масы.
Па стану на 23 чэрвеня заданне па касавіцы траў першым укосам выканана на 100 працэнтаў. Што датычыцца сенажу, то яго нарыхтавана 100 працэнтаў.
Каб захаваць яго якасць, на кожную траншэю ў 1000 — 1300 тон адводзілі два-тры дні. У некаторыя з дзён закладвалі і па 1000 тон сянажнай масы. Цяпер да пачатку другога ўкосу нарыхтоўку сенажу спынілі і пераключыліся на сена.
— Я лічу, што важна вырасціць травы, якія б па сваіх пажыўных якасцях адпавядалі тэхналагічным патрабаванням, але не менш важна не спазніцца з іх уборкай, не парушыць тэхналогію пры закладцы сенажу, — сцвярджае старшыня назіральнага савета Аляксандр Ільясаў. — Мы сур’ёзна працуем у гэтым накірунку. Таму і атрымалі зялёную масу выдатнай якасці.
Увесь светлавы дзень корманарыхтоўшчыкі з ААТ “Прыазёрскае-Агра” забяспечваюць бесперабойную работу зялёнага канвеера. Касавіца ідзе па ўсёй гаспадарцы – на ўсіх вытворчых участках.
На гэты час нарыхтавана больш за 6 цэнтнераў кармавых адзінак травяністых кармоў на адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы.
— Корманарыхтоўка — важнае звяно ў кругавароце сельгасработ. Ад таго, наколькі якасна будзе арганізавана яе правядзенне, у значнай ступені залежыць становішча ў жывёлагадоўлі на працягу не толькі зімовага стойлавага перыяду, але і ўсяго года, — гаворыць пад час візіту на гэтае прадпрыемства кіраўнік райсельгасхарчу райвыканкама Мікалай П’яўко. — Для таго, каб выканаць пастаўленыя задачы па корманарыхтоўцы, раён мае пэўны арсенал тэхнікі.
У сваю чаргу старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Цімашчэня адзначыў, што да корманарыхтоўчай кампаніі пачалі рыхтавацца загадзя. Паставілі задачы па разгортванні працоўнага спаборніцтва за дасягненне найвышэйшай прадукцыйнасці працы ў ходзе нарыхтоўкі кармоў. Прафсаюзным камітэтам сельгаспрад-прыемстваў дадзена заданне перад пачаткам кормаўборачных работ правесці ў працоўных калектывах сходы, растлумачыць і давесці да кожнага працаўніка пытанні аплаты працы, звярнуць асаблівую ўвагу на стан працоўнай дысцыпліны, неабходнасць выканання рэжыму эканоміі пры належнай якасці работ. Як заўсёды, прыярытэтнай будзе заставацца ахова працы, выкананне тэхнікі бяспекі.
І гэты візіт у ААТ “Прыазёрскае-Агра” быў не выпадковы. За захаванне тэхналагічнай дысціпліны, правядзенне корманарыхтоўчай кампаніі без парушэнняў кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства выйшла з хадайніцтвам да старшыні райкама прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу, каб адзначыць сваіх працаўнікоў за плённую працу.
Механізатарам гэтага таварыству Аляксандру Макарэвічу і Вадзіму Макарэвічу, якія задзейнічаны на нарыхтоўцы сена, былі ўручаны памятныя прызы і падзячныя пісьмы.
Нарыхтоўка травяных кармоў у ААТ “Прыазёрскае-Агра” працягваецца. І калі не перашкодзіць надвор’е, тэмпы яе будуць толькі павялічвацца. А гэта значыць, што жывёла ў гаспадарцы будзе мець багаты і разнастайны рацыён.
Аляксандр КІЦУРА.