Лясам бяспеку імкнуцца стварыць супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, аддзела ўнутраных спраў, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, ДЛГУ “Жыткавіцкі лясгас” у гэтыя спякотныя дні
З гэтай мэтай спецыялістамі арганізацый і ўстаноў праводзяцца сумесныя рэйды, падчас якіх выяўляюць асоб, што парушаюць уведзеную забарону на наведванне лясоў.
На жаль, як сведчаць вынікі мерапрыемстваў, законапаслухмянасць нашых грамадзян кульгае на абедзве нагі. Толькі за апошнія выхадныя прадстаўнікамі службаў выяўлена дваццаць сем выпадкаў незаконнага знаходжання ў лесе людзей. На парушальнікаў складзены адміністрацыйныя пратаколы. Як адзначылі ўдзельнікі прафілактычных мерапрыемстваў, у сваёй большасці парушальнікі – людзі прыезджыя з іншых рэгіёнаў рэспублікі. Рэйды зацікаўленымі службамі ў лясах будуць праводзіцца да асаблівага распараджэння аб тым, што забарона на наведванне лясоў знята. Пра тое, што прысутнасць чалавека ў такую спёку ў лесе можа абярнуцца вялікай бядой, варта задумацца і людзям.