У адзін з нядаўніх выхадных дзён населены пункт Грэбень, што на Жыткаўшчыне, упершыню за сваю доўгую гісторыю існавання адзначыў свята вёскі
А для тых, хто нарадзіўся і вырас тут, хіба ж можна забыць гэты дарагі сэрцу куточак, што адорваў цябе цеплынёю і радасцю, дзе спачывае прах тваіх продкаў. І як птушкі ў родныя гнёзды прылятаюць з выраю кожную вясну, так і на дзень вёскі, дачуўшыся, прыехалі землякі як з Беларусі, так і з суседняй Расіі.
Свята клапатліва рыхтавала загадчыца клуба вёскі Грэбень Любоў Варановіч разам са сваімі памагатымі. Вуліца была ўпрыгожана рознакаляровымі сцягамі, падрыхтавана выстава майстроў народнай творчасці “Прыгажосць маёй душы”. Гучала бадзёрая, жыццярадасная музыка. Жанчына, якая ўвасабляла вёску ў кляновым вянку, шчыра вітала ўсіх землякоў і гасцей. І многім цікава было даведацца з яе вуснаў, які ж шлях прайшоў гэты населены пункт, што некалі ўзнік у глыбінцы Палесся.
Упершыню вёска ўпамінаецца ў 1879 годзе як сяленне Жыткавіцкага царкоўнага прыходу. А чаму менавіта Грэбень? Бо на гэтым месцы была грэбля, своеасаблівы грэбень зямлі, які не заліваўся вадою ў час паводкі. А свой пачатак Грэбень узяў ад вёскі Кольна. Справа ў тым, што калі разлівалася Прыпяць і яе прытокі, то ўсе ворыўныя землі заліваліся вадой, а гэта на доўгі час затрымлівала веснавыя сельскагаспадарчыя работы. Таму пан Левандоўскі сабраў у Кольна 15 сямей і адправіў іх на гэты самы “грэбень” зямлі. Яны і сталі родапачынальнікамі новага населенага пункта.
У 1917 годзе ў вёсцы ўжо працавала школа, а ў 1930 годзе яе жыхары аб’ядналіся ў калгас “Камінтэрн”, старшынёй якога стаў Павел Адамавіч Ханеня. Адсюль выйшлі паважаныя людзі самых розных прафесій, пасад, званняў: намеснік міністра, кандыдат тэхнічных навук, эканамісты, інжынеры, бухгалтары, дзяржаўныя служачыя і г.д.
Са святам усіх павіншавала былая загадчыца Грэбеньскай бібліятэкі Надзея Рубіс. Прысутныя пачаставаліся хлебам ад агульнага караваю. А вядучая ў вобразе вёскі з кляновым вянком на галаве вяла свой экскурс у мінулае далей.
Шмат гора прынесла вяскоўцам вайна, з якой не вярнуліся 53 чалавекі. Але вёска выстаяла, не раз даючы прытулак народным мсціўцам, якія змагаліся за тое, каб жыць у незалежнай краіне. На жаль, на сённяшні дзень у жывых не засталося ніводнага ветэрана вайны. Жыве толькі вязень Валянціна Паўлаўна Кот, якую ў гэты дзень ушаноўвалі.
Адгрымела вайна. Патрэбна было адраджаць народную гаспадарку. І вёска адраджалася, будаваліся дамы, нараджаліся дзеці. Шмат цудоўных людзей працавала і працуе тут – дбайных, гаспадарлівых, з добрай душой і гарачым сэрцам. А самыя старэйшыя з іх – Надея Піліпаўна Ахрамовіч і Матрона Савельеўна Рагавіцкая, якія перасягнулі ўжо 90-гадовы рубеж. Ім былі ўручаны падарункі.
Якую хату можна ўявіць без падворка, а падворак без дзяцей? Без іх звонкага смеху… Дзеці – гэта кветкі жыцця, і калі ў сям’і нараджаецца дзіця – гэта вялікая радасць. А калі іх больш, то і радасць памнажаецца, і адказнасць за іх выхаванне, каб выраслі добрымі, сумленнымі людзьмі. Словы падзякі, пажаданні радасці, моцнага здароўя, любові прымалі сем’і Соф’і Хільман, Зінаіды Гулюта, Марыі Гулюта, Вольгі Хільман, Марыны Варановіч. Віншавалі таксама сям’ю Юрыя і Галіны Смірновых, у якіх нарадзілася дачушка. Бацькі былі запрошаны на сцэну і адказалі на пытанні вядучай.
На многіх падворках вёскі Грэбень пануюць парадак і чысціня, вока лашчаць кветнікі, бо кожны дбайны гаспадар увесь час клапоціцца пра хараство сваёй прысядзібнай тэрыторыі. І ўсё ж такой чысціні і прыгажосці як у Наталлі і Уладзіміра Матарасаў больш не знойдзеш ні ў каго. А свой двор Аляксандр Ханеня дзякуючы залатым рукам ператварыў у сапраўдны музей пад адкрытым небам. Яны і былі ўганараваны на свяце вёскі. Віншаванні атрымалі таксама Соф’я Іванаўна і Аляксандр Фядосавіч Хільманы, Марыя Раманаўна і Мікалай Апанасавіч Цішкоўскія, якія больш 50 гадоў ідуць па жыцці разам. З падзякай былі названы прозвішчы грабянёўцаў, якія шчыравалі на самых розных участках сельгасвытворчасці.
Палеская зямля заўсёды славілася сваімі майстрамі. Раней, калі зайдзеш у хату, то адразу кідаліся ў вочы саматканыя посцілкі, вышытыя рушнікі. У Грэбені такімі майстрамі на сённяшні дзень застаюцца Зінаіда Уладзіміраўна Гулюта, Анастасія Якаўлеўна Шчакатовіч, Сцепаніда Апанасаўна Хільман. Іх прозвішчы таксама не былі забыты падчас гэтай цёплай, сардэчнай сустрэчы.
Святочны настрой усім адпачываючым стваралі ўвесь час гурт “Вечарніца” і народны ансамбль “Весялуха” Бялёўскага сельскага клуба. А спонсарскай дапамогай гэта мерапрыемства забяспечылі Галіна Іванаўна Шчакатовіч і Вера Аляксандраўна Хільман. Дарэчы, Васіль Анатольевіч Хільман, таксама нямала зрабіў у справе афармлення.
— Проста цудоўнае свята, здаецца, душа ўвесь час спявала, — сказала пасля сустрэчы ўраджэнка Грэбеня Любоў Іванаўна Сабадаш. – Такія мерапрыемствы і надалей патрэбны як нам, так і нашай любай вёсачкі. Вось у такім душэўным яднанні, у такой сардэчнай повязі і ёсць наша сіла. І ў першую чаргу сіла руху.
Сяргей ВІЛЬЧЫК.